Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту выступіў з заявай наконт цяперашняй сітуацыі, якая ўтварылася вакол праекту. 12 траўня стала вядома, што навучальная ўстанова, якая адстойвае прынцыпы акадэмічнай свабоды, страціла буйное фінансавае падтрыманне ад донараў з Паўночнай рады. Гэткае рашэнне спонсары прынялі пасля аўдыту, які выявіў злоўжыванні з боку адміністрацыі. У СМІ з’яўляліся звесткі пра вялізныя фінансавыя злоўжыванні.
Таму 25 траўня Сенат ЕГУ звярнуўся да Агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ, Кіруючай рады ЕГУ, асноўных донараў, а таксама МЗС Літоўскай Рэспублікі. Сенат прапаноўвае ім прыняць неадкладныя меры для аднаўлення рэпутацыі і інстытуцыйнай стабільнасці ўніверсітэту.
Сенат прапаноўвае пяць крокаў для ўстойлівага развіцця ўніверсітэту:
1. Неадкладна адклікаць Дэвіда Поліка з пасады рэктара ЕГУ;
2. Неадкладна адклікаць са сваіх пасадаў в.а. старшыні Кіруючай рады Э.Лонсдэйл і намесніка старшыні Кіруючай рады Д.Дэвідсана;
3. Забяспечыць акадэмічнай супольнасці ўдзел у працэсе выбару новага рэктара;
4. Увесці ў ЕГУ антыкрызіснае кіраванне з удзелам прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці;
5. Забяспечыць рэальны ўдзел акадэмічнай супольнасці ў складанні бюджэту ўніверсітэту і кантролі за выдаткамі бюджэтных сродкаў.
Налета ЕГУ адзначыць 25-годдзе. Пры гэтым амаль палову свайго жыцця існуе ў выгнанні.
ДР, belsat.eu