Намесніца дырэктара менскай гімназіі: «Узялі ў зубы білет, паклалі дома на паліцу і заткніцеся! Усё!»


Мінадукацыі не плануе расследаваць інцыдэнт у адной з менскіх гімназіяў, дзе настаўнікі і намесніца дырэктара змушалі вучняў фатаграфавацца на білет чальца БРСМ. Гэта адзінае, чаго патрабавалі ад юнакоў, бо ў арганізацыю іх ужо запісалі – без на тое згоды.

«Хочаце вы, – не хочаце, забралі гэты білет, узялі ў зубы, паклалі ўдома на паліцу і сядзіце, заткніцеся! Усё!» – кажа нам. дырэктара гімназіі № 31 Менску.

У зняважлівым тоне і больш чым настойліва ў менскай гімназіі № 31 ідзе выхаваўчая праца. Нехта з вучняў – запісвае. Нам. дырэктара гімназіі № 31 Менску:

«Па ўсіх падказчыках першыя месцы. На ўсіх алімпіядах, на ўсіх конкурсах, на табе! БРСМ гэты задрыпаны не можам зрабіць!

Гэткім спосабам лічба чальцоў арганізацыі «рабілася» заўжды – сярод вучняў і маладых настаўнікаў – узгадвае гарадзенец Алесь Дзянісаў, былы настаўнік гісторыі:

«Было так, што лепш вы ўступіце. І далей рабіліся нейкія намёкі накшталт – вам жа гадзіны патрэбныя лішнія, і ў нас ёсць прэміі».

На патрэбную для кіраўніка краіны статыстыку з кожным годам скідваемся ўсё больш шчодра. Аляксандр Лукашэнка на тры гады падоўжыў бюджэтнае фінансаванне БРСМ. Сёлета арганізацыя атрымала найбольшую за 10 гадоў суму – 6,8 мільёнаў рублёў. Хоць…

«Арганізацыю не ўсе ўспрымаюць з натхненнем нейкім і адназначнасцю. Адназначнасці не будзе. Гэта дакладна. А да таго што не ўсе ставяцца станоўча, ставіцца трэба спакойна», – вяшчае кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

… ды не цягнуць нікога ў арганізацыю прымусова. Таму пазіцыю кіраўніка краіны ў пытанні школьнага інцыдэнту можна лічыць падобнаю да той, што агучыла Мінадукацыі:

«Пазіцыя міністэрства выразная. Недапушчальна прымусовае ўступленне ў сябры БРСМ. Ніякіх разнарадак на гэты конт у школах няма і быць не можа».

У такім выпадку ХТО змушае выхаваўцу імкнуцца да 100-адсоткавай лічбы сябраў БРСМ у школе?

«Я што мушу па ўсіх артыкулах, па ўсіх праверках пайсці з-за вас?» – працягвае нам. дырэктара гімназіі № 31 Менску.

Што за праверкі і хто дае наганяй – не адказала медыям кіраўніцтва саюзу моладзі. Паводле Статуту, БРСМ – добраахвотнае грамадскае аб’яднанне. Ягоныя чальцы маюць шэраг афіцыйных прывілеяў, а таксама зніжкі, удзел у лагерах, конкурсах і дзяржаўных праграмах. Менчукі распавядаюць:

«Я ўступіла, бо нам сказалі што будуць розныя зніжкі ў крамах, што будзе карысна для будучыні».

«У школе было гэта масава і я далучылася. Чаму не? Я не бачу ў гэтым зла».

«Акрамя таго, што з нас збіралі членскія ўзносы, я нічога не пабачыў, таму і выйшаў».

Вучні гімназіі нумар 31 не хацелі далучацца да БРСМ нават пасля пагрозаў аб адлічэнні з установы і праблемах з паступленнем у будучыні. «Безназоўны» запіс з-пад парты змусіў медыі шукаць імёны імаверных прамоўцаў. Гімназія № 31, Менск (мужчынскі голас з запісу):

«Перад вамі стаіць намеснік дырэктара па выхаваўчай працы вашай гімназіі».

Сярод пералічаных на інтэрнэт-старонцы «кіраўнікоў гімназіі» адпаведная пасада толькі адна…

Юлія Цяльпук, belsat.eu