Сяргей Чалы: Беларусі патрэбна буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя


Развіццё IT-сектара ў Беларусі не прывяло да прагрэсу ў сацыяльна-эканамічнай структуры краіны, а толькі замацавала архаічныя практыкі ўзаемадзеяння ўлады і бізнесу. Такую думку выказаў у сваёй прамове эканаміст Сяргей Чалы падчас медыясняданку, дзе была прэзентаваная праграма Кастрычніцкага эканамічнага форуму 2019 года.

Сяргей Чалы, эканаміст, аўтар праграмы «Эканоміка на пальцах». Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы стварылі ўсе ўмовы для бізнесу, а цяпер вы нам павінны»

Паводле Сяргея Чалага, эканамічная мадэль у Беларусі пабудаваная такім чынам, каб галоўнай крыніцай прыбытку была дзяржава:

«Гэта датычыць не толькі заробкаў бюджэтнікаў і пенсіяў, але і прадпрымальніцтва. Калі ўважліва паглядзець за стасункамі нашых уладаў (асабліва прэзідэнта) з інвестарамі, то заўсёды будзе гучаць фраза «мы створым (або стварылі) для вас усе ўмовы, вы абавязкова заробіце». І ў большасці выпадкаў дзяржава сапраўды стварае асаблівыя ўмовы для асобных бізнесоўцаў і інвестараў. Фактычна ўлады пераўтвараюць тое, што яны вырабляюць (дазволы, указы, законы і г.д.), у асаблівыя ўмовы ў выглядзе змяншэння канкурэнцыі для тых, каму гэта патрэбна. То бок ідзе канвертацыя чыноўнічай працы ў паток грошаў для бізнесу».

Чалы адзначае, што гэтай сістэме стасункаў бізнесу і дзяржавы «вялікая частка прадпрымальніцкай прыбытку насамрэч з’яўляецца рэнтавым прыбыткам», то бок платай за карыстанне тымі ці іншымі ўмовамі або рэсурсамі.

«Але ў гэтай добразычлівасці ўлады ёсць і іншы бок медаля, пра які звычайна забываюць. Пасля таго, як высвятляецца, што бізнес развіваецца паспяхова, прэзідэнт кажа: ну глядзіце, мы, як і абяцалі, стварылі ўсе ўмовы, вы зарабляеце. А цяпер вы нам павінны. Наступае так званая «сацыяльная адказнасць». Зрабіце нам нешта добрае за тое, што мы вам дазволілі працаваць».

Медыяснаданак. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Гэта азначае, з пункту гледжання інвестыцыйнага клімату, што буйны бізнес, з якім адбываецца такога кшталту ўгода, не можа загадзя ацаніць выдаткі. Гэта робіць вельмі складаным бізнес-планаванне», – кажа эканаміст.

Нябачная шкляная столь

У выпадку, калі бізнес у Беларусі дасягае поспеху самастойна, без дапамогі дзяржавы, то раней ці пазней ён сутыкаецца з тым, што Чалы называе «нябачнай шкляной столлю».

Заснавальнік сеткі «Еўраопт» ТАА «Евроторг» належыць двум кіпрскім фірмам. Уладальнікамі кіпрскіх фірмаў з’яўляюцца дзве фірмы на Віргінскіх астравах, якія належаць беларусам Сяргею Літвіну і Уладзіміру Васільку.

«Сутнасць у тым, што калі вы пераўтвараліся ў адкрытых чэмпіёнаў, да вас прыходзілі «ветлівыя людзі» і казалі: цяпер вы будзеце працаваць па-іншаму, грошы будуць ісці інакш і склад акцыянераў будзе іншым, бо вам ужо хопіць. Калі б «шкляных столяў» не было, то нашаму бізнесу не было б патрэбы структураваць уласнасць такім чынам, каб цэнтр прыбытку знаходзіўся за мяжой. Напрыклад, так працуе «Еўраопт», – тлумачыць Чалы.

Гэта прыводзіць да таго, што паспяховыя бізнесоўцы з’яўляюцца не ўласнікамі сваіх бізнесаў, а, хутчэй, часовымі кіраўнікамі. «Мы бачым гэта па лёсу шмат якіх алігархаў, што трапілі ў апалу», – дадае Чалы.

Медыяснаданак. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Айцішнікам падарылі ільготы, але не змянілі правілы гульні

Такім чынам, паводле Чалага, у Беларусі была створана архаічная сацыяльна-эканамічная мадэль. Эканаміст прапанаваў для яе апісання наступную метафару:

«Мы атрымалі саслоўнае грамадства, дзе розныя саслоўя маюць розныя правы і прывілеі. Гэта піраміда, якая кіруецца дэкрэтамі. Унізе піраміды – звычайныя працаўнікі. Для іх існуе дэкрэт № 3 (ён жа дэкрэт №1 «аб дармаедах»), асноўная задача якога прымусіць людзей працаваць. Другое саслоўе – гэта малы і сярэдні бізнес, для якога існуе дэкрэт №7 аб развіцці прадпрымальніцтва. Трэцяе саслоўе – гэта алхімікі. Асабліва ў сітуацыі, калі існуе праблема з казной, калі патрэбны цуд, алхімікі прыходзяць і кажуць: мы пераўтворым свінец у золата, але нам патрэбныя ільготы. Гэта ПВТ і айцішнікі, для іх існуе дэкрэт №8. Яны дабываюць лічбавае золата», – кажа эканаміст.

Год пасля Дэкрэту № 8: ці стала Беларусь ІТ-краінаю?

На думку Чалага, праблема айцішнага дэкрэту ў тым, што ён падарыў частцы бізнесу ільготы, але не змяніў правілы гульні.

Вялікая хартыя вольнасцяў – палітыка-прававы дакумент, які быў складзены ў чэрвені 1215 года і бараніў шэраг правоў вольнага насельніцтва сярэднявечнай Англіі. У часы Ангельскай буржуазнай рэвалюцыі Хартыя набыла значэнне сімвала палітычнай свабоды, стаўшы сцягам барацьбы брытанцаў супраць каралеўскага дэспатызму.

«Самі па сабе новыя тэхналогіі не азначаюць грамадскі прагрэс. У нас разам з айфонамі і праграмаваннем адноўлены абсалютна архаічная палітычная і сацыяльная сістэмы. Насамрэч, мы знаходзімся ва ўмовах сярэднявечнай Брытаніі напярэдадні прыняцця Вялікай хартыі вольнасцяў. Вялікая хартыя вольнасцяў пра што была? Пра немагчымасць адвольнага падаткаабкладання, пра немагчымасць пазасудовага пераследу. Гэта тое, чаго ў нас няма. Сёння Беларусі патрэбная буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя», – падкрэсліў эканаміст.

Улады адабралі ФК «Дынама-Менск» у Юрыя Чыжа менш чым за тры гадзіны

ІІ belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары