Штодня ў больніцы Берасця паступае каля 80 інфікаваных каронавірусам

Актывіст Аляксандр Кабанаў корміць галубоў на плошчы ў Берасці. Фота «Белсат»

Блогер з Берасця Аляксандр Кабанаў ужо 9 дзён знаходзіцца ў Берасцейскай цэнтральнай гарадской больніцы з дыягназам правабаковая пнеўманія. Раней у яго выявілі каронавірус. Блогер распавёў «Белсату», што пераносіць інфекцыю даволі лёгка.

Блогер і актывіст Аляксандр Кабанаў распавядае, што адчувае сябе адносна добра. Некалькі дзён запар падымалася тэмпература. Прысутнічае і адметны сімптом каронавірусу: няма адчування пахаў і смаку.

«Міліцыянты, якія стаялі каля палаты, сышлі. Цяпер я ў палаце з іншым пацыентам. Раней быў чалавек, якога забралі ў рэанімацыю, а на ягонае месца змясцілі іншага. Яны таксама з каронавірусам. Той пацыент, якога перавялі ў рэанімацыю – лекар. Ягоны стан даволі складаны, тры дні трымалася вельмі высокая тэмпература, і была сталая патрэба ў кіслародзе, бо іначай кепска адчуваў сябе. Лекары кажуць, што ў ягонай сітуацыі абышлося без штучнай вентыляцыі лёгкіх, бо гэтая працэдура лічыцца вельмі небяспечнай. Ягоныя рэчы засталіся ў палаце, але сюды змясцілі іншага інфікаванага, які таксама на кіслародзе», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Штрафы, содні ды каронавірус – пакаранне за грамадскую актыўнасць у Берасці

«У шпіталі я ўжо каля 9 дзён. Сказалі, што прыкладна тры тыдні павінен пацыент знаходзіцца ў больніцы на лячэнні. У суботу зрабілі чарговы тэст, вынікі павінныя быць неўзабаве. Акрамя таго рэгулярна бяруць кроў, робяць кардыяграму».

Персанал у больніцы працуе ў складаных умовах

Блогер кажа, што відавочна, наколькі складана даводзіцца працаваць персаналу больніцы. Падключаюць людзей з іншых аддзяленняў. Мітусяцца і медсёстры, і санітаркі, бо не хапае рук. Цяжка ім працаваць. Але медперсанал у ахоўных касцюмах, масках, пальчатках.

Берасцейская цэнтральная гарадская больніца. Фота: Мілана Харытонава / «Белсат»

Лекары распавялі Аляксандру Кабанаву, што ў Берасці вырасла колькасць набываных мяхоў для памерлых. Вядома, што ніхто не даваў яму дакументаў, якія б пацвярджалі гэты факт. Але медыкі ў размове пацвярдзілі, што такая сітуацыя мае месца.

«Увогуле, мне падаецца, што ўлады не разумеюць, што медыкі, гэта не міліцыянты, якім можна аддаваць загады. Яны распавядаюць, што адбываецца, гавораць сваім родным, інфармацыя распаўсюджваецца ўсё больш і больш», – кажа блогер.

Насамрэч колькасць інфікаваных нашмат большая, чым афіцыйна агучваецца

Аляксандр Кабанаў выказвае меркаванне, што на самой справе колькасць інфікаваных нашмат большая, чым агучваецца афіцыйна.

«У шпіталі, у якім я знаходжуся, галоўны лекар распавёў, што кожны дзень у сярэдні паступае каля 50 асобаў. Але ў Берасці яшчэ шэраг шпіталяў, у якіх лечаць інфікаваных каронавірусам. З COVID-19 паступаюць у абласны шпіталь, чыгуначны шпіталь, тубдыспансер, скуравенералагічны. Як мінімум у кожны паступае каля 30 асобаў штодня. Таму толькі ў адным Берасці кожны дзень колькасць інфікаваных каронавірусам павялічваецца як мінімум на 80 пацыентаў. А афіцыйна гучыць, што па краіне рост колькасці інфікаваных за дзень складае каля 900 асобаў. Гэта проста жах», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Міліцыянты затрымалі берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава

Аляксандр Кабанаў надалей лічыць, што заразіўся каронавірусам ад міліцыянтаў.

«Раней ужо казаў, што камунікаваў практычна толькі з міліцыянтамі. Як мінімум сем асобаў, якія знаходзіліся разам са мной у аўтамабілі. Мы былі ў масках, але досыць доўга ехалі, амаль дзве з паловаю гадзіны».

Аляксандр Кабанаў патрапіў у Цэнтральную гарадскую больніцу Берасця 9 траўня – пасля таго, як сам выклікаў хуткую дапамогу. Праваабаронцы дапускаюць, што вірус Кабанаў мог падхапіць і пад час знаходжання ў берасцейскім ІЧУ, дзе адбываў 15 содняў за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу.

Блогер не выключае, што пасля выпіскі з больніцы яго, як шэраг іншых актывістаў, таксама чакае суд.

У блогера Аляксандра Кабанава – COVID-19, Сяргея Пятрухіна забралі ў шпіталь з ізалятару

СК belsat.eu

Hавiны