За паведамленне пра смерць ад каронавірусу вынеслі папярэджанне рэсурсу media-polesye


Пісьмовае папярэджанне аб парушэнні Закону «Аб сродках масавай інфармацыі» вынесена ўласніку выдання media-polesye.by, паведамляе Telegram-канал Мінаховыздароўя.

Уласніку інтэрнэт-выдання media-polesye.by вынеслі пісьмовае папярэджанне за публікацыю пра смерць ад каронавірусу. 4 красавіка сёлета на сайце інтэрнэт-рэсурсу з’явіўся матэрыял у якім было напісана, што «пацвердзіўся тэст на каронавірус у жыхаркі Лунінецкага раёну. Пакуль яна ў Менску, у мясцовай больніцы памёр яе муж». Пазней высветлілася, што мужчына насамрэч у цяжкім стане ў Лунінецкай больніцы на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. У выданні выправілі інфармацыю і папрасілі прабачэння за недакладныя звесткі.

Але чыноўнікі з Берасцейскага аблвыканкаму распачалі правяранні і ў выніку палічылі, што ў публікацыі змяшчалася недакладныя звесткі пра смерць чалавека. А распаўсюджанне гэтай інфармацыі нанесла шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

«З улікам таго, што цяпер грамадскую ўвагу прыцягвае пытанне распаўсюду вірусу COVID-19, публікацыя падобнай інфармацыі спрыяе нагнятанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, стварэнню панічных настрояў, вядзе да масавага дэзінфармавання насельніцтва і парушае канстытуцыйнае права грамадзянаў на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі. Такім чынам выданне стварыла і распаўсюдзіла фэйк», – адзначаецца ў Telegram-канале Мінаховы здароўя.

Вядома, што жыхарка Лунінцу цяпер знаходзіцца на лячэнні ў 6-й клінічнай больніцы ў Менску. Яна мае пазітыўны вынік тэсту на каронавірус. Пры гэтым жанчына, якая з’яўляецца дырэктаркай мясцовага «Еўраопту», самастойна дабіралася да Менску.

Муж дырэктаркі «Еўраопту» цяпер знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні Лунінецкай раённай больніцы. Паводле media-polesye.by, у яго двухбаковая пнеўманія. Паводле крыніцы Belsat.eu, мужчыне 52 гады. Раней ён працаваў у міліцыі.

Мясцовае выданне паведамляе, што сям’я жыве ў Дзятлавічах.

Hавiны
Ад каронавірусу памёр 51-гадовы кіроўца «БПС-Сбербанку», родныя маюць намер судзіцца з банкам
2020.04.06 15:41

Спадарыня Наталля была першаю пацыенткаю ў Лунінецкім раёне з пацверджаным дыягназам каронавірус. Аднак тэст ёй зрабілі ў Менску, куды дабіралася сама з тэмператураю 39,8 пасля безвыніковай спробы дамагчыся шпіталізацыі ў Лунінцы (праз адсутнасць месцаў). Напярэдадні, калі тэмпература была меншаю, бальнічны ёй закрылі і адправілі на працу.

У мужа, стан якога значна цяжэйшы, таксама бралі мазок на каронавірус, накіроўвалі на даследванне ў Берасце, адкуль атрымалі адмоўны вынік.

СК belsat.eu

Стужка навінаў