У блогера Аляксандра Кабанава – COVID-19, Сяргея Пятрухіна забралі ў шпіталь з ізалятару


Берасцейскія блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін цяпер знаходзяцца ў цэнтральнай гарадской больніцы Берасця. Кабанаў трапіў туды 9 траўня пасля таго, як сам выклікаў хуткую дапамогу. Пятрухін быў шпіталізаваны з ізалятару.

Пра гэта паведамляе сайт БАЖ.

Акрамя таго, што тэст Кабанава на каронавірус аказаўся станоўчым, яму дыягнаставалі правабаковую пнеўманію, а сярод сімптомаў – падвышаная тэмпература і адчуванне, што знікае пачуццё смаку. Кабанаў распавёў, што тэмпература ў яго трымаецца ўжо каля трох тыдняў: яшчэ з таго часу, калі ён знаходзіўся ў Пінскім раёне.

У больніцы Аляксандр Кабанаў падпісаў паперу пра правілы распарадку, дзе абавязаўся не выходзіць з палаты. Тут ён знаходзіцца адзін: у палаце ёсць халадзільнік, тэлевізар, рукамыйніца. Ежу пацыентам прыносяць, а лекары прыходзяць у супрацьвіруснай экіпіроўцы.

На іншым паверсе шпіталю цяпер знаходзіцца і блогер Сяргей Пятрухін. У яго таксама падвышаная тэмпература. У больніцу ён трапіў пасля суду, які адбыўся ўчора – Пятрухіну прызначылі 15 содняў. Спачатку міліцыянты павезлі Сяргея Пятрухіна з суда ў ізалятар, нават не дачакаўшыся выкліканай хуткай дапамогі. Але ў выніку яго шпіталізавалі пазней з ізалятару.

Аляксандр Кабанаў не выключае, што пасля выпіскі з больніцы яго таксама чакае суд. Блогер распавёў, што некаторы час каля яго палаты знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі.

Hавiны
У Берасці асудзілі затрыманых актывістаў, якія выступаюць супраць заводу АКБ
2020.04.20 18:23

 

КА belsat.eu

Стужка навінаў