Прадстаўнікі Следчага камітэту і міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што інспектар ДАІ з Магілёву Яўген Патаповіч скончыў жыццё самагубствам.
Сустрэчу правялі намеснік начальніка крымінальнага вышуку МУС Максім Свірыд і начальнік галоўага следчага ўпраўлення Следчага камітэту Яўген Архірэеў, якія непасрэдна працавалі на месцы здарэння.
Інфармацыя пра выкраданне 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі асобамі з цыганскім абліччам на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася.
Паводле Архірэева, у Патаповіча яшчэ ў красавіку былі спробы здзейсніць самагубства.
«Спецыялісты, вывучыўшы ноўтбук Патаповіча, высветлілі, што 1 красавіка ён падрыхтаваў паведамленні калегам і родным, дзе змяшчалася інфармацыя пра яго суіцыдальныя намеры. Некаторыя паведамленні ён адправіў знаёмым», – сказаў ён.
У СК сцвярджаюць на аснове здымкаў з месца здарэння, што рукі афіцэра былі ў пазіцыі, у якой ён мог выканаць стрэл. Акрамя таго сляды крыві выяўленыя на правай руцэ загінулага.
Следства вывучыла ўсе дзеянні Патаповіча ў дзень гібелі, калі ён на папутным аўце дабраўся да чыгуначнага пераезду ў раёне вуліц Першамайская і Вакзальная. Следчыя сцвярджаюць, што 16 траўня з 11-ай да 13-ай ён прыбываў да таго месца, дзе знайлі цела.
«У гэты дзень ён самастойна пастанавіў паехаць у пазначанае месца, праігнараваўшы ўказанні аператыўнага дзяжурнага выбыць для афармлення ДТЗ у завулку Арлоўскім. На месцы здарэння выяўлены табельны пісталет, два магазіны, 15 патронаў, ягоныя асабістыя рэчы. Апроч таго, тры пакеты дроваў, вадкасць для распальвання агню і рыдлёўку. Каля 11:00 у адной з крамаў ён набываў гэтыя рэчы».
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Следства цяпер шукае кіроўцу аўта, які давёз Патаповіча да месца здарэння.
***
Цела лейтэнанта міліцыі знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Смерць міліцыянта наступіла ў выніку агнястрэльнага ранення ў галаву.
Пасля забойства Патаповіча міліцыя зладзіла зачыстку ромскіх сем’яў у пасёлку Чапаеўка.
Сям’я і сваякі казалі, што хлопец быў вельмі пазітыўны і любіў жыць.
18 траўня Яўгена Патаповіча пахавалі.
ДР belsat.eu