Дакладчык Еўрапарламента заклікаў ЕЗ перагледзіць палітыку ў дачыненні афіцыйнага Менску


Пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня звярнуўся да віцэ-старшыні Еўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэпа Бурэля з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі ў Беларусі. Пра гэта піша TUT.by.

У лісце Аўштравічус адзначаецца, што ён «непрыемна шакаваны» паводзінамі беларускіх уладаў, якія ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні мірных пратэстоўцаў і грамадзянскіх актывістаў напярэдадні выбараў 9 жніўня.

Аўштравічус нагадаў, што апошнія чатыры гады Еўразвяз імкнуўся добрасумленна супрацоўнічаць з Менскам, падпісаўшы дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, а таксама падвоіўшы аб’ём падтрымкі і наладзіўшы тэхнічныя дыялогі па канкрэтных пытаннях.

«Аднак беларускі рэжым не стрымаў сваіх абяцанняў», – лічыць пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі.

Еўрадэпутат прапанаваў Бурэлю перанакіраваць фінансавыя сродкі арганізацыям грамадзянскай супольнасці. Паводле яго, «ЕЗ павінен прынамсі больш актыўна выказвацца пра імклівае задушэнне свабодаў, выразна выказваючы салідарнасць з ахвярамі рэпрэсіяў і безумоўна асуджаючы арышты актывістаў, сябраў апазіцыі і кандыдатаў у прэзідэнты».

Аўштравічус перакананы, што ЕЗ павінен распачаць перагляд палітыкі ў дачыненні Беларусі, у тым ліку «прадугледзець санкцыі ў дачыненні службовых асобаў і іншых вінаватых у парушэннях правоў чалавека і асноўных свабодаў, калі эскалацыя гвалту не аслабне, а прэзідэнцкія выбары будуць праведзены ў катастрафічных абставінах».

Аўштравічус заклікаў Бурэля «дзейнічаць неадкладна і адправіць ясны адназначны сігнал беларускім уладам».

Hавiны
Праваабаронцы фіксуюць павелічэнне рэпрэсіяў у выбарчы перыяд і нагнятанне ўладамі атмасферы страху
2020.06.08 10:40

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў