Нацбанк назваў вінаватых у росце цэнаў у Беларусі


У сакавіку інфляцыя ў Беларусі склала 5,6% год да года – такі ўзровень трымаецца другі месяц запар. У справаздачы Нацбанку адзначаецца, што сталі расці павольней цэны і тарыфы, што рэгулююцца, а таксама кошты на сезонную гародніну, аднак разганяецца базавая інфляцыя.

гародніна
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Нацыянальны банк у сваёй справаздачы паведаміў, што ў першым квартале разагналася базавая інфляцыя, хаця запаволіўся рост цэнаў і тарыфаў, што рэгулююцца, і коштаў на гародніну.

Як растлумачыў рэгулятар, базавая інфляцыя расце з увагі на некалькі чыннікаў:

  • паскораны рост цэнаў у Расеі;
  • падзенне беларускага рубля да расейскага;
  • высокі спажывецкі попыт у Беларусі.

У сёлетнім сакавіку ў параўнанні з леташнім на 6,2% падаражэлі харчы, на 3,5% – нехарчовыя тавары, на 7,1% – паслугі, падлічыў Белстат. Агулам інфляцыя склала 5,6% год да года.

Што датычыць асобна садавіны і гародніны, то рост цэнаў на яе запаволіўся ўдвая: у снежні летась было 18,5% год да года, а цяпер, у сакавіку, – 9,7%. Гэта абгрунтавалі развіццём беларускай цяплічнай гаспадаркі, павелічэннем аб’ёмаў гародніны ў стабілізацыйных фондах і часовым імпартам таматаў без мыта.

Нацбанк таксама адсправаздачыўся, што ў першым квартале рост валавога ўнутранага прадукту забяспечыла ўнутранае спажыванне – гэта галоўны чыннік. Высокі попыт захоўваецца дзякуючы павелічэнню рэальных заробкаў і актыўнай раздачы крэдытаў.

Акрамя таго, ВУП падтрымаў вонкавы гандаль дзякуючы экспарту, які перавысіў імпарт.

У першым квартале эканоміка вырасла на 4,1% год да года, і гэты тэмп пакуль вышэйшы, чымся планавалі ўлады. Паводле афіцыйнага прагнозу, ВУП сёлета мае павялічыцца на 3,8%, хаця незалежныя эканамісты сумняваюцца, што ўдасца дасягнуць такога паказніка.

Hавiны
ВУП Беларусі вырас на 4,1 % у першым квартале. Гэта больш за чаканні і выклікае асцярогі
2024.04.23 15:24

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў