«Шок попыту». Праз пандэмію беларускі бізнес згубіў 64 % выручкі, але мае шанец аднавіцца


Малы і сярэдні бізнес у Беларусі цяжка перажывае крызіс, выкліканы пандэміяй ды ўзмоцнены нестабільнасцю нацыянальнай валюты. Да такой высновы прыйшлі Даследчы цэнтр ІПМ і BERОС па выніках апытання, праведзенага сярод выпадковых прадпрыемстваў у красавіку. Яны даюць адказы на пытанні, як бізнес спрабуе выстаяць, і што ў гэтых умовах павінна зрабіць дзяржава.

Эпідэмія каронавірусу пачалася ў снежні 2019 году ў 11-мільённым кітайскім горадзе Уў-Хань , які першым быў закрыты на каранцін. 11 сакавіка САЗ абвясціла пандэмію, неўзабаве хваля локдаўну накрыла еўрапейскія мегаполісы. Яшчэ праз два месяцы асобныя краіны пачалі аслабляць каранцінныя захады, а Беларусь засталася адзінай у рэгіёне, дзе дагэтуль на ўзроўні дзяржавы жорсткіх абмежаванняў не ўводзілася.

На пачатку году дынаміка была станоўчая

Першымі наступствы пандэміі ва ўсім свеце адчулі ўласнікі бізнесу ў сферы паслуг: зачыненыя кавярні, бестэрміновыя адпачынкі, скарачэнне штату розных установаў сталі звыклай карцінай. Маштабныя страты панеслі і беларускія прадпрымальнікі. Як вынікае з апытання, праведзенага кампаніяй MIA Research па замове ІПМ на пачатку 2020 году, амаль 47 % з іх планавалі пашыраць свой бізнес.

«На канец лютага дынаміка была ў цэлым станоўчая. Сітуацыя характарызавалася як умерана аптымістычная. Скарачаць сваю дзейнасць збіраліся ўсяго 3 % рэспандэнтаў», – адзначыў старшыня Назіральнай рады Даследчага цэнтру ІМП Ігар Пеліпась.

Ігар Пеліпась. Фота research.by

З 400 апытаных кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў 47,5 % апісалі бягучы эканамічны стан як «ні кепскі, ні добры», 42,3 % – бліжэй да «добрага». У сярэдні па пяцібальнай шкале стан ацанілі на 3,38 балаў – гэта больш, чым падчас аналагічнага апытання ў 2019 годзе (3,36).

Разам з тым, Ігар Пеліпась звяртае ўвагу на асобныя парадоксы ва ўспрыняцці беларускім бізнесам стану эканомікі: 47,8 % адказалі, што ён пагаршаецца. Паводле яго, супярэчнасць у меркаваннях магла быць выкліканая асаблівасцямі менталітэту, негатыўным ухілам пры асвятленні сітуацыі ў медыях і ацэнкамі не заўсёды кампетэнтных экспертаў.

Зімовае апытанне даследчык называе ў пэўным сэнсе згубленым, бо з імклівым развіццём пандэміі малы і сярэдні бізнес адчуў такое ж імклівае падзенне па шэрагу паказнікаў.

Галоўныя праблемы

Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC) паставіў задачу «зрабіць здымак» беларускага бізнесу па стане на сярэдзіну красавіка. Цягам двух тыдняў даследчыкі апыталі 100 мікра, малых і сярэдніх кампаніяў у Менску і рэгіёнах.

«Нават пры адсутнасці жорсткіх каранцінных захадаў галоўнай праблемай для іх стаў шок попыту: 64 % адразу сутыкнуліся з рэзкім падзеннем выручкі. Шок адбыўся менавіта на ўнутраным рынку – гэта сведчыць, што і бізнес, і насельніцтва свядома скарацілі спажыванне ва ўмовах нарастаючай пагрозы COVID-19. Калі дэталізаваць, то падзенне больш, чым на 20 % адчулі 40 % апытаных», – тлумачыць старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Радзівон Марозаў.

Радзівон Марозаў. Фота са старонкі ў Facebook

Да таго ж, адмоўны ўплыў аказала нестабільнасць нацыянальнай валюты: у сакавіку беларускі рубель падаў, а потым пачаў умацоўвацца. «Тут не столькі важны быў накірунак, колькі сама нявызначанасць. Бізнес не ведаў, куды рухацца», – дадае Марозаў.

Паводле яго, прыватны сектар хутчэй і больш маштабна рэагуе на негатыўныя зрухі ў эканоміцы. У першую чаргу, прадпрыемствы пайшлі на скарачэнне выдаткаў на аплату працы і колькасці персаналу. Найбольш моцны ўдар прыйшоўся на транспарт, рэстарацыі і гасцініцы – там скарацілі штат. Адначасова сфера ІТ, прамысловасці і бухгалтарскіх паслуг намагаюцца захаваць чалавечы капітал, адаптуючы фармат працы пад умовы пандэміі.

Каб захаваць бізнес, кіраўнікі большасці кампаніяў намагаюцца сёння ісці на аптымізацыю выдаткаў, не звязаных з аплатай працы: дамаўляюцца з партнёрамі аб скасаванні перадаплаты, зніжэнні арэнды, прадстаўляюць зніжкі кліентам. Адметна, што прыкладна чвэрць апытаных не рабіла пакуль ніякіх захадаў у спадзяванні неяк перажыць цяжкія часы.

Аднак даследаванне паказвае, што, нават ідучы на саступкі, малы бізнес мае «падушку бяспекі» толькі на 2 месяцы, калі не прыбягаць да вонкавых фінансавых уліванняў. І тут на першы план выходзіць дапамога з боку дзяржавы.

Hавiны
Румас распавёў, колькі грошай плануецца накіраваць на падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі
2020.04.02 10:14

Што павінна зрабіць дзяржава?

Самая папулярная мера, якую рэспандэнты чакаюць ад дзяржавы – саступкі ў сферы падаткаабкладання.

«Падатковыя канікулы прынцыповыя для прадпрыемстваў усіх памераў, гэтая мера стабільна займае першае месца. Акрамя таго, чым большы бізнес – тым больш запатрабаванае зніжэнне арэнднай платы за памяшканні і адлічэнняў у ФСЗН», – кажа Радзівон Марозаў.

Таксама ў найбольш пацярпелых галінах ёсць патрэба ў наўпроставых субсідыях, грантах і крэдытных ільготах.

Без дапамогі дзяржавы ў кароткатэрміновай перспектыве каля 114 тысяч чалавек могуць згубіць свае працоўныя месцы, папярэджваюць эксперты.

У BEROC мяркуюць, што дзяржава павінна дапамагчы бізнесу перажыць крызіс, каб пасля яго прадпрыемствы аднавіліся і прапанавалі яшчэ болей працоўных месцаў, чым паспрыялі б росту эканомікі Беларусі. Плюсам будзе і стварэнне ўмоваў для добраахвотнай і хуткай кансервацыі часткі кампаніяў з мінімальнымі наступствамі для бізнесоўцаў.

Агулам эксперты раяць дзяржаве не абмяжоўвацца кароткатэрміновымі рашэннямі, а рэагаваць на структурныя праблемы эканомікі: павышаць канкурэнтаздольнасць, забяспечваць роўны доступ на рынак, развіваць экспарт і ўхваляць самаарганізацыю малога бізнесу.

Hавiны
Лукашэнка зацвердзіў меры па падтрымцы эканомікі ва ўмовах пандэміі
2020.04.24 20:22

Шанец ёсць

Эксперты адзначаюць, што па завяршэнні пандэміі наступіць эканамічная рэцэсія і, безумоўна, станоўчая сітуацыя не складзецца адразу. Яе можна будзе параўнаць з рэцэсіяй 2015-2016 гадоў, калі ВУП скараціўся на 3,8 %.

Калі цяпер бізнес будзе пільна сачыць за сваёй кароткатэрміновай ліквіднасцю, асвойваць альтэрнатыўныя фарматы дзейнасці і варыянты ланцужкоў паставак, а таксама весці празрысты дыялог з партнёрамі, дзяржавай і кліентамі – шанец утрымацца ёсць. «Большасць перажыве пандэмію і адновіць попыт», – мяркуе Марозаў.

Каб ужо сёння пераадолець праблему, звязаную з пандэміяй, некаторыя прадпрыемствы ідуць на наступныя захады: перапрафілююць вытворчасць пад актуальныя праблемы (прыклад – пашыў масак і сродкаў абароны), прадстаўляюць сваю маёмасць у бясплатнае карыстанне больш пацярпелым групам бізнесу, бясплатна надаюць уразлівым слаям насельніцтва розныя тавары і ахвяруюць грошы на медыцыну.

«Бізнес намагаецца дапамагаць валанцёрам, але яшчэ часцей дапамагае наўпрост медычным установам. 9 % ужо ахвяруюць грошы, 24 % спрабуюць гэтым займацца. Гэтыя лічбы ўсяляюць аптымізм і выклікаюць павагу, пры ўсіх наяўных праблемах», – кажа Радзівон Марозаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў