Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка праслухаў даклад аб працы банкаўскай сістэмы. Ён паразважаў пра тое, што «фінансавая дзейнасць мусіць быць падпарадкаваная інтарэсам эканомікі», і заявіў пра ўзмацненне кантролю за працаю Нацыянальнага банку. Што яму можа не падабацца ў працы Нацбанку і ці хоча ён нешта прымусова змяніць? «Белсат» спытаў эканамістку Настассю Лузгіну.
На нарадзе 28 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў, што хоча абмеркаваць менавіта праблемы, якія цяпер ёсць у крэдытна-фінансавай сферы. Ён папярэдзіў, што «эканоміка – гэта прыярытэт прыярытэтаў» і што «ўсялякая фінансавая дзейнасць павінна быць падпарадкаваная інтарэсам эканомікі, чаго б нам гэта ні каштавала». Таксама ён заявіў пра ўзмацненне кантролю за працаю Нацыянальнага банку, сказаў, што «да гэтага мы падключаем Камітэт дзяржаўнага кантролю».
Як гэтыя развагі могуць паўплываць на грашова-крэдытную палітыку Беларусі, ці будуць даражэць або таннець крэдыты, мы спыталі ў эксперткі цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настассі Лузгіной. На ейную думку, цяперашняя мяккая грашова-крэдытная палітыка з даступнымі крэдытамі, якія спрыяюць росту ВУП, цалкам задавальняе Лукашэнку, таму яна захаваецца.
Тое, што фінансавая дзейнасць мусіць быць падпарадкаваная інтарэсам эканомікі, гэта не новы пасыл Лукашэнкі, адзначае яна. На мінулых нарадах можна прасачыць такую думку: банкі маюць дапамагаць эканоміцы, даваць крэдыты, а інфляцыя мусіць пры тым трымацца на нізкім узроўні.
«Я думаю, сэнс такі, што вы павінны сваю манетарную палітыку будаваць, зыходзячы з патрэбаў эканомікі, – мяркуе Лузгіна. – Зыходзячы з таго, што ў нас там планы росту ВУП на гэты год завоблачныя, захаваць 3,8 %, трэба, каб Нацыянальны банк прынамсі не рабіў больш жорсткай грашова-крэдытную палітыкі, а калі гэта і рабіў, дык вельмі-вельмі асцярожна, каб захаваць крэдытаванне даступным».
Узмацненне кантролю за Нацбанкам, «падключэнне Камітэту дзяржкантролю» – ці не значаць гэтыя словы Лукашэнкі, што Нацбанк пазбавіцца самастойнасці?
Лузгіна нагадвае: КДК і так пастаянна правяраў Нацыянальны банк і будзе працягваць далей. Паводле законаў, КДК можа ладзіць правяранні Нацбанку, знаходзіць хібы, дакладваць пра вынікі кіраўніку дзяржавы. Але не можа наўпрост дыктаваць рашэнняў Нацбанку, уплываць на грашова-крэдытную палітыку, максімум можа рэкамендаваць Лукашэнку нешта змяніць, калі ёсць парушэнні. Нацбанк падсправаздачны не КДК, а кіраўніку дзяржавы, выкананне даручэнняў якога, згодна з Законам аб Камітэце дзяржаўнага кантролю, і правярае КДК.
«Кантроль ажыццяўляецца прэзідэнтам», – вось галоўнае, што сказаў Лукашэнка, падкрэслівае Лузгіна.
Згадванне Дзяржкантролю не было цэнтральным пасылам, упэўненая суразмоўца. Яна звязвае гэты момант з прызначэннем намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі былога старшыні кіравання «Банку развіцця» Аляксандра Ягорава. Яго, як чалавека з банкаўскай сістэмы, прызначылі ў адміністрацыю, таму ён можа на роўных як банкір размаўляць з Нацбанкам і «праманіторыць», што ён робіць, бо банкаўская сістэма для адміністрацыі Лукашэнкі была цяжкаю для разумення. А Камітэт дзяржкантролю будзе падключацца да гэтага менавіта як кантрольны орган, патлумачыла Лузгіна.
Лукашэнка папярэдзіў, што кантроль сістэмы цэнаўтварэння захаваецца. Пытанне ўзнікла таму, што Нацбанк, як і ўрад, таксама адказвае за цэны, хоць менавіта цэнаўтварэннем і не займаецца.
У краінах, дзе цэнтральныя банкі маюць высокую ступень незалежнасці, іхны прыярытэт – захаванне фінансавай стабільнасці і стабільнага ўзроўню цэнаў не адміністрацыйнымі інструментамі, як часта робяць у Беларусі, а рынкавымі.
Каб абмежаваць рост цэнаў, у Еўразвязе ці Злучаных Штатах падымаюць ключавыя стаўкі, што мусіць збіць разгон інфляцыі і астудзіць эканоміку, хай сабе запаволіўшы тэмпы росту. Беларусь, канстатуе Лузгіна, пайшла іншым спосабам: з боку ўраду ўключылі амаль татальнае рэгуляванне цэнаў. Такое ручное кіраванне эканомікай у Беларусі то слабне, то ўзмацняецца, і апошнім часам застаецца на высокім узроўні.
Як тлумачыць Лузгіна, Лукашэнка патрабуе адначасова і каб фінансавая сістэма давала эканоміцы танныя рэсурсы, і каб цэны не раслі. Але гэтыя кірункі супярэчаць адзін аднаму: нельга разганяць інфляцыю, але банкі мусяць даваць крэдыты, каб эканоміка расла. Заявы Лукашэнкі пра кантроль над цэнаўтварэннем сведчаць пра тое, што Нацбанк і далей будзе вымушаны шукаць баланс паміж стымуляваннем эканомікі і згладжваннем інфляцыі. Бо нават пры жорсткім рэгуляванні нарастанне дысбалансаў у эканоміцы можа прывесці або да некантраляванага разгону інфляцыі, або дэфіцыту.
Нагадаем, што эксперты раней ужо папярэджвалі пра рызыку перагрэву эканомікі, да чаго можа прывесці мяккая грашова-крэдытная палітыка дзеля выканання планавых паказнікаў наконт ВУП. Калі такая палітыка захаваецца, то перагрэў эканомікі можа перавысіць 5 % да канца 2024 года, «што істотна знізіць яе ўстойлівасць да шокаў, павысіць верагоднасць коштавага ўсплёску, маштабнага спаду выпуску і неабходнасці агрэсіўнага ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытных умоваў у 2025–2026 гадах», адзначалі эксперты даследчага цэнтру BEROC у сваім лютаўскім аглядзе манетарнага асяроддзя.
«Пры такім развіцці падзеяў ціск на беларускі рубель узрасце, што можа выявіцца ў яго істотным паслабленні, спалучаным з марнаваннем золатавалютных рэзерваў», – адзначалі ў BEROC.
Алесь Наваборскі belsat.eu