«Уся краіна – чырвоная зона». Чаму беларусы не спяшаюцца вяртацца з Італіі?

10 сакавіка на ўсёй тэрыторыі Італіі ўлады ўвялі каранцін з прычыны эпідэміі Covid-19. Статыстыка ў гэтай краіне несуцяшальныя: захварэлі на каронавірусную інфекцыю больш за 9100 чалавек, колькасць памерлых з пачатку тыдня дасягнула 463 асобаў. Belsat.eu даведаўся, як ва ўмовах каранціну жывуць дзве беларускі.

Прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Конці заявіў, што людзі не павінны пакідаць свайго жытла без надзвычайнай патрэбы і не перамяшчацца паміж населенымі пунктамі. Адпаведныя каранцінныя захады дзеялі для Ламбардыі ды яшчэ 14 правінцыяў, а з аўторка яны распаўсюджваюцца на ўсю краіну.

Усе бары, кавярні ды рэстараны мусяць зачыніцца. Адмененыя ўсе масавыя імпрэзы і ўрачыстасці, забароненыя ў тым ліку вяселлі. Не працуюць музеі, тэатры ды кінатэатры. Пры гэтым грамадскі транспарт у гарадах не спынялі.

Мы пагутарылі з беларускай Настассяй Торап, якая жыве з сям’ёй у мястэчку Бардыгера (Bordighera) ў Лігур’і (Liguria), што на ўзбярэжжы Міжземнага мора, непадалёк ад мяжы з Францыяй.

Настасся Торап. Фота даслала гераіня

«Не ўсе прыслухоўваюцца да рэкамендацый уладаў»

Паводле Настассі, жыхары гэтага традыцыйна курортнага рэгіёну раззлаваныя тым, што напярэдадні ўвядзення каранціну ў Лігурыю масава ўцякалі людзі з суседняй Ламбардыі, дзе больш за ўсё хворых на каронавірус.

«Дагэтуль у Лігурыі не было ні аднаго інфікаванага мясцовага. Але з Мілану і Турыну напярэдадні прыехалі тыя, хто мае тут лецішчы. Яны думалі «схавацца» тут ад эпідэміі. Усё цягнікі былі забітыя людзьмі. Высокая верагоднасць, што хтосьці з іх ужо быў заражаны», – кажа Настасся.

На італьянска-аўстрыйскай мяжы вайскоўцы правяраюць цягнік, які ідзе ў Венецыю. Фота: ESPA Photo Agency / Zuma Press / Forum

Беларуска тлумачыць: кожны вечар а 19-й гадзіне яны сочаць за нацыянальнай справаздачай аб захадах, што прымае ўрад.

«Можна сказаць, што паніка тут ёсць, і, магчыма, яна нават вышэйшая за саму рызыку захварэць. На вуліцы вельмі мала руху, усе намагаюцца сядзець дома. Мы таксама не выходзім, знаходзімся пад добраахвотным «хатнім арыштам». Прадуктамі закупіліся загадзя, на месяц як мінімум хопіць.

Чаму Беларусь змагаецца з каронавірусам лепш, чымся Італія

Я ведаю, што нешматлікіх пакупнікоў у супермаркеты запускаюць па талончыках, каб кантраляваць колькасць людзей у памяшканні. Таксама ім забаронена стаяць бліжэй за метр адзін ад аднаго. Збольшага ўсе карыстаюцца дастаўкай тавараў на дом. Кур’еры цяпер пакідаюць рэчы на вуліцы, не заходзячы ў памяшканне», – распавядае Настасся.

Чарга на ўваходзе ў супермаркет у Палерма. Фота: BACKGRID / Backgrid USA / Forum

Жанчына кажа, што яшчэ пару тыдняў таму яе сям’я «скептычна ставілася да ажыятажу» вакол каронавірусу. Але цяпер, гледзячы на лічбы памерлых, ім «робіцца страшна».

«На хваробу пакутуюць не толькі пажылыя, а ўжо і моладзь. Але далёка не ўсе прыслухоўваюцца да рэкамендацый уладаў. Учора пасля абеду паліцэйская машына праязджала па вуліцах і ў мегафон папярэджвала, каб усе заставаліся дома, а калі адчуваюць сябе кепска – тэлефанавалі па адмысловым нумары».

Беларуска таксама кажа, што паліцыя выяўляе дамы, дзе могуць знаходзіцца замежнікі і жыхары іншых рэгіёнаў, якія не прайшлі медычны кантроль. Калі чалавек з заражанай зоны спрабуе засяліцца ў гатэль – персанал абавязаны паведамляць у паліцыю.

Людзі ў масках на вуліцах Мілану. Фота IPA / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

Настасся мае ўласнае агенцтва па продажы нерухомасці, але была вымушана зачыніць свой офіс і адпусціць працаўнікоў на час каранціну.

«Паколькі я працую з замежнікамі, то цяпер, канешне, рынак пайшоў а спад, ніхто не хоча сюды ехаць. Але мяне ратуе тое, што я дадаткова выкладаю італьянскую мову ў сваёй онлайн-школе і ўсе справы вяду па інтэрнэце», – тлумачыць яна.

Паўпустыя вуліцы Мілану. Фота: IPA / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

Настасся – грамадзянка Беларусі, але, паводле яе слоў, беларуская амбасада не выходзіла з ёй на сувязь і не прапаноўвала пакінуць Італію. Сама яна пакуль таксама не збіраецца з’язджаць і бліжэйшы час правядзе на хатнім каранціне.

У Беларусі пацвердзіліся тры новыя выпадкі каронавіруса

«Абстаноўка вельмі давіць»

Яшчэ адна грамадзянка Беларусі – Кацярына, якая жыве ў Мілане – распавяла, што фізічна адаптавацца да каранціну даволі цяжка.

«Першы тыдзень каранціну была паніка, усе перажывалі, а цяпер нават прызвычаіліся. Мы з маім маладым чалавекам ужо трэці тыдзень сядзім дома. За ўвесь гэты час толькі двойчы выходзілі ў краму за прадуктамі – у масцы і пальчатках. Канешне, абстаноўка вельмі давіць, раніцай часта баліць галава, бо не хапае свежага паветра»

У Ватыкане закрылі плошчу Святога Пятра і базіліку з-за надзвычайнай сітуацыі з каронавірусам. Фота: Antonio Pisacreta/Ropi / Zuma Press / Forum

Паводле Кацярыны, большасць жыхароў «адчувае сацыяльную адказнасць», таму прытрымліваецца мер бяспекі.

«Але перад увядзеннем каранціну, у суботу ўвечары, каля 5 тысяч чалавек з’ехалі з Мілану ў свае родныя гарады, на поўдзень. Там па прыбыцці з іх узялі падпіску, што яны бяруць на сябе адказнасць і будуць знаходзіцца дома. На мой погляд, гэта не вельмі эфектыўна. Лепш бы яны не ехалі. На поўначы Італіі значна лепшая сістэма аховы здароўя», – кажа Кацярына.

Чэргі людзей каля супермаркету ў Мілане. Фота: BACKGRID / Backgrid USA / Forum

Тых, хто спрабуе пакінуць свой населены пункт без сур’ёзнай прычыны, штрафуе паліцыя.

«На ўсіх выездах з гораду стаіць паліцыя і назірае, каб ніхто не пакідаў Мілан без дакументаў, якія пацвярджаюць неабходнасць. Гэта могуць быць важныя сямейныя абставіны або праца. Без такіх дакументаў паліцыя штрафуе і адпраўляе назад», – кажа дзяўчына.

16 мільёнаў у зоне каранціну. Жыхарка Венецыі пра тое, як каронавірус змяняе Італію

Яна таксама паведаміла, што кіраўнік рэгіёну Ламбардыя, магчыма, у бліжэйшым часе плануе спыніць грамадскі транспарт і зачыніць шэраг заводаў.

На пытанне, ці не задумвалася яна аб тым, каб пакінуць Італію, бо грамадзянку Беларусі яшчэ нядаўна маглі выпусціць на радзіму, Кацярына адказвае:

«Цяпер ужо наўрад ці можна з’ехаць, бо ўся Італія – чырвоная зона. Але нават калі б я магла – усё адно б не паехала. У сітуацыі, якая склалася, найлепшае, што мы можам зрабіць – не вяртацца дадому, каб не падвяргаць нікога небяспецы, нават калі самі не маем сімптомаў».

Міністэрства аховы здароўя ўнесла каронавірус у адзін спіс з чумой і халерай

КА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны