«Калі ўбачыў ягонае фота, я рэальна заплакаў». Забойцаў 22-гадовага інспектара ДАІ пакуль не знайшлі


На дарогах Беларусі працягваюцца пошукі падазраваных у забойстве лейтэнанта дарожна-патрульнай службы ДАІ з Магілёва. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).

Паводле міліцэйскай арыенціроўкі, афіцэра выкралі невядомыя на легкавым аўтамабілі ГАЗ («Волга») з цалкам таніраваным шклом і расейскімі нумарамі. Цела лейтэнанта знайшлі ў 2 км ад Магілёва.

На Магілёўшчыне выкралі і забілі афіцэра ДАІ. Міліцыя ўвяла план «Сірэна»

Паводле TUT.BY, гаворка ідзе пра 67 або 69 рэгіён Расеі (Смаленская або Цвярская вобласць). Паводле Nexta, аўтамабіль меў нумары 98 рэгіёну – гэта горад Санкт-Пецярбург. У Telegram-канале блогера таксама паведамляецца, што фармальным уладальнікам «Волгі» з’яўляецца беларус са Смаленскай вобласці.

Выкраданне магло адбыцца на гэтым аўто. Фота, апублікаванае блогерам Nexta

Забітаму інспектару ДАІ было 22 гады. Яго звалі Яўген Патаповіч. 25 ліпеня яму магло споўніцца 23 гады. Сябры афіцэра кажуць, што ён быў спакойны і таварыскі.

«Гэта мой сябар дзяцінства. Мы разам адпачывалі ў бабуль на летніх вакацыях. Разам з ім каталіся на роварах. Дапамагалі яго сям’і ў гаспадарцы: сена павярнуць, карову яны трымалі. Яўген – выпускнік Акадэміі МУС у Магілёве. Я – выпускнік Ваеннай акадэміі ў Менску. Калі я даведаўся, што здарылася, то спачатку не паверыў. Калі я ўбачыў фатаграфію, я рэальна заплакаў. Вельмі шкада, што родныя цяпер будуць без яго, ён увесь час дапамагаў маме, бабулі, ён адзінае дзіця ў сямʼі. Яўген быў вельмі сціплы, заўсёды правільны, пунктуальны, імклівы, заўсёды прыходзіў на дапамогу, добры быў чалавек», – распавёў belsat.eu Кірыл Мілан, сябар Яўгена Патаповіча.

На месцы забойства другі дзень працуюць супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэту. Цела міліцыянта было знойдзена ў двух кіламетрах ад Магілёва, у лесапаласе каля аўтадарогі Р123. Фота «Белсат»

УУС Магілёўскага аблвыканкаму паведамляе, што Патаповіч нарадзіўся ў Магілёве ў 1996 годзе. Ён скончыў Магілёўскі інстытут МУС.

«Ён вельмі любіў сваю працу. Заўсёды марыў пра тое, што даслужыцца да высокага звання! У маёй памяці ён заўсёды застанецца светлым чалавекам, які сваім пазітывам прымушаў жыць і радавацца кожнаму імгненні свайго жыцця! Хай зямля яму будзе пухам», – узгадвае Яўгена ягоная знаёмая Карына Елісеева.

Яўген Патаповіч. Фота – mogilev.mvd.gov.by

«Кіраўніцтва і афіцэрскі склад УУС Магілёўскага аблвыканкаму, абласны Савет ветэранаў органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў, а таксама кіраўніцтва і асабісты склад падраздзяленняў ДАІ АУС вобласці выказваюць глыбокія спачуванні бацькам, родным і блізкім лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча ў звязку з горам, якое напаткала іх. Мы смуткуем разам з імі. Гэта вялікая страта для ўсіх нас», – гаворыцца ў тэксце спачування на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Ці часта ў Беларусі страляюць па міліцыянтах?

ЮВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары