16 мільёнаў у зоне каранціну. Жыхарка Венецыі пра тое, як каронавірус змяняе Італію

У колькасці ахвяраў каронавіруса Італія выйшла на другое месца ў свеце. Тут зафіксаваныя 366 памерлых ад захворванняў, выкліканых SARS-CoV-2. За апошні дзень медыкі выявілі амаль 1500 новых заражэнняў. Усяго вірус выявілі ў 7375 асобаў. Улады ўвялі каранцін на поўначы краіны.

Паведамленне пра ўвядзенне каранціну на поўначы Італіі выклікала паніку, распавяла «Белсату» Кацярына Марголіс.

Кацярына Марголіс. Фота: Facebook

Кацярына Марголіс даволі даўно жыве ў Італіі. Нарадзілася яна ў Маскве, але цяпер сваё жыццё звязала з Венецыяй. Жанчына тут займаецца творчасцю, мастацтвам. Шмат падарожнічае па Еўропе. У момант з’яўлення абмежавальных захадаў у Італіі Кацярына вярталася з Парыжу ў Венецыю. Цягнік, у якім ехала жанчына, спыніўся ў Мілане і выехаў з істотным спазненнем.

«Агулам масавая паніка была ў Ламбардыі. Людзі масава пачалі пакідаць Мілан. Прычынаю таму стала зʼяўленне ў прэсе інфармацыі пра каранцін. Мне падаецца, што такі ўкід стаў проста не зусім правільным крокам уладаў. Бо абмяркоўваўся праект указу. Але людзі ў выніку проста рынуліся на вакзалы. Верагодна, што гэта толькі садзейнічала перадаванню інфекцыі. Людзі выязджалі на поўдзень краіны. Справа ў тым, што на поўначы краіны больш багата жывуць людзі і многія з поўдня прыязджаюць сюды на заробкі», – распавяла Кацярына Марголіс.

На чыгуначным вакзале ў Мілане. Фота: Xinhua / Zuma Press / Forum

Агулам цяпер у Італіі каля 16 мільёнаў чалавек апынуліся ў зоне каранціну. Уезд і выезд з поўначы краіны абмежаваны. Адмяняюцца цягнікі.

«Італія зусім не Кітай. Мне падаецца, немагчыма ўвесці драконаўскія захады. Але гэта мае свае сур’ёзныя наступствы. Вядома, цяпер будуць закручваць гайкі. Але ж нельга проста ўвесці войскі і зачыніць вакзалы. Гэта складана. Добра, што людзі разумеюць, што неабходна абмежаваць мабільнасць, каб не пераносіць вірус», – лічыць Кацярына.

Італьянцы ўцякаюць з гарадоў, дзе аб’явілі каранцін

Чаму ў Італіі шмат выпадкаў заражэнняў на каронавірус?

«Італія бадай адной з першых краінаў увяла забарону на самалётныя пералёты з Кітаю, акрамя таго, улады краіны аднымі з першых увялі працэдуру правярання тэмпературы ў людзей на мяжы Але гэтыя абмежаванні датычыліся толькі наўпроставых пералётаў. Кітайцы ж перамяшчаліся з перасадкамі. Гэта і прывяло да распаўсюду інфекцыі. Акрамя таго, у італьянцаў моцныя сацыяльныя сувязі. Яны вельмі тактыльныя, любяць камунікаванне. Шчыльна камунікуюць. Гэтым італьянцы адрозніваюцца ад немцаў, швейцарцаў», – распавядае Кацярына.

Чаму Беларусь змагаецца з каронавірусам лепш, чымся Італія

Кацярына Марголіс таксама нагадвае, што на поўначы Італіі шмат пажылых людзей. Адпаведна, яны ў найбольшай групе рызыкі.

«Мой бацька вірусолаг. Таму магу адзначыць, што ў Італіі востра не хапае рэсурсаў у медыкаў. Зрэшты, ніводная медычная сістэма ў краінах Еўропы не гатовая да такой колькасці інфікаваных. Асацыяцыя рэаніматолагаў цяпер сама мусяць выбіраць, каму аказваць дапамогу ў першую чаргу. Не хапае ложкаў. Усё гэта павялічвае панічныя настроі ў краіне», – кажа суразмоўца «Белсату».

Італія першай з еўрапейскіх краінаў пайшла на маштабныя крокі і закрывае рэгіён на Поўначы краіны. Фота: Cozzoli/Fotogramma/Ropi / Zuma Press / Forum

Каранцін у Венецыі

«Людзі абмяркоўваюць увядзенне каранціну. Але я падышла да паліцэйскіх на вакзале і спытала, якія захады прадугледжваюцца ў справе каранціну. Але ў адказ прагучала, што пакуль яны не могуць агучыць падрабязнасцяў. Я таксама спытала пра новаўвядзенні ў білетнай касе, але ўсе пакуль чакаюць апублікавання ў выданнях якім чынам будуць выглядаць абмежавальныя захады. Вядома, што ідэя абмежаванняў – увесці максімальную чырвоную зону і зачыніць Венецыю», – кажа Кацярына Марголіс.

У Венецыі цяпер зачыненыя школы, музеі, ВНУ, культурніцкія імпрэзы таксама адмененыя. Кавярні і рэстарацыі працуюць толькі тыя, якія могуць забяспечыць паміж наведнікамі дыстанцыі ў адзін метр.

Людзі ў кавярнях у Венецыі. Фота: Кацярына Марголіс, Facebook

«Людзі падчас сустрэчы па звычцы імкнуцца абняцца адзін з адным падчас сустрэчы, але потым узгадваюць, што гэтага рабіць не варта, таму махаюць адзін аднаму. Размаўляюць, камунікуюць таксама як і раней. Цяпер цудоўнае надвор’е, таму шмат людзей на моры, шпацыруюць», – кажа Кацярына.

«Я зайшла ў супермаркет, пабачыла, што няма пустых паліцаў. Адзінае – ёсць абвесткі, паводле якіх рэкамендуюць людзям трымаць дыстанцыю адзін ад аднаго. Таксама заўважыла памяткі, што не варта дакранацца да твару, што трэба мыць рукі. Прыцягнула маю ўвагу інфармацыя на стэндзе, што кітайскія тавары не ўяўляюць небяспекі. Гэта мне падалося смешным».

Крама ў Венецыі. Фота: Кацярына Марголіс, Facebook

«Але наш горад, я лічу, пацярпеў нашмат больш, чым Ламбардыя. Так, у Ламбардыі тысячы выпадкаў інфікавання, але Венецыя пацярпела як турыстычны горад. Тут на аднаго жыхара цягам году прыязджаюць каля 74 турыстаў. Вядома, што прыязджаюць з усяго свету. Таму важна, каб не было распаўсюду інфекцыі з нашага гораду», – дзеліцца назіраннямі Кацярына.

У Беларусі магчымыя тры новыя выпадкі каронавіруса

СК belsat.eu

Hавiны