Ці часта ў Беларусі страляюць па міліцыянтах?


Пад Івацэвічамі, у вёсцы Бабровічы 17 жніўня мясцовы жыхар адкрыў агонь па ўчастковых міліцыянтах, калі тыя падыходзілі да ягонай хаты. У выніку – адзін міліцыянт загінуў, другі – атрымаў раненне. Belsat.eu вырашыў згадаць найбольш рэзанансныя выпадкі, калі беларускія міліцыянты траплялі пад агонь падчас выконвання сваіх прафесійных абавязкаў.

У Беларусі ў адкрытых крыніцах няма дакладнай статыстыкі, колькі праваахоўнікаў загінулі падчас выканання службовых абавязкаў за гады незалежнасці. Раней TUT.by пісаў, што ў перыяд з 2001 па 2013 год загінулі не больш за 10 міліцыянтаў, прычым гаворка ідзе не толькі смерць у выніку страляніны або нападу злачынцаў, але і ў выніку ДТЗ, няшчасных выпадкаў або нават інфаркту на працоўным месцы.

Некаторыя звесткі пра трагічныя выпадкі падчас міліцыйскай службы можна знайсці на сайтах праваахоўных органаў. Гэтак, на сайце ГУУС Менгарвыканкаму ў раздзеле «мемарыял» размешчаныя дадзеныя 5 працаўнікоў менскай міліцыі, што загінулі ў часы незалежнай Беларусі. Толькі двое з іх загінулі ў выніку выкарыстання супраць іх зброі. Двое загінулі ў выніку ДТЗ, прычына смерці яшчэ аднаго не пазначаная.

Забойства міліцыянта – надзвычайныя сітуацыя для Беларусі

З аналізу адкрытых крыніцаў вынікае, што страляніна пад Івацэвічамі – гэта другі выпадак забойства міліцыянта ў Беларусі за апошнія 10 год. Мінулы трагічны выпадак адбыўся 7 студзеня 2013 года, калі на вуліцы Машыністаў у Менску быў застрэлены 37-гадовы прапаршчык міліцыі Ігар Іванчык.

У той дзень мясцовыя жыхары паведамілі ў міліцыю, што па вуліцы ходзіць чалавек з пісталетам і страляе па сабаках. Калі міліцыянты падышлі да мужчыны, той пачаў страляць. Два агнястрэльных раненні атрымаў прапаршчык патрульна-паставой службы Ігар Іванчык, адно – аператыўнік крымінальнага вышуку. Іванчык памёр, аператыўнік выжыў. Стралок збег і зачыніўся ў гаражы, а калі спецназ спрабаваў яго затрымаць – застрэліўся.

Ігар Іванчык

Як паведамлялі ў міліцыі, падчас страляніны Іванчык закрыў сабою напарніка. Каментуючы гэты выпадак, Аляксандр Лукашэнка заявіць, што трагедыя адбылася праз «галавацяпства» міліцыі. «Вы гэтага хочаце? А ў нас гуманная, бачыце, міліцыя. Пачалі адзін аднаго абараняць, два стрэлы ў грудзі, чалавек загінуў», – адзначыў ён.

Сёлета ў Гомлі тры міліцыянта атрымалі нажавыя раненні. Збеглага з турмы 24-гадовага крымінальніка спрабавалі затрымаць аператыўнікі ў цывільным у тралейбусу на прыпынку грамадскага транспарту ў Гомлі. Аднак той нанёс сур’ёзныя нажавыя раненні міліцыянтам і збег. Потым яго ўсё ж затрымалі. Міліцыянты выжылі.

Самы шакуючы выпадак забойства адбыўся ў Гомлі

Фота – TUT.BY

Мяркуючы, па інфармацыі з адкрытых крыніцаў у 90-е і пачатак 2000-х міліцыянты ў Беларусі істотна часцей рызыкавалі сваім жыццём (хаця і тут ніякай статыстыкі ў адкрытых крыніцах няма). Напрыклад, 15 траўня 1999 года ў Менску быў застрэлены міліцыянт-кінолаг Аляксандр Жыдзік – ён спрабаваў злавіць злодзея, які хацеў абкрасці кватэру на вуліцы Няміга. У 2001 годзе падчас ператрусу ў Менску застрэлілі маёра з камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Ігара Кашкана. У тым жа годзе працаўнік Дэпартаменту аховы МУС Сяргей Волкаў быў забіты падчас спробы спыніць рабаванне шапікаў на вуліцы Кіжаватава ў Менску.

Але, бадай, самы гучны і трагічны выпадак забойства міліцыянтаў у незалежнай Беларусі адбыўся ў лістападзе 1993 года ў Гомлі. Тады на Прываказальны плошчы гораду кілер расстраляў машыну гомельскага крымінальнага аўтарытэта Мікалая Салдаценкі. За кілерам пабеглі міліцыянты з ППС, а злачынца, спрабуючы адарвацца, пачаў па ім стрэляць. У выніку кілер забіў двух праваахоўнікаў – Эдуарда Сярогіна і Канстанціна Барысенка. Прычым, параненага Сярогіна кілер дабіваў стрэлам у галаву. Паколькі стральба распачалася ў цэнтры гораду, дзе было шмат людзей, ад шалёнай кулі загінула 40-гадовая жанчына. Таксама атрымала раненне 18-гадовая дзяўчына.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары