«Я думаю толькі пра тое, як дапамагчы блізкаму чалавеку». Інтэрв’ю з нявестай аднаго з фігурантаў «справы Ціханоўскага»


Belsat.eu узяў інтэрвю ў Надзеі Салодкай – нявесты Вяргілія Ушака, аднаго з фігурантаў «справы Ціханоўскага».

Вяргілій Ушак. Фота – VK.com

Вяргілію Ушаку 26 гадоў. Ён праграміст па адукацыі, апошнім часам працаваў у Свята-Елісавецінскім манастыры аператарам ЭВМ. Захапляецца фатаграфіяй, робіць фотасессіі. Вяргілій быў адным з аператараў Ціханоўскага на пікеце 29 траўня і пасля інцыдэнту з падзеннем міліцыянта быў затрыманы. Спачатку знаходзіўся спачатку ў ізалятары часовага ўтрымання, потым пераведзены ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

Як паведаміла прэсавая служба Следчага камітэту, Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ 7 асобам (у тым ліку Вяргілію Ушаку) высунулі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэксу – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 3 гады пазбаўлення волі.

Надзея Салодкая, нявеста Вяргілія Ушака.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Надзея, ці прызнае сваю віну Вяргілій?

– У мяне няма дакладнай інфармацыі наконт таго, як ён ставіцца да гэтага абвінавачвання. Але я ведаю, што ён нічога супрацьзаконнага не здзяйсняў і ён не можа быць згодным з гэтымі абвінавачваннямі.

– Як Вяргілій трапіў на пікет у Горадні 29 траўня?

Ён адгукнуўся на аб’яву пра пошук аператара для здымкі на пікеце менавіта ў Горадні. Тая пятніца ў яго была вольным днём, таму ён паехаў у Горадню, каб паздымаць.

– То бок гэта быў ягоны першы пікет?

– Гэта наагул была першая з жыцці грамадзянская актыўнасць.

– Але чаму ён вырашыў адгукнуцца на тую аб’яву? З ідэйных меркаванняў або яму мусілі заплаціць грошы за гэтую працу?

– Ніякіх грошаў яму дакладна не прапаноўвалі. Ну, вось проста яму чамусьці захацелася… Не ведаю чаму. Ён мне падрабязнасці не тлумачыў.

Вяргілій Ушак перад пікетам у Горадні. Фота – VK

– Як вы даведаліся пра затрыманне Вяргілія?

– Я глядзела наўпроставы эфір (наколькі я зразумела, здымаў ён не адзін) і я бачыла на відэа, як яго затрымліваюць. Я адразу пачала яму тэлефанаваць, але слухаўку, натуральна, ніхто не браў. У суботу а 5-й раніцы да мяне прыйшло СМС-паведамленне, што ён дасяжны, але мае тэлеванаванні тады проста скідвалі.

– Хто і як вам паведаміў, што Вяргілій афіцыйна затрыманы?

Пра гэта мне паведаміў дзяжурны адвакат раніцай у панядзелак, 1 чэрвеня. Да гэтага моманту я не ведала, дзе ён знаходзіцца. Я званіла ў міліцыю, але мне гэтую інфармацыю не давалі. Трэба ж разумець, што я не з’яўляюся блізкім сваяком і яны не абавязаныя гэтую інфармацыю мне паведамляць.

– У інтэрнэт трапіла некалькі відэа з той штурханіны ў Горадні, у тым ліку агульны план давалі ў эфіры БТ. Ці пазналі вы на гэтых кадрах Вяргілія?

Так, канешне. Свайго чалавека адразу пазнаеш, тым больш, што ў яго была адметная карычневая куртка. Я адразу зразумела, што ён невінаваты, бо там выразна бачна на відэа, што ён знаходзіцца ад той штурханіны на адлегласці 1,5-2 метры.

Скрыншот з відэа БТ. Чалавек у карычневай куртцы – Вяргілій Ушак

– Вяргілій раней цікавіўся палітыкай?

Ён не быў актывістам, ніколі не прымаў удзел у палітычных ці грамадскіх акцыях. Але як любы грамадзянін, ён сачыў за тым, што адбываецца ў краіне, чытаў навіны. Часам мы маглі нешта абмеркаваць, выказаць свае думкі.

– Яму падабалася тое, што робіць Ціханоўскі?

Мы маглі нават разам паглядзець нейкае відэа Ціханоўскага. Але нельга сказаць, што ён пастаянна глядзеў блог Ціханоўскага і быў ягоным фанатам. Я думаю, што проста за прагляд відэа ў нас яшчэ нікога не саджаюць.

– У адным з вашых пастоў у сацсетках вы распавялі, што Вяргілій з 29 траўня трымае галадоўку. Што пра гэта вядома?

Ён абвесціў галадоўку адразу пасля затрымання, яшчэ калі сядзеў у ІЧУ. Цяпер мы ўсімі магчымымі спосабамі стараемся яго пераканаць у тым, каб ён не шкодзіў свайму здароўю. Але такім чынам ён стараецца выказаць пратэст супраць несправядлівага прыцягвання да крымінальнай адказнасці. Я не ведаю дакладна, ці трымае ён галадоўку дагэтуль.

Надзея Салодкая.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Ці да яго дапускаюць адваката?

Так, з гэтым праблемаў не было.

– У якім стане Вяргілій быў, калі да яго прыходзіў адвакат?

Адвакат мне казаў, што з ім усё ў парадку. Адзіны нюанс: адразу пасля пераводу ў СІЗА ён трапіў у медычную частку, то бок былі нейкія праблемы са здароўем. Але цяпер, наколькі я ведаю, ён не ў медычнай частцы, таму, пэўна, усё добра.

– Ці праходзіў у яго ператрус?

Так, у нас дома быў ператрус. Нічога супрацьзаконнага або забароненага ў Вяргілія не знайшлі. Імаверна, 90 % таго, што ўзялі – гэта мае рэчы. Напрыклад, узялі маю картку зніжак.

Надзея Салодкая.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Ад яго патрабуюць паказанняў супраць Сяргея Ціханоўскага?

Я такой інфармацыі не маю.

– У адным з пастоў у сацсетках вы заклікалі падпісвацца за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Чаму вам падаецца гэта важным і за каго асабіста вы пакінулі подпісы?

Лічу, што мы ўсе выконваем грамадзянскі доўг – абраць кіраўніка сваёй краіны. Такім чынам, я проста звярталася да людзей і заклікала задумацца над тым, што выбары датычаць усіх нас. Асабіста я паставіла подпісы за некалькі кандыдатаў – проста дзеля таго, каб я і іншыя людзі мелі права выбару.

– Пасля затрымання Вяргілія вы выходзілі на пікеты ў Менску 31 траўня і 7 чэрвеня?

Не. Пасля затрымання Вяргілія я турбуюся пра сваю бяспеку. Мне трэба берагчы сябе, каб дапамагаць яму.

– Вы мяркуеце, што вас таксама могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці?

Мяне ніяк да гэтай справы не прыцягнуць, бо мяне не было ні на якіх мерапрыемствах. Але я проста баюся.

Надзея Салодкая.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

– Бацька аднаго з затрыманых па «справе Ціханоўскага» звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом. Калі б у вас была магчымасць звярнуцца да кіраўніка дзяржавы, што б вы яму сказалі?

Я папрасіла б кіраўніка краіны максімальна аб’ектыўнага, сумленнага і адкрытага расследавання. Каб адпусцілі ўсіх, хто быў несправядліва затрыманы. Я б папрасіла адпусціць Вяргілія. Гэта магчыма банальныя словы, але ён добры чалавек, творчая асоба, годны прадстаўнік нашага грамадства. Навошта трымаць не вінаватага чалавека пад вартай, калі ён можа быць карысным для нашай краіны?

– Тое, што адбылося ў Горадні, неяк паўплывала на вашыя погляды?

Калі мы вядзем гаворку пра палітычныя погляды, погляды на дзяржаву і грамадства… То ў мяне проста няма часу пра гэта думаць. Я думаю толькі пра тое, як мне дапамагчы блізкаму чалавеку. А пра ўсё астатняе я буду думаць тады, калі з яго здымуць абвінавачванні.

Hавiны
Дакладчык Еўрапарламента заклікаў ЕЗ перагледзіць палітыку ў дачыненні афіцыйнага Менску
2020.06.09 08:12
  • Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала правакаваць канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім, які адмаўляўся адказваць на яе пытанні і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў.
  • Агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек, у іх адбыліся ператрусы. 9 траўня Следчы камітэты паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364. Усе яны знаходзяцца пад вартаю.
  • Праваабарончыя арганізацыя Беларусі лічаць інцыдэнт у Горадні правакацыяй, яны прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць вызвалення блогера. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць увесці новыя санкцыі.
  • 9 чэрвеня беларускія праваабаронцы заявілі, што маюцца ўсе падставы для прызнання палітычнымі зняволенымі ўсіх асобаў, абвінавачаных паводле артыкулу 342 КК.
Hавiны
«Я хачу зноў стаць проста жонкай і мамай». Вялікае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай
2020.06.09 08:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў