Улады адабралі ФК «Дынама-Менск» у Юрыя Чыжа менш чым за тры гадзіны


Эканамічны суд Менску 22 траўня пастанавіў скасаваць рашэнне ад 1999 года аб выпуску акцыяў ЗАТ ФК «Дынама-Менск», большасцю якіх валодала кампанія «Трайпл» бізнесоўца Юрыя Чыжа. Такім чынам, Чыжа пазбавілі маёмасці амаль на 500 тысяч долараў – прынамсі за такую суму нядаўна быў гатовы прадаць свой пакет акцыяў алігарх.

Суд адбыўся на падставе пазову Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Менгарвыканкама да ЗАТ ФК «Дынама-Менск». Галоўнае ўпраўленне патрабавала адмяніць рашэнне ЗАТ ФК «Дынама-Менск» аб выпуску 108 простых акцыяў (пратакол № 10), прынятае таварыствам у снежні 1999 года. Большасць з гэтых акцыяў атрымала ў сваю ўласнасць кампанія «Трайпл», падкантрольная Юрыю Чыжу. Разгляд справы, па сутнасці, распачаўся 22 траўня а 14.15, а рашэнне было агучана ў 16.55. То бок, каб пазбавіць Чыжа права на пакет акцыяў «Дынама», якім ен валодаў амаль 20 гадоў, суду хапіла 2 гадзінаў і 40 хвілінаў.

Суддзя зачытвае рашэнне

Чыноўнікі патрабавалі скасаваць уласнае права на акцыі

ЗАТ ФК «Дынама-Менск» было зарэгістравана ў ліпені 1998 года. Устаўны фонд таварыства складаўся з 265 млрд тагачасных рублёў, падзеленых на 53 акцыі. Большасцю з іх валодаў Менгарвыканкам (24). Таксама сярод акцыянераў было Міністэрства спорта і турызму (10), Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» (10), МУС (4), «Беларусбанк» (2), «Белавіа» (1), «Белтелекам» (1), «Аліварыя» (1). У жніўні і лістападзе 1999 года адбыліся змены ў ліку ўдзельнікаў ЗАТ ФК «Дынама-Менск». У прыватнасці, МУС і «Аліварыя» таварыства пакінулі, затое з’яўвіліся кампаніі Юрыя Чыжа «Трайпл» і ТАА «Рэстаран Ракаўскі бровар». 9 снежня 1999 гада ЗАТ прымае пратакол № 10, у адпаведнасці з якім выпускаюцца новыя акцыі і фармуецца новы статутны фонд у памеры 540 млрд тагачасных рублёў. Большасць акцыяў атрымалі «Трайпл» (40 акцыяў), упраўленне спорту і турызму Менгарвыканкама (38) і «Ракаўскі бровар» (13). У сваёй позве Галоўнае ўпраўленне спорту і турызму Менгарвыканкама патрабавала прызнаць легітымным склад акцыянераў узору 1998 года, а рашэнне аб змене спісу акцыянераў скасаваць. Парадокс сітуацыі заключаецца ў тым, што Галоўнае ўпраўленне спорту і турызму адначасова патрабавала ад суду скасаваць і ўласнае права на валоданне акцыямі «Дынама».

«Вы не хочаце быць акцыянерам? – спытаў падчас суду прадстаўнік «Дынама», адвакат Дзмітрый Тарасаў. – Пазоўнік шкодзіць сам сябе і спрабуе нашкодзіць іншым».

Аднак насамрэч усё проста: хоць дэ-юрэ Галоўнае ўпраўленне спорту і турызму і Менгарвыканкам зʼяўляюцца рознымі юрыдычнымі асобамі, але дэ-факта гэта адныя і тыя ж гарадскія ўлады. То бок у выніку рашэння суду Менгарвыканкам зноў стаў асноўным акцыянерам ЗАТ ФК «Дынама-Менск». А Чыж, паводле суду, амаль 20 гадоў валодаў «Дынама» незаконна.

Юры Чыж. Фота: REUTERS/Gennady Semenov/BelTA/Handout/ FORUM

Мяркуючы па ўсім, улады вырашылі пазбавіць Юрыя Чыжа пакета акцыяў ЗАТ ФК «Дынама-Менск» у сярэдзіне 2018 года. Паводле чутак, адпаведнае рашэнне ўлады прынялі пасля разгромнай паразы «Дынама» ад «Зеніта» ў Лізе Еўропы з лікам 1-8. Прадстаўніца «Трайплу» у судзе распавяла, як развіваліся падзеі.

Чыжу прапаноўвалі бясплатна аддаць акцыі

У канцы жніўня кампаніі Чыжа паступіў зварот ад Менгарвыканкаму за подпісам старшыні Андрэя Шорца з прапановаю бясплатна аддаць ва ўласнасць гораду Менску ўсе акцыі ЗАТ ФК «Дынама-Менск» (аналагічны ліст быў накіраваны «Ракаўскаму бровару»). Чыж ад гэтай прапановы адмовіўся, адзначыўшы, што гатовы толькі прадаць свае акцыі. У кампаніі «Трайпл» лічаць, што выдаткавалі на «Дынама» шмат сродкаў: толькі на набыццё акцыяў сышло каля мільёна долараў, каля 2 мільёнаў на даўгі, таксама была спонсарская дапамога («Прессбол» у свой час адзначаў, што агулам за 19 гадоў алігарх выдаткаваў на клуб амаль 65 млн долараў). Між тым, Чыж прапаноўваў уладам прадаць «Дынама» ўсяго за мільён беларускіх рублёў.

У пачатку 2019 года «Трайпл» цвёрда вырашыў прадаць акцыі «Дынама» іншым удзельнікам ЗАТ, але на той момант улады ўжо ўвялі забарону на продаж акцыяў – аказалася, што адпаведнае рашэнне было прынятае яшчэ 7 снежня па загаду Міністэрства фінансаў. Прадстаўнікам «Трайплу» патлумачылі, што гэта было зроблена «ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь». 20 сакавіка Менгарсавет прыняў рашэнне аб адмене дзяржаўнай рэгістрацыі акцыяў «Дынама» ад 23 снежня 1999 года. Як высветлілася ў судзе, Менгарсавет убачыў парушэнне заканадаўства пасля адпаведнага ліста з КДК ад таго ж 20 сакавіка – то бок рэакцыя дэпутатаў была імгненнай. Такім чынам, паколькі ў Менгарвыканкама не атрымалася забраць пакет акцыяў Чыжа бясплатна, то ўлады вырашылі пайсці іншым шляхам і проста прызнала акцыі алігарха несапраўднымі.

Эканамічны суд Менску

У сваёй позве ўпраўленне спорту і турызму спасылалася на парушэнне працэдуры рэгістрацыі акцыяў у 1999 годзе, а таксама на сёлетняе рашэнне Менгарсавету. Прадстаўнікі ЗАТ ФК «Дынама-Менск», «Трайпла» і «Ракаўскага бровара» пазоў не прызналі, адзначыўшы, што выпуск акцыяў адбыўся ў адпаведнасці з законам. А нават калі б і былі дапушчаныя тыя ці іншыя парушэнні, то тэрміны пазоўнай даўнасці ўжо прайшлі – больш за 19 гадоў ніхто рашэнне ЗАТ не аспрэчваў.

У Юрыя Чыжа belsat.eu заявілі, што бізнесовец цяпер не мае магчымасці пракаментаваць сітуацыю з акцыямі ЗАТ ФК «Дынама-Менск».

Юрый Чыж працяглы час лічыўся адным з найбольш уплывовых бізнесоўцаў краіны, які ўваходзіў у найбліжэйшае кола Аляксандра Лукашэнкі (яго нават называлі «гаманцом» кіраўніка краіны). У 2013 годзе Чыж узначаліў рэйтынг 200 самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў, які рэгулярна складае інтэрнэт-партал «Ежедневник». У тым жа годзе ён атрымаў узнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі – ордэн Айчыны III ступені. Аднак потым Чыж трапіў у апалу. У сакавіку 2016-га яго арыштаваў КДБ і звінаваціў ва ўхіленні ад нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. У верасні таго ж года Чыжа вызвалілі, але бізнес алігарха імкліва пайшоў на спад.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары