Прынамсі адзін з узятых у палон у Сірыі расейцаў з’яўляецца байцом так званай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэра» – арганізацыі наймітаў пад куратарствам Галоўнага ўпраўлення Генштаба РФ (былога ГРУ).
Учора тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» апублікавала відэа, на якім знятыя двое расейскіх вайскоўцаў, захопленых у палон у баях за сірыйскі горад Дэйр-эз-Зор. На відэа адзін з мужчын называе сваё імя – Раман Забалотны, 1979 года нараджэння. Ён таксама кажа, што імя чалавека побач – гэта Рыгор Цуркану, 1978 года нараджэння.
Брат Рыгора Цуркану паведаміў Business FM, што відэа з палоннымі – сапраўднае, брата ен пазнаў. Паводле яго, Рыгор Цуркану – былы дэсантнік, які неаднойчы ездзіў у Сірыю ў складзе прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэра».
Ці ваяваў у «Вагнэра» другі палонны – дакладна невядома. СМІ пакуль даведаліся толькі, што Забалотны раней ўдзельнічаў у акцыі супраць Аляксея Навальнага ў Растове.
Раней расейскае Міністэрства абароны заявіла, што людзі на відэазапісы не маюць дачынення да ўзброеных сіл Расеі.
Па афіцыйных дадзеных Мінабароны Расеі, за час аперацыі ў Сірыі загінулі каля 40 расейскіх вайскоўцаў. СМІ таксама неаднаразова паведамлялі аб гібелі ў Сірыі расейскіх наймітаў, якія ваююць у шэрагах прыватнай ваеннай кампаніяй «Вагнэр».
ПВК «Вагнэра» – гэта фактычна засакрэчанае падраздзяленне расейскай арміі, байцы якой ваявалі на Данбасе і ў Сірыі. Менавіта вагнэраўцы ўдзельнічалі ў штурме Пальміры вясной 2016 года.
Трэніровачная база ПВК «Вагнэра» знаходзіцца ў пасёлку Молькіна пад Краснадарам, а побач з ёй дыслакуецца 10-я брыгада краснадарскага спецназу ГУ Генштаба РФ. Паводле СМІ, у складзе ПВК «Вагнэра» ваююць таксама грамадзяне Беларусі.
ІІ, belsat.eu