«У Рыме і Грэцыі за крытыку кіраўніка расстрэльвалі». Школьнікам распавялі, як добра было пры камунізме


У часы СССР жылося значна лепш, чым у сённяшняй Беларусі. Пра гэта вучням карэліцкіх школаў з нагоды 100-годдзя БССР распавяла працаўніца мясцовага музею, а таксама – першы сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі ды сябра ЦК Кампартыі Беларусі Марыя Белянова. Аўдыязапіс адной з такіх сустрэчаў са школьнікамі трапіў у рэдакцыю Belsat.eu.

Полацкае і Тураўскае княствы не былі дзяржавамі

Спачатку супрацоўніца музею распавядае пра галоўныя гістарычныя вехі, якія адзначаліся ў Беларусі:

«У 2017-ым годзе мы святкавалі стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 2018-ым – ВЛКСМ, які зараз называецца БРСМ, а ў 2019-ым – стагоддзе нашай беларускай дзяржаўнасці».

Марыя Белянова амаль гадзіну распавядала школьнікам, як добра жылося ў СССР

Пры гэтым Марыя Белянова прызнае, што першая беларуская дзяржава ўзнікла яшчэ ў Сярэднявеччы, але, кажа яна, Полацкае і Тураўскае княствы не былі дзяржавамі. А ў часы Вялікага княства Літоўскага ніводнага беларуса не было ва ўладзе. Потым жа Беларусь «была то пад уладай Расеі, то пад уладай Польшчы – самастойнай дзяржавы, як такой, не было», кажа выступоўца.

І вось, нарэшце, 1 студзеня 1919 года была ўтвораная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ), а «потым, калі ўтварылася СССР, пераставілі літару – БССР».

«Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая – гэта ўсё наша гісторыя, такая гісторыя нашай беларускай дзяржаўнасці, але мы ўтварылі нашу беларускую нацыянальную дзяржаўнасць з 1919 года», – падкрэсліла супрацоўніца музею.

Штодня абедалі ў рэстарацыі

Як кажа камуністычная актывістка, БССР была лепшай у свеце дзяржавай і ў ёй было ўсё бясплатным.

«А зараз крамы заваленыя таварамі, але ўсё вельмі дорага. Часам хочацца нешта купіць, а грошаў не хапае. Я вучылася ў інстытуце, і мы, студэнты, кожны дзень хадзілі ў рэстарацыі, сталовыя, абеды дома не гатавалі. Пасля сканчэння інстытуту я прыехала працаваць у Карэлічы, працавала ў райкаме партыі, мы ніхто не хацеў есці дома. Мы загадзя заказвалі сабе абеды ў рэстарацыі, і поўная рэстарацыя народу была – з усіх арганізацый людзі ішлі ў рэстарацыі. А зараз рэстарацыя зачыненая», – з жалем адзначыла выступоўца.

Hавiны
«Займаць актыўную пазіцыю, каб мець гонар пачуць прэзідэнта». Што актывісты БРСМу распавядаюць школьнікам (аўдыё)
2018.11.23 13:02

Паводле Марыі Беляновай, у часы сваёй маладосці яна магла сабе дазволіць рэгулярна ездзіць на спатканні ў Горадню і Менск, аб’ездзіла паўсвету, у тым ліку была ў Балгарыі, Румыніі, на Кубе сустракалася з Фідэлем Кастра, але праз перабудову не паспела здзейсніць усе свае мары.

Таксама ў яе сям’і была самая лепшая машына – «Жыгулі» апошняй маркі. Набыла яна і кватэру за 13 тыс. рублёў.

«Але ў 1991 годзе мы часткова вярнуліся да капіталізму, а пры капіталізме – усё платнае», – адзначыла яна.

Зараз улада алігархаў

Марына Белянова падкрэсліла, што пры савецкай уладзе вышэйшая адукацыя была бясплатная, а зараз «для таго, каб паступіць, трэба займацца». Раскрытыкавала яна і тое, што ў сённяшняй Беларусі бацькам трэба плаціць за дзіцячыя садкі і дадатковыя заняткі дзяцей. Няма ў Беларусі і бясплатнай медыцыны – «калі ідзеш у больніцу, усё трэба купіць». А купля жытла цяпер, па словах Беляновай, можа прывесці да кабалы да канца жыцця.

Пры гэтым Марыя Белянова не лічыць сябе сталіністкай і прызнае, што «былі праблемы, былі недахопы». «А што, зараз іх няма?» – задаецца яна пытаннем.

«Тады была ўлада рабочых і сялянаў, савецкая ўлада. А зараз як назваць гэту ўладу? Алігархаў. У каго ў камуністаў былі гатэлі, дачы, самалёты, чартарныя рэйсы? Астравы купляюць. Ні ў каго не было, а зараз усе алігархі», – распавяла вучням супрацоўніца музею.

Hавiны
Пасля публікацыі аўдыязапісу сустрэчы з БРСМ школьнікам у Карэлічах забаранілі тэлефоны
2018.12.05 11:32

Паводле яе, Савецкі саюз быў дзяржавай, перад якой усе схіляліся і якую ўсе паважалі, з нібыта самай развітай прамысловасцю, навукай і адукацыяй. Сёння ж разрыў паміж беднымі і багатымі расце ўсё больш і больш.

«Чаму ў Венесуэле (беспарадкі. – Belsat.eu) выкарыстоўвалі амерыканцы? Кажуць, там карумпаваная ўлада. Чаму ў Францыі рабочыя выступаюць? Бо цэны і падаткі растуць, а заробкі не растуць. Чаму настаўнікі бастуюць?» – ці то распавяла міжнародныя навіны, ці то заклікала да пратэстаў Марыя Белянова.

Hавiны
«Не ганьбі мяне»: Дэкан аднаго з факультэтаў БДЭУ абяцаў падумаць пра выхад студэнткі з БРСМ
2018.11.16 13:05

Зараз крытыкуюць уладу ў адкрытую

І хоць супрацоўніца музею і прызнае вялікую колькасць праблемаў у Беларусі, разам з тым яна лічыць правільным «татальны кантроль партыі за ўсімі сродкамі інфармацыі».

«Зараз далі свабоду, і крытыкуюць уладу ў адкрытую, крытыкуюць прэзідэнта ў адкрытую. А вы з гісторыі Старажытнага Рыма і Грэцыі вучылі: за крытыку кіраўніка дзяржавы, першай асобы, у турму саджалі і расстрэльвалі. А зараз гэта непавага дзяржавы. Калі ты не паважаеш асобу гаспадара – ты не паважаеш дзяржаву», – падкрэсліла яна.

Марыя Белянова не выключае, што кіраўніка дзяржавы будуць крытыкаваць пасля яго сыходу, бо «культура такая».

На Захадзе ж людзям «ціснуць руку», калі яны сыходзяць з улады, падкрэсліла яна, забыўшы дадаць, што на Захадзе кіраўнікі звычайна не затрымліваюцца ва ўладзе на дзясяткі гадоў.

Напрыканцы Белянова сказала, што прэзідэнт – гэта не савецкая форма кіравання, а буржуазная.

Аб’ектыў
Намесніца дырэктара менскай гімназіі: «Узялі ў зубы білет, паклалі дома на паліцу і заткніцеся! Усё!»
2018.10.31 20:19

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў