Кубінцы, якім не далі прытулак у Літве, заблакавалі мяжу, каб не вяртацца ў Беларусь


Сямёра грамадзянаў Кубы, якім улады Літвы адмовілі ў наданні прытулку, не захацелі вяртацца ў Беларусь і 16 траўня заблакавалі рух у пункце пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку – «Каменны Лог»), паведамляе LRT.

Мігранты блакуюць літоўска-беларускую мяжу 16 траўня.
Фота: granica_bypl / Telegram

Кубінцы – трое дарослых мужчын, дзве жанчын і дзве дзяўчыны-падлеткі – прыбылі ў Літву тры тыдні таму праз пункт пропуску і папрасілі прытулак у Літве. Але Дэпартамент міграцыі вырашыў, што падставаў для давання прытулку няма. Пасля гэтага кубінцаў прывезлі ў «Мядзінінкай», каб вярнуць у краіну, з якой яны прыбылі – у Беларусь.

Але мігранты адмовіліся вяртацца ў Беларусь і сталі на праезнай частцы ля памежнай лініі. Рух транспарту быў заблакаваны прыкладна з 13:00 да 14:00, паведамляе 15min.lt.

Пасля чаго літоўскі бок вырашыў вярнуць кубінцаў у цэнтр рэгістрацыі замежнікаў у Пабрад.

Прадстаўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў паведаміў, што спецслужбы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі сапраўды найбліжэйшым часам плануюць на беларуска-польскай мяжы масавы прарыў мігрантаў. У атацы будзе браць удзел 700–800 чалавек. Гэтая інфармацыя ўжо мела пацвярджэнне, бо з 10 да 12 траўня на беларуска-польскай мяжы было зафіксавана 824 спробы нелегальнага пераходу.

Пры гэтым спецслужюы перакідваюць у Еўразвяз пад выглядам мігрантаў завербаваных агентаў-чачэнцаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў