Штрафы, содні ды каронавірус – пакаранне за грамадскую актыўнасць у Берасці


Уладзімір Мароз у судзе. Міліцыянты забаранілі прысутным здымаць, а родным – перадаць перадачу. Фота «Белсат»

У Берасці другі дзень запар судзяць актывістаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях. Месцазнаходжання затрыманых сваякам не паведамлялі.

Актывіст Уладзімір Мароз атрымаў штраф у памеры 30 базавых велічыняў (Br 810) і быў затрыманы ў залі суда без тлумачэння прычынаў. На просьбу карэспандэнта «Белсату» паказаць міліцэйскае пасведчанне, міліцыянт адказаў: «Пакажу ў ленінскім РАУС». На паседжанні 12 траўня міліцыя не дазволіла журналістам здымаць, а сваякам – адмовіла ў перадачы.

Праваабаронцу Рамана Кісляка судзілі патаемна. АМАП затрымаў яго 10 траўня. Трое содняў было невядома, дзе канкрэтна ўтрымліваюць праваабаронцу – ягоная маці накіравала заяву аб знікненні сына ў пракуратуру. 12 траўня стала вядома, што праваабаронца Раман Кісляк знаходзіцца ў ІЧУ Берасце. Пра гэта маці праваабаронцы паведамілі ў ізалятары. Калі судзілі Уладзіміра Вялічкіна, яго жонку Маргарыту выдалілі з судовай залы.

Уладзімір Вялічкін.
Фота: Belsat.eu

Уладзімір Вялічкін атрымаў 50 базавых велічыняў штрафу (Br 1350) за працу на акцыі супраць акумулятарнага заводу, і быў зноў затрыманы ў зале суду і дастаўлены ў ІЧУ Берасця. 30 базавых (Br 810) за сустрэчу з Ціханоўскім атрымаў Віталь Казак і зноў быў затрыманы. На сёння суды скочаны.

Віталь Казак у судзе 12 траўня 2020 года.
Фота: «Белсат»

Уладзімір Дземенцянюк, удзельнік акцыі кармлення галубоў у Берасці, таксама атрымаў Br 810 штрафу. Яго, як і Дзяніса Малышэнку, Віталя Казака, Канстанціна Астапука вінавацяць паводле артыкулу 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Судзяць большасць грамадскіх актывістаў, блогераў і праваабаронцаў за ўдзел у кармленні галубоў у цэнтры Берасця, дзе людзі кожную нядзелю выступаюць супраць запуску ля горада заводу акумулятарных батарэяў.

Сяргей Пятрухін у судзеб 11 траўня 2020. Фота «Белсат»

11 траўня 15 содняў арышту атрымаў блогер каналу «Народны рэпарцёр» Сяргей Пятрухін. Пад час працэсу ў блогера ўзнялася тэмпература. Асобы, якія прыйшлі падтрымаць Сяргея, выклікалі хуткую, але міліцыя не дазволіла аказаць дапамогу Пятрухіну. Увечары блогер усе ж апынуўся ў лякарні.

Актывіст Аляксандр Кабанаў корміць галубоў на плошчы ў Берасці. Фота «Белсат»

У яшчэ аднаго аўтара каналу «Народны рэпарцёр» Аляксандра Кабанава выявілі каронавірус, ён таксама знаходзіцца ў лякарні. Як мяркуе праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін, існуе высокая верагоднасць таго, што вірус Кабанаў падхапіў пад час знаходжання ў берасцейскім Ізалятары Часовага Утрымання, дзе Аляксандр адбываў 15 содняў за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу. Сам Уладзімір Вялічкін знік 10 траўня, яго сваякі да сённяшняга дня не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Толькі сёння пацвердзіліся здагадкі, што праваабаронцу затрымалі – матэрыялы справы Вялічкіна паступілі ў суд Ленінскага раёну Берасця.

Hавiны
У Берасці затрыманы праціўнік акумулятарнага заводу
2020.05.09 22:49

Тое ж самае зрабіла жонка актывіста Уладзіміра Мароза, які ўчора таксама знік. Нічога не вядома і пра актывіста Прафсаюзу РЭП Валерыя Фамінскага, якога затрымалі 10 траўня.

Юрый Калько распавядае, як яму зламалі палец пад час затрымання. Фота «Белсат»

Яшчэ аднаму актыўнаму берасцейцу, праціўніку акумулятарнага заводу Юрыю Калько зламалі палец. Актывіст правёў трое содняў у ІЧУ і 11 траўня атрымаў штраф Br 1080 (40 базавых велічыняў) паводле арт. 23.34 КаАП. На наступны дзень, 12 траўня, Калько затрымалі зноў.

Hавiны
«З раніцы ідзе хапун». У Берасці не менш як чатыры затрыманыя
2020.05.08 14:45

11 траўня Br 8010 (30 базавых) штрафу атрымаў затрыманы 9 траўня праціўнік акумулятарнага заводу Алег Вялаў. Такі самы штраф прысудзілі актывісту Дзянісу Малышэнку, якога пасля суда яго затрымалі зноў.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў