Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?


 

Пандэмія цягнецца два месяцы, і людзі ўжо гадаюць, якім будзе жыццё пасля яе. Ёсць версія, што ўсё мы зробімся дабрэйшыя (але беларусаў гэта можа не закрануць). А што збяднеем, то больш верагодна. Кітай за першыя тры месяцы года згубіў праз пандэмію 6,8 % ВУП. Аднак гэта не спыніла кітайцаў пасля зняцця каранціну адразу кінуцца траціць грошы.

«У Гуан-Чжоў адкрылі краму «Гэрмэс» – скураныя вырабы, кашалькі. У іх за дзень выручка крыху меншая за $ 3 млн. Людзі настолькі стаміліся баяцца, што, натуральна, трэба схадзіць і пагуляць, трэба сябе пацешыць», – распавядае пра кітайскі досвед менеджар развіцця бізнесу кампаніі «SATIO» Валянцін Сакалоўскі.

Пасля пандэміі адкладзены попыт спрацуе і ў Беларусі – продажы ў крамах спачатку заўважна вырастуць, а потым мы згадаем, што трэба эканоміць. Дарэчы, падчас падзення рубля добра скаканулі продажы смартфонаў, таблетаў і ноўтбукаў. У тэлевізары і лядоўні ўжо ніхто не ўкладаецца.

Зніжак пасля пандэміі будзе менш

«Сярэдняя глыбіня зніжак у 2 разы ніжэйшая, чым год таму. Абсалютна на ўсіх рынках, якія аднаўляюцца пасля пандэміі або ў якіх хоць бы намецілася якая-небудзь тэндэнцыя аднаўлення», – заўважае Валянцін.

У Еўропе, звыклай да 60-адсоткавых распродажаў, цяпер не знайсці зніжак, вышэйшых за 30 %. Хутчэй за ўсё, у нас будуць удвая меншыя. Затое бум на дастаўку можа падштурхнуць яе далейшае развіццё.

«Па краінах Балтыі, па Польшчы мы бачым, што «буміт» не дастаўка ежы, «бумят» онлайн-замовы з магчымасцю іх забраць з якога-небудзь месца. Гэта можа быць паштамт, гэта можа быць магчымасць забраць проста з гандлёвай залы – калі ты прыехаў і забраў гатовы пакет з камеры захоўвання», – прыводзіць прыклад Сакалоўскі.

Таксама чакаецца, што пакупнікі сталага веку актыўней пачнуць карыстацца онлайн-замовамі.

Асабісты капітал
Парады на кожны дзень: як плаціць у краме ўдвая менш
2020.02.10 19:05

Эра танных падарожжаў скончана?

А вось падарожжаў пакуль не будзе. Свае межы для іншаземцаў краіны не будуць адкрываць да апошняга. Аптымісты кажуць, што да восені, песімісты – што да наступнага лета.

«Тое, што мы бачым ад нашых пастаўляльнікаў, – гэта ўнутраная заява кіраўніцтва «Lufthansa» пра тое, што канцэрн «Lufthansa» стаіць да кастрычніка месяца ўключна. То бок не лётае. Калі яны збіраюцца стаяць паўгода, значыць, яны ведаюць нешта большае», – дзеліцца ўнутраным інсайдам авіяэксперт Аляксандр Ланецкі.

Афіцыйна аб гэтым не заяўляюць, каб не пачаўся вал вяртання грошай за квіткі. Іх, дарэчы, працягваюць прадаваць шмат якія авіякампаніі, але набываць нешта – дужа рызыкоўна. Нават калі пералёты дазволяць, эксперт лічыць, што першым адновіцца ўнутраны турызм. Яго дзяржавам прасцей датаваць.

«Калі сапраўды будуць стаяць на зямлі паўгода, да чаго гэта прывядзе? А да таго, што іншыя лоўкостэры, акрамя «Ryanair» і «Wizzair», сыдуць з рынку. Яны стратныя. У іх няма падушкі бяспекі, каб праседзець столькі на зямлі», – прагназуе Аляксандр.

Асабісты капітал
Лоўкостам тут не месца. Беларусам не дадуць лятаць танна
2020.01.28 14:00

Адзін дзень стаянкі ў аэрапорце каштуе авіякампаніі € 100–1000 за самалёт. Мінімум палова авіякампаніяў збанкрутуе, астатнія будуць праз павышэнне коштаў кампенсоўваць свае страты. Лётаць стане дорага. Прагнозы для авіягаліны не аптымістычныя.

«Вяртанне на паказнікі 2018 года ў 2023 годзе. Гэта значыць, мінімум тры-чатыры гады зойме аднаўленне», – прагназуе эксперт.

Сярод прыемных наступстваў пандэміі можна адзначыць штуршок да мадэрнізацыі медыцыны. Яна і так у неблагім стане, але падтрыманне Еўразвязу нам не будзе лішнім.

IT-краіна без анлайн адукацыі

Нарэшце вылезлі на свет усе праблемы адукацыі. Хутка зарыентаваліся з дыстанцыйным навучаннем прыватныя цэнтры, крыху павольней, але перабудаваліся ўніверсітэты. А вось школа не цягне новых тэхналогіяў.

«Дзяржаўная сістэма адукацыі, менавіта агульнай сярэдняй, абсалютна ніяк не зменіцца. Таму што яна непаваротлівая, і ў яе няма магчымасці і рэсурсаў мяняцца. Усё, што павінны былі зрабіць, не зрабілі», – не мае аптымізму кіраўнік праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі.

Размова
Адстаўка міністра не ўратуе школы
2020.04.30 22:25

З 2011 года дзяржава фінансавала некалькі праграмаў развіцця электроннай адукацыі. Але вынік – блізкі да нуля. Цяперашні калапс падштурхне прыватных распрацоўнікаў узяцца за стварэнне электроннага варыянту школьнай праграмы, а бацькоў – шукаць прагрэсіўныя формы навучання. Ёсць пытанні і да ўступнай кампаніі.

«Ёсць у гэтым годзе пагроза зрыву, пераносу, трансфармацыі ўступнай кампаніі. Яны дакладна будуць нешта мяняць. Нарэшце ёсць магчымасць дамагчыся, каб сістэма электроннага залічэння ў Беларусі запрацавала», – спадзяецца Сяргей.

Наўрад ці мы пабачым яе ў гэтым годзе, але, можа, у наступным. І будзем спадзявацца, што крызіс хоць неяк нас зварухне з месца. Новая нармальнасць – гэтак цяпер называюць жыццё пасля пандэміі. Пабачым, якой яна будзе.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».