Рэдактар ​​Realt.by заявіў пра ціск следчых і фальсіфікацыю паказанняў супраць Марыны Золатавай

Абноўлена

Марына Золатава

Рэдактар ​​партала Realt.by Уладзіслаў Кулецкі, які праходзіць па справе Марыны Золатавай у якасці сведкі, адмовіўся ад часткі паказанняў на папярэднім следстве і заявіў, што яны фактычна былі сфальсіфікаваныя следчымі СК.

Кулецкі працаваў на TUT.by са жніўня 2015 года па снежань 2016 года. На судзе ён заявіў, што ў перыяд яго працы некаторыя супрацоўнікі TUT.by сапраўды карысталіся чужымі паролямі да платнай стужкі навінаў БелТА, хтосьці з журналістаў перадаў гэтыя паролі і яму. Аднак адкуль гэтыя паролі ўзяліся ён не ўдакладняў і не быў у курсе, ці ведала аб выкарыстанні гэтых пароляў Марына Золатава.

Між тым у ходзе следства, на допыце 8 жніўня (у гэты дзень прайшоў ператрус у рэдакцыі Realt.by) Кулецкі сцвярджаў: Марына Золатава і Ганна Калтыгіна ведалі пра несанкцыянаваны доступ да стужкі БелТА. Больш за тое, Золатава нібыта настойвала на выкарыстанні платнай падпіскі з выкарыстаннем чужых пароляў і ў рэдакцыі гэта было «агульным, негалосным правілам».

Ад гэтых паказанняў Кулецкі на судзе адмовіўся. Паводле яго слоў, «частка паказанняў была фактычна напісаная і навязаная следчым».

«Я павінен быў сказаць, што Золатава ведала. Гвалт і пагрозаў гвалту не было. Але мне сказалі, што іншых паказанняў яны ад мяне не прымуць. На самай справе, гэта (выкарыстанне чужых пароляў для БелТА. – заўв. belsat.eu) не было правілам. Указанняў не было. І я не ведаю, ці ведала Золатава. На гэта мне казалі – ці напішам вось так, ці маіх супрацоўнікаў будуць спрабаваць зрабіць вінаватымі, хоць яны нічога не зрабілі. Чапляліся канкрэтна да двух людзей – Золатавай і Калтыгінай. Следчыя канкрэтна хацелі атрымаць ад мяне дадзеныя, што менавіта яны давалі такія загады. А я казаў, што гэтага не было. А запісалі па-іншаму», – распавёў Кулецкі ў судзе.

На пытанне суддзі, ці была ў яго магчымасць адмовіцца ад навязаных следчым паказанняў, Кулецкі заявіў:

«Калі б я быў не згодны, я б адтуль не выйшаў… Быў ціск следчых, што Золатава ведала і аддавала загад. А гэтага не было».

Самога Кулецкага 8 жніўня затрымалі і даставілі на допыт у СК. Пазней ён быў у статусе падазраванага і абвінавачанага па «справе БелТА». У сувязі з гэтым адвакатка Варабʼёва папрасіла суд прызнаць недапушчальным паказанні Кулецкага на следстве, бо тады яму самому пагражала крымінальная адказнасць.

Кулецкі да TUT.by працаваў у дзяржаўнай газеце «Звязда», а пасля TUT.by – у газеце «Рэспубліка». Абодва выданні мелі дамову аб платнай падпісцы да БелТА, але ні пры прыёме журналіста на працу, ні пры звальненні ніяк не абгаворвалася забарона на перадачу гэтых пароляў трэцім асобам.

«Перадача пароляў нам была банальная – хтосьці на паперцы напісаў і ўсё», – успамінае ён, як атрымаў рэквізіты да платнай падпісцы ў дзяржаўнай газеце.

Паводле Кулецкага, у цэлым дасяг да платнай падпісцы ніякіх істотных пераваг журналістам не даваў і многія карысталіся ёю проста «па звычцы».

***

  • Марыну Золатаву вінавацяць у тым, што з 3 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года яна «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі. Галоўная рэдактарка, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамернаму выкарыстанню логіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бобрык, Бабаед, Калтыгіна ды інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «СБ-Беларусь сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс». Золатава сваю віну не прызнала: «Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства».
  • Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч заявіла ў першы дзень суда, што настойвае на крымінальнай адказнасці Марыны Золатавай. Яна сцвярджае, што асноўныя наступствы несанкцыянаванага доступу – «недаатрыманыя плацяжы» за падпіску. Акрамя таго, нібыта пацярпела дзелавая рэпутацыя БелТА.
  • Суд над Марынай Золатавай – гэта вынік так званай «справы БелТА». Справа была распачатая 7 жніўня 2018 года паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту на тэрмін ад 1 да 2 дзён. Ператрусы адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи». Усяго па «справе БелТА» было прад’яўлена абвінавачванне 15 чалавекам. Аднак цягам восені справы супраць 14 з іх былі закрытыя – сярод абвінавачаных засталася толькі Марына Золатава, якой перакваліфікавалі абвінавчванне з ч. 2 арт. 349 КК Беларусі на ч.2 арт. 425 КК («бяздзейнасці службовай асобы»).
  • Праваабаронцы лічаць, што «справа БелТА» ад самага пачатку была палітычна матываваная. У абарону журналістаў выступілі прадстаўнікі ЕЗ, ЗША, Рады Еўропы і шэрагу іншых міжнародных арганізацыяў.

Другі дзень суда над Марынаю Золатавай. Паказанні даў галоўны рэдактар «СБ». Онлайн

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары