Украінскі палкоўнік трапіў у спіс фігурантаў расследавання абставінаў катастрофы МН17


19 чэрвеня Аб’яднаная следчая група (Joint Investigative Team), якая высвятляе абставіны авіякатастрофы «Боінга-777» над Данецкай вобласцю Украіны, афіцыйна назаве імёны людзей, якія могуць мець датычнасць да знішчэння малайзійскага летака ў ліпені 2014 года.

Напярэдадні абнародавання афіцыйнага спісу фігурантаў расследавання нідэрландскі тэлеканал NPO2 назваў прозвішчы 4 асобаў. Тры з названых NPO2 прозвішчаў ужо фігуравалі ў незалежных расследаваннях пра катастрофу «Боінга»: гэта камандзір 53-й зенітна-ракетнай брыгады з Курска Сяргей Барысавіч Мучкаеў, адстаўны расейскі выведнік Сяргей Мікалаевіч Дубінскі (пазыўны «Хмурны»), камандуючы 2-м аддзелам «ГРУ ДНР» Алег Юлдашэвіч Пулатаў (пазыўны «Гюрза») і – самае нечаканае – палкоўнік Узброеных сілаў Украіны Іван Мікалаевіч Безязыкаў, які быў узяты ў палон у «ДНР», адпушчаны, а пазней абвінавачаны ўкраінскімі ўладамі ў дзяржаўнай здрадзе.

Адвакат Безязыкава Віталь Тытыч у каментары hromadske.ua назваў «фэйкам» інфармацыю пра датычнасць палкоўніка да збіцця малаазійскага «Боінгу».

Hавiны
СБУ абвясціла ў вышук аднаго з падазраваных у збіцці рэйсу МН17
2019.02.20 06:47

Самалёт рэйсу MH17 быў збіты ў небе над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. «Боінг-777» ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. На ягоным борце было 298 асобаў. Усе яны загінулі. Нідэрланды і Аўстралія афіцыйна лічаць Расею вінаватай у трагедыі. У 2018 годзе прадстаўнікі Аб’яднанай следчай групы заявілі, што комплекс «Бук», з якога запусцілі ракету, і якая збіла пасажырскі самалёт, належала расейскім узброеным сілам. Паводле следства, «Бук» знаходзіўся на ўзбраенні 53-й зенітнай ракетнай брыгады, што базуецца ў Курску.

19 чэрвеня даследчая група «Bellingcat» апублікавала свой спіс датычных да авіякатастрофы.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў