Уладзімір Зяленскі заявіў, што сітуацыя з наступам расейцаў на Харкаўшчыне стабілізавалася


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскай арміі ўдалося стабілізаваць сітуацыю з наступам расейскіх войскаў на поўначы Харкаўскай вобласці. Пры гэтым ён прызнаў, што на некаторых участках агрэсар здолеў прасунуцца ўглыб Украіны на 10 кіламетраў. 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

«Галоўнае на сёння – нашымі Сіламі абароны сітуацыя стабілізаваная… На сёння нашыя Сілы абароны стабілізавалі расейцаў там, дзе яны перабываюць цяпер. Самы глыбокі пункт іхнага прасоўвання – 10 кіламетраў. На напрамках некаторых брыгадаў ворага няма зусім прасоўвання – і не было», – цытуе прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага «Українська правда».

Прарыў мяжы Зяленскі патлумачыў тым, што ўкраінскім вайскоўцам не хапала заходніх сістэмаў СПА. Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што расейскія вайскоўцы дайшлі толькі да першай лініі абароны:

«Першая лінія – гэта не мяжа, там немагчыма будаваць, бо ад адпаведнай зброі, якой працавалі расейцы, нашыя людзі гінулі. Яны прыкладна там цяпер і перабываюць. Гэта першая лінія, лінія, якую пабудавалі на вайне, пад трывалым агнём, нашыя вайскоўцы. Першую і другую лінію будуюць вайскоўцы, а трэцяя лінія пабудаваная мясцовымі ўладамі».

Прэзідэнт дадаў, што галоўная цэль ворага – гэта горад Ваўчанск. Акрамя таго, яны хочуць захапіць зону 10 кіламетраў.

Нагадаем, 10 траўня расейскае войска перайшло ў наступ на поўначы Харкаўскай вобласці. Цягам некалькіх дзён расейцы здолелі захапіць шэраг прымежных паселішчаў і прарваліся ў паўночную частку Ваўчанску, дзе распачаліся цяжкія баі.

Сітуацыя на Харкаўшчыне стала нагодай для жорсткай крытыкі кіраўніцтва Украіны. Некаторыя вайскоўцы і журналісты наракаюць на тое, што абарона поўначы Харкаўскай вобласці была зусім непадрыхтаваная, хаця выведка мела інфармацыю, што Расея плануе напад.

Аналітыка
Наступленне Расеі на Харкаўшчыне: што гэта значыць і чаго чакаць далей?
2024.05.15 19:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў