Уладзімір Япрынцаў атрымаў шанец выйсці на свабоду


Не махлярства, а перашкода правасуддзю. Так у сталічным судзе Цэнтральнага раёну пракурор перакваліфікаваў абвінавачанне Уладзіміру Япрынцаву. Заслужанаму трэнеру Беларусі, былому паплечніку алігарха Юрыя Чыжа цяпер пагражае штраф у Br 21 тыс. рублёў, але ягонага сына могуць пакараць максімальна.

Уладзімір Япрынцаў і ягоны сын Казбек, партнёры Казбека Аляксандр Арабян і Ісаак Пападопулас махлярскі злоўжывалі даверам расейскага бізнесоўца Юрыя Савяка і прынеслі таму шкоду больш як $ 27 млн.

Яшчэ ў дваіх пацярпелых абвінавачаныя ўзялі $ 3,4 млн.

Такое абвінавачанне агучыў сёння пракурор у судзе Цэнтральнага раёну, дзе пачаліся спрэчкі бакоў. Фармулёўка тая ж, але роўна праз год пасля арышту Уладзімір Япрынцаў атрымаў шанец выйсці на свабоду.

«Уладзімір Япрынцаў, паводле ягоных словаў і паказанняў абвінавачаных і сведкаў, быў не ў курсе дэталяў нафтавага бізнесу сына і ягоных партнёраў», – канстатаваў пракурор Юрый Шэрстнеў.

«Верым у беларускі суд, што ўсё будзе справядліва»

Маладым людзям, што напазычалі мільёны долараў, пагражае па 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй. А Уладзіміра Япрынцава цяпер абвінавачваюць толькі ў актыўных перашкодах следству пасадзіць ягонага сына Казбека.

«Верым у беларускі суд, што ўсё будзе справядліва, і спадзяемся, што Уладзімір Генадзевіч у бліжэйшы час ужо будзе на свабодзе. Тым больш, што ў яго юбілей 14-га жніўня, 55 гадоў», – зазначыў Сяргей Цернавых, сябра Уладзіміра Япрынцава.

Япрынцаў-старэйшы – апошні савецкі чэмпіён па самба, заслужаны трэнер Беларусі, быў адным з суўладальнікаў кампаніі «Трайпл». У бізнес Япрынцаў прыйшоў, папрацаваўшы ў алігарха Юрыя Чыжа ад аховы грузаў да пасады кіраўніка службы бяспекі. І менавіта Юрый Чыж, затрыманы ў сакавіку камітэтам дзяржбяспекі за няплату падаткаў, даў паказанні супраць свайго былога паплечніка.

«Канешне, няправільна, што пацярпелыя напісалі заяву ў КДБ, гэтага зусім нельга было рабіць, трэба было садзіцца і разбірацца», – мяркуе Юрый, сябра Уладзіміра Япрынцава.

Алігарх Юрый Чыж, якога на Захадзе называлі «гаманцом Лукашэнкі», на пачатку года меў 66 % акцыяў галаўной кампаніі холдынгу «Трайпл». Доля Уладзіміра Япрынцава цяпер падзеленая паміж двума расейскімі бізнесоўцамі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота – kp.by

Стужка навінаў