Дарадца літоўскага прэзідэнта Кястуціс Будрыс лічыць, што неабходна знайсці рашэнне, якія дазволіць абмежаваць паток грамадзян Расеі і Беларусі, якія прыбываюць у Літву. Пра гэта паведамляе Delfi.
«Прэзідэнт кажа, што дзейнасць, якую вядуць супраць нас беларускія службы, дазваляюць нам аднолькава ацэньваць усіх грамадзян замежных краін – Расеі і Беларусі – якія перасякаюць мяжу», – заявіў дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс у эфіры радыёстанцыі Žinių radijas.
Паводле Будрыса, патокі неабходна «істотна абмежаваць і скараціць, таму што цяпер яны занадта вялікія».
«І тое, што гавораць наша выведка і контрвыведка, трэба да гэтага паставіцца сурʼёзна», – дадаў ён.
Разам з тым, дарадца прэзідэнта Літвы падкрэсліў, што пры прыняцці рашэнняў аб абмежаванні патокаў з Расеі і Беларусі неабходна выдзеліць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.
«Не чапаць пытанні, якія ніхто не ставіць пад сумнеў – беларускую апазіцыю, людзей, якія ўжо знаходзяцца тут, у якіх ужо ёсць часовы від на жыхарства ў Літве, якія ствараюць семʼі. І перастаць запалохваць іх цяжкімі наступствамі ў мэтах палітычнага маніпулявання», – падкрэсліў ён.
Заявы пра неабходнасць скарачэння патоку людзей, якія перасякаюць мяжу з Беларуссю, гучаць з боку ўладаў Літвы не ўпершыню. Камісія па нацыянальнай бяспецы (КНБ) паставіла перад адпаведнымі ведамствамі задачу выпрацаваць канкрэтныя «меры па скарачэнні транспартных і пасажырапатокаў».
Глеб Нержын belsat.eu