ЗСУ стабілізуюць фронт на поўначы Харкаўскай вобласці. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 813-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты падчас трэніровак у Данецкай вобласці, Украіна. 14 мая 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскага раёну Узброеныя сілы РФ па-ранейшаму намагаюцца прабіцца да буйнога сяла Ліпцы. Цяпер лінія сутыкнення праходзіць з поўначы ад сяла па ўмоўнай лініі населеных пунктаў Глыбокае – Лук’янцы.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што пры гэтым расейцам пакуль не ўдаецца цалкам заняць Глыбокае. Таксама адзначаецца, што Збройныя сілы Украіны перакінулі свае рэзервы, і ўжо самыя праводзяць штурмавыя дзеянні, імкнучыся адкінуць праціўніка.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што УС РФ усё ж замацаваліся на паўднёвых ускрайках Глыбокага і прасунуліся далей у бок Ліпцаў на адлегласць каля 500 метраў на ўчастку шырынёй 1,2 кіламетра.

На поўначы Чугуеўскага раёнаў баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Ваўчанск.

Паводле Deepstate, на паўднёвым захадзе ад населенага пункту расейцы намагаюцца замацавацца ў сяле Бугруватка, а таксама штурмуюць суседняе сяло Старыца.

У самім Ваўчанску баявыя дзеянні ідуць у паўночнай частцы – пакуль аналітыкі пазнаюць гэтую тэрыторыю так званай шэрай зонай.

Тым часам у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі пра зрыў планаў праціўніка максімальна глыбока ўклініцца ў гарадскую абарону Ваўчанску і замацавацца.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Deepstate пішуць, што на купянскім кірунку расейцы мелі частковы поспех на паўночным захадзе ад кіслоўкі, дзе яны прасунуліся ўздоўж чыгуначнай лініі. Таксама аналітыкі фіксуюць рух расейцаў з поўначы да сяла Бераставое.

Між тым Генштаб ЗСУ сцвярджае, што сілы абароны краіны выціснулі праціўніка з участку фронту на поўначы ад Кіслоўкі. Акрамя гэтага ў ведамстве прызнаюць ціск расейцаў у бок Бераставога, але сітуацыя застаецца кантраляванай.

Таксама цягам апошніх содняў войскі РФ атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка, але прасунуцца не здолелі.

У Міністэрстве абароны РФ фіксуюць контратакі ўкраінцаў каля Бераставога і Стэльмахаўкі.

На суседнім ліманскім кірунку працягваюцца баі на поўначы Данецкай вобласці каля сяла Новасадовае (на левым беразе ракі Жарабец), але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На сівэрскім кірункі цягам содняў ішлі баі на ўсходзе аднайменнага выступу па фронце ў ваколіцах населеных пунктаў Званаўка, Вясёлае і Раздолаўка, але істотных зменаў зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца.

На краматорскім кірункі застаецца складанай для ЗСУ сітуацыя ў ваколіцах гораду Часаў Яр, які расейцы штурмуюць з усходу, а таксама намагаюцца абысці па флангах з поўначы і поўдня.

Далей на поўдзень па лініі сутыкнення расейцы атакуюць каля сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка, але поспеху не маюць.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку працягваюцца баі з захаду ад гораду Аўдзееўка, дзе расейцы ганарацца выпрастаць лінію фронту.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Военкор Котенок» піша, што прасоўванні войскаў РФ застопарыліся на паўночным фланзе каля сёлаў Новааляксандраўка і Новапакроўскае.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на паўднёвым фланзе працягваюцца цяжкія баі ў сёлах Уманскае і Нятайлава, але пакуль ЗСУ ўдаецца трымаць пазіцыі.

«Военкор Котенок» удакладняе, што ва Уманскім украінцы кантралююць усяго адзін назіральны пункт. Разам з тым, паводле крыніцы, УС РФ удалося прасунуцца з поўдня ад населенага пункту да суседняй Яснабродаўкі.

Мінабароны РФ паведамляе пра адбіццё контратак праціўніка па ўсёй лініі сутыкнення.

На курахаўскім кірунку расейцы атакуюць у горадзе Краснагораўка, сяле Георгіеўка і каля Парасковіеўкі, але істотных прасоўванняў за апошнія содні не маюць.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакавалі каля сяла Мікольскае (на паўднёвым усходзе ад гораду Вуглядар), а таксама на так званым урэмеўскім выступе каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ паступова прасоўваюцца ў Старамаёрскім і Ураджайным.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). Прарасейскія крыніцы пішуць, што заява Міністэрства абароны краіны пра захоп Работына аказалася заўчаснай – ЗСУ захоўваюць пазіцыі прынамсі на поўначы населенага пункту.

У Херсонскай вобласці фіксуецца шэраг безвыніковых атак расейцаў на пазіцыі Збройных сілаў у сяле Крынкі (на левым беразе Дняпра).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» мяркуе, што павелічэнне актыўнасці праціўніка звязана з перакіданнем рэзерваў РФ.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў