Скаардынаваны ціск: спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага

Усяго за апошнія два дні пасля сустрэчаў з гомельцам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах Беларусі затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Мы сабралі спіс прыхільнікаў блогера, які 7 траўня выпусціў відэа з заявай пра намер балатавацца на прэзідэнта Беларусі.

Магілёў

Кастрычніцкі суд пакараў арыштам прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Трох удзельнікаў каманды «Краіна для жыцця» і двух магілёўцаў, якія адбівалі ў міліцыі аўтадом актывістаў 5 траўня, асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі:

Уладзімір Няронскі – 10 содняў

Арцём Сакаў – 5 содняў

Аляксандр Арановіч – 6 содняў

Сцяпан Лазаронак – 5 содняў

Вячаслаў Зайцаў – 2 содняў

Затрыманы журналіст і праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў. У дачыненні яго склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 КоАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

Затрыманне Аляксандра Буракова каля будынку суда. Фота belsat.eu

Затрыманы аператар-фрылансер Міхаіл Аршынскі, які супрацоўнічае з «Белсатам», заявіў хадайніцтва аб адвакаце. Яму далі час да 12 траўня. Аднак праз пару хвілінаў пасля выхаду з залы суда яго зноў затрымалі нібыта паводле новай адміністратыўнай справы і адвезлі ў ізалятар. Ён нават не паспеў узяць падрыхтаваных для адседкі рэчаў.

У Магілёве – суды, у Глыбокім – затрыманні. Затрымалі таксама журналістаў «Белсату»

Ліда

Фельчар хуткай дапамогі Павел Палейчык атрымаў 7 дзён арышту.

7 дзён атрымаў Андрэй Паляковіч.

Фельчар Аляксей Краўчук, Алег Краўцоў, Максім Палонскі, Павел Анціпкін затрыманыя. Суд над імі адбудзецца 11 траўня.

Глыбокае

Затрыманы 8 траўня фрылансэр Зміцер Лупач, які супрацоўнічае з «Белсатам», застанецца ў пастарунку да суда, які адбудзецца 11 траўня. На журналіста склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Зміцер Лупач суправаджаў Сяргея Ціханоўскага падчас ягонага візіту ў Глыбокае.

Берасце

Разгляд справы затрыманага блогера Сяргея Пятрухіна адбудзецца 11 траўня. Ён правядзе выходныя ў ізалятары.

Таксама затрыманыя чатыры праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу Уладзімір Мароз, Канстанцін Астапук, Дзяніс Малышэнка і Юрый Калько.

«З раніцы ідзе хапун». У Берасці не менш як чатыры затрыманыя

Горадня

Актывіст Аляксандар Лаўрэнцьеў атрымаў 7 дзён арышту.

Рэжысёр Васіль Калач, Алена Сахарчук, Юры Шока ўтрымліваюцца ў Ленінскім РАУС Горадні. На іх склалі пратаколы за парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў. Гарадзенскага актывіста Мікалая Саляніка міліцыянты заблакавалі ў кватэры. Дзвераў ён не адчыняе.

Гомель

Аляксея Саламашанку з вёскі Рудня Марымонава прысудзілі да 15 содняў арышту. Валер Рэпін атрымаў штраф памерам 135 рублёў. Актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве – акцыі кармлення галубоў ля нулявога кіламетра ў цэнтры Гомля 3 траўня.

Самога Сяргея Ціханоўскага міліцыя затрымала 6 траўня ў Магілёве. Затым хваля рэпрэсіяў закранула ягоных прыхільнікаў Глыбокім, Гомлі, Горадні, Лідзе, Магілёве, Берасці.

Міліцыя спрабавала сарваць сустрэчу блогера Сяргея Ціханоўскага з падпісчыкамі

ДР belsat.eu

Hавiны