Год пасля Дэкрэту № 8: ці стала Беларусь ІТ-краінаю?


Больш за 400 кампаніяў – рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў, экспарт на $ 1,4 млрд, але дагэтуль ніводнай крыптабіржы. Разбіраемся з экспертамі, ці працуе Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» і якія мае вынікі.

Крыптавалюты, беспілотны транспарт, штучны інтэлект. Што нам абяцаў Дэкрэт?

Роўна год таму, 21 снежня 2017 года, Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Гэты дакумент мусіў стварыць унікальныя ўмовы для развіцця ІТ-сферы ў Беларусі і зрабіць яе адной з самых прывабных краін для прыцягнення замежных інвестыцыяй у лічбавыя тэхналогіі.

Аб’ектыў
Беспрэцыдэнтны дэкрэт Лукашэнкі. IT-рэвалюцыя пачалася?
2017.12.22 21:10

Некаторыя пункты дакументу сталі сапраўды інавацыйнымі. Так, Беларусь першай у свеце абвесціла легальнасць крыптавалютаў і іх майнінга (здабычы) і дазволіла майніць не толькі юрыдычным асобам, але любому ахвочаму беларусу. Пры гэтым да 2023 года такая дзейнасць не абкладаецца падаткам.

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валер Цапкала зазначае, што такога дагэтуль не было нідзе ў свеце. У ЗША, напрыклад, фізічных асоб увогуле не дапускаюць да майнінга. У некаторых іншых краінах існуюць абмежаванні – усталёўваецца верхні ці ніжні ліміт на колькасць сродкаў, з якімі можна працаваць з крыптавалютамі. Але ў Беларусі, ад моманту падпісання Дэкрэту, так і не стварылі крыптабіржу. Толькі 30 лістапада бягучага года на заканадаўчым узроўні прынялі правілы працы крыптавалютных платформаў і абменнікаў.

Аб’ектыў
Лукашэнка і IT: «Я павёўся на ўсе вашыя прапановы»
2018.09.12 21:37

Акрамя іншага, Дэкрэт даў значныя канкурэнтныя перавагі Беларусі ў галіне ўжывання тэхналогіі блакчэйн, штучнага інтэлекту, беспілотнага транспарту. У якасці новых сфераў прадугледжаны распрацоўка біятэхналогій, медычных, авіацыйных і касмічных тэхналогій, кіберспорт.

Дэкрэт даў магчымасць заключаць знешнеэканамічныя здзелкі ў электронным выглядзе. Беларусь першай у свеце ўзаконіла смарт-кантракты.

Аб’ектыў
Лічбавая эканоміка ці лічбавая дыктатура Лукашэнкі?
2018.03.28 22:12

Эканаміст: Галоўнае дасягненне Дэкрэта – што крыптабіржу так і не запусцілі

Дэкрэт працягнуў дзеянне адмысловага падатковага рэжыму для ПВТ да 2049 года. І менавіта гэты пункт, на думку эканаміста, старэйшага аналітыка форэкс-брокера «Alpari» Вадзіма Іосуба, меў самы значны ўплыў на развіццё Парку і апасродкавана закрануў эканоміку краіны.

Дзякуючы падатковым ільготам, зараз у ПВТ уваходзяць 454 кампаніі. Большасць з іх далучылася цягам апошняга года. Стабільна расце выручка ПВТ. Калі ў 2017 годзе Парк зарабіў 1 мільярд 250 мільёнаў долараў, то сёлета – ужо 1 мільярд 400 мільёнаў.

«Чалавек, які атрымаў у ПВТ заробак, потым ідзе ў краму, на кірмаш, у цырульні, аплочвае тавары і паслугі, і гэтыя грошыя трапляюць далей у эканоміку, – кажа Вадзім Іосуб. – Зразумела, што гэта не тыя сумы, якія выцягнуць усю беларускую эканоміку, але яны дастаткова важныя, і калі тэндэнцыя апошніх гадоў працягнецца, валютная выручка ПВТ будзе расці, і гэта несумненна добра».

Што тычацца блокчэйна і крыптабіржы, Вадзім Іосуб зазначае, што тут самае галоўнае дасягненне – што нічога так і не было зроблена. Бо яшчэ на стадыі падхрытоўкі Дэкрэта сярод экспертаў абмяркоўваліся перасцярогі, што пад гэтым пунктам у межах беларускага заканадаўства могуць стварыць крыптаафшор.

Hавiны
Wall Street Journal: Беларусь – Крамянёвая даліна Усходняй Еўропы
2016.12.07 13:50

«Гэта быў бы рай для тых, хто адмывае грошы, хто зарабляе крыптавалюту незаконна, і нас бы абвінавацілі ў спрыянні ўхіленню ад падаткаў, і нават тэрарызму», – кажа эканаміст.

Спадара Іосуба радуе, што да Дэкрэта былі прынятыя строгія падзаконныя акты, якія зрабілі запуск крыптабіржы вельмі складаным.

«Я яшчэ раз падкрэсліваю: гэта вельмі добра, – кажа эксперт. – Нехта, магчыма, плача, што сарваліся цікавыя бізнэс-планы, але краіна пазбегла пагрозы стаць крыптаафшорам і трапіць у чорныя спісы. Гэта той рэдкі выпадак, калі нешта ня зробленае раптам аказалася пазітывам. А далейшае падзенне коштаў на крыптавалюту практычна закрывае цікавасць да гэтай тэмы, і ўрэшце яна сама па сабе заглохне».

Аб’ектыў
Як выхаваць сапраўднага праграміста распавялі ў Менску
2018.11.30 22:12

Былы кіраўнік ПВТ: Крыптавалютная біржа – крыніца значных сродкаў для краіны

Не пагаджаецца з аналітыкам Валер Цапкала, былы кіраўнік ПВТ. Ён упэўнены, што крыптавалютная біржа можа стаць крыніцай прыцягнення ў краіну вялікіх сродкаў. Але пры ўмове правільнай рэалізацыі. І перасцярогі пра «адмыванне» грошай ён лічыць перабольшанымі.

«У той жа Швейцарыі, напрыклад, біржа працуе, а пра выпадкі «адмывання грошай» нешта не чуваць, – кажа эксперт. – Так, крыптавалюта сапраўды можа стаць спосабам «адмывання» грошай. Але трэба сачыць за працай біржы. Ці будзе яна служыць на карысць, залежыць ад таго, як з ёй працаваць, а не ад таго, што яна сама па сабе дрэнная. Яна не дрэнная, яна можа прыносіць рэальныя грошы краіне».

Hавiны
Валера Цапкалу вызвалілі ад кіраўніцтва ПВТ
2017.03.02 10:22

Спадар Цапкала распавёў, што ў 2018 годзе ў свеце стартапы з дапамогай ІСО (крыптаплатформы) прыцягнулі 13,7 млрд долараў. Праз Сінгапурскую платформу, напрыклад, за 2018 год прайшло 1,2 млрд долараў. Дзяржава бярэ сабе 6% ад дзейнасці біржы. Атрымліваецца, што ў бюджэт пайшло 72 млн долараў. Эстонія сёлета прыцягнула праз сваю платформу 323 млн долараў, Літва – 259 млн. У Беларусі пакуль усё на словах.

«Трэба дачакацца рэалізацыі, каб паглядзець, як гэта будзе працаваць у нашых умовах, і ці стане ІСО інструментам прыцягнення сродкаў у беларускія стартапы, – кажа былы кіраўнік ПВТ. – Бо атрымліваецца, што мы былі аднымі з першых, хто ўсё гэта анансаваў, але далей справа не прасунулася, і іншыя краіны нас ужо паспяхова апераджаюць, – кажа эксперт. – Пакуль няма нават пачатку дзейнасці, нельга казаць, ці даў Дэкрэт нешта, ці не, як і лічыць яго дрэнным, бо гэта толькі дакумент».

Аб’ектыў
Майнінг крыптавалютаў акупіць будоўлю БелАЭС?
2017.12.29 21:29

Дзяржаўныя органы не ўмеюць камунікаваць з Дэкрэтам

Пазітыўна ацэньвае Дэкрэт дырэктар па развіцці кампаніі-рэзідэнта ПВТ «Instinctools» Віталь Шчыглінскі. Хоць таксама пагаджаецца, што пра вынікі казаць рана.

«Дэкрэт сам па сабе вельмі добры. Але, каб ён запрацаваў у поўную сілу, сур’ёзную працу трэба зрабіць іншым дзяржаўным органам, – кажа спадар Віталь. – Напрыклад, банкаўскай сістэме, без наладкі якой немагчымы зварот крыптавалют. І атрымліваецца, што Дэкрэт як бы ёсць, але іншыя дзяржаўныя органы не ўмеюць з ім камунікаваць».

ВІДЭА
Віцэ-прэм’ер Сямашка: Выручка ад ПВТ па выніках году складзе $ 1 млрд
2017.12.20 11:17

Але такая павольнасць дзяржавы, на думку Віталя Шчыглінскага, някепская. Працаваць з гэтай сферай трэба акуратна, бо ёсць сапраўды вялікія рызыкі – напрыклад, узнікненне тых жа крыптавалютных афшораў.

Hавiны
Віктар Пракапеня: IT-сектар дае больш ВУП Беларусі, чым уся прамысловасць
2018.11.05 16:14

У рамках Дэкрэта «Instinctools» плануе запусціць некалькі праектаў, у тым ліку – стварыць на базе дзяржаўных беларускіх банкаў крыптаабменнікі. Цяпер кампанія чакае далейшай дапрацоўкі заканадаўства, каб распачаць працу.

Марына Маўчанава/Belsat.eu

Стужка навінаў