У Менску ўдзень 26 красавіка эвакуявалі шматпавярховы жылы дом, размешчаны на вуліцы Шырокай, 3. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў Беларусі. Ужо ўвечары людзі вярнуліся ў свае кватэры, але цягам дня некаторыя сем’і размясцілі ў суседняй школе.
А 14:00 паступіла інфармацыя пра змену цэласнасці маналітнай калоны ў будынку. Выявілася, што ў сакавіку 2018 года эксплуатуючая арганізацыя знайшла гарызантальныя і вертыкальныя расколіны з разрывам тынкоўкі.
Быў распрацаваны праект па ўмацаванні будаўнічых канструкцый дому праз усталяванне металічнага двутаўра.
А 15:00 «Будтрэст № 1» пачаў працы. На час іх правядзення жыхароў дому выселілі ў школу № 178 па вуліцы Усходняя, 68. На рамонтныя працы планавалі выдаткаваць каля 4-5 гадзін.
Паводле словаў жыхароў дому, праблема магла ўзнікнуць праз тое, што падчас будаўніцтва дому парушылі адну з нясучых канструкцыяў.
Ужо а 14.00 на тэрыторыі школы №178 паблізу разгарнулі «Бяспечны раён» – педагогі і медыкі былі гатовыя прыняць і размясціць людзей, якія не маглі патрапіць у кватэры. Некалькі чалавек скарысталіся дапамогай, правёўшы некаторы час у школе. Як распавяла «Белсату» дырэктарка Таццяна Дзенісевіч, у спартовай зале нават падрыхтавалі спальныя месцы, паставілі раскладушкі на выпадак, калі да ночы эвакуацыя не скончыцца.
Аднак да гэтага не дайшло: ужо ўвечары, бліжэй да 20-й гадзіны ратавальнікі дазволілі жыхарам вярнуцца ў дом.
Цяпер, кажуць жыхары, у доме вядуцца рамонтыя працы, але пра новыя эвакуацыі пакуль не паведамляецца.
МГ belsat.eu