СБУ абвясціла ў вышук аднаго з падазраваных у збіцці рэйсу МН17


REUTERS/Maxim Zmeyev/File Photo

Служба бяспекі Украіны абвясціла ў вышук афіцэра Галоўнага разведвальнага ўпраўлення РФ Алега Іваннікава, які з’яўляецца ключавым фігурантам расследавання катастрофы пасажырскага Boeing рэйса МН17, піша выданне «Украінская праўда».

Інфармацыя пра гэта зʼявілася таксама ў базе дадзеных сайта Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.

Іваннікава шукаюць з 21 студзеня 2019. Яму інкрымінуюць злачынства паводле ч. 1 арт. 258-3 (стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі, кіраўніцтва або ўдзел у ёй) і ч. 2 арт. 437 (вядзенне агрэсіўнай вайны) Крымінальнага кодэкса Украіны.

Пры гэтым у вышуковай картцы адсутнічае фотаздымак Іваннікава.

24 траўня міжнародная Сумесная следчая група па расследаванні гібелі малазійскага «Боінга» абвясціла, што той быў збіты зенітна-ракетным комплексам «Бук» з 53-й брыгады СПА УС РФ, якая дыслакуецца ў расейскім Курску.

Міжнародная незалежная следчая група Bellingcat высветліла, што афіцэр ГРУ Алег Іваннікаў датычны да збітага самалёта рэйса MH17 на Данбасе ў 2014 годзе. Ён быў замяшаны ў транспарціроўцы Бука на тэрыторыю Украіны і назад у Расею.

Іваннікаў таксама кіраваў наймітамі ПВК Вагэнэра ў Луганскай вобласці.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары