Другі дзень суда над Марынаю Золатавай. Паказанні даў галоўны рэдактар «СБ». Онлайн


Марына Золатава на судзе. Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

Суд Завадскога раёну Менск працягвае разгляд крымінальнай справы галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай. Яе вінавацяць у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 КК). Золатава сваю віну не прызнае.

Перапынак да 14.15

13.05 начальнік сектару адміністравання сеціва БелТА Алена Кузняцова распавяла, што ёй невядома пра выкарыстанне пароляў трэцімі асобамі. Пры гэтым яна адзначыла, што не заўжды паролі ад падпіскі выдаваліся кліентам пасля аплаты.

«Часам па просьбе кіраўнцтва паролі выдаваліся да аплаты».

Пасля допыту Кузняцовай, суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.

11.15. Намеснік Жука ў «СБ» Міхаіл Лябедзік засведчыў, што ягоныя падначаленыя не вылагініваліся з падпіскі БелТА, бо «не было патрэбы». «Сучасны браузэр запамінаў пароль», – кажа ён.

На пытанне дзяржабвінаваўцы, якія наступствы пацягнуў збой у доступе да падпіскі, Лябедзік распавёў, што праз гэта «газета не атрымлівала своечасова інфармацыю» і таму ўзнікалі праблемы са своечасовай здачай нумароў друк, нібыта ўзнікалі нараканні з боку тыпаграфіі.

Золатава сказала, што з матэрыялаў справы стала вядома: пароль і логін ад БелТА вісеў на сцяне ў рэдакцыі газеты «Рэспубліка». «Хто вісеў? Мне пра гэта нічога не вядома», – пракаментаваў Лябедзік.

10.55. Жук адзначыў, што ў 2018 годзе газета «СБ-Беларусь сегодня» праз праблемы з доступам да падпіскі нібыта панесла іміджавыя страты і падзенне наведваемасці сайта. «Пачаўся ціск на нашых журналістаў у сацыяльных сетках. Такія гісторыі заўжды шкодзяць іміджу», – заявіў ён.

Золатава адзначае, што шмат гаворыцца пра «канкурэнтную перавагу», але за ўвесь час усяго 2 зацемкі з БелТА з’явіліся на сайце Tut.by раней за публікацыю на сайце belta.by у адкрытым доступе.

Таксама яна катэгарычна зняпраўджвае, што паміж ёй і Жуком (калі той працаваў у БелТА) ішла размова аб афармленні падпіскі. «Гэта было абмеркаванне ўзаемадзеяння, але прапановаў аформіць падпіску не было», – заявіла Золатава.

10.45. Жук заявіў, што калі ён быў гендырэктарам БелТА, агенцтва не выступала з ініцыятывай заключыць дамову на падпіску з Tut.by. Пракурорка Харчэйкіна звярнула ўвагу на істотныя супярэчнасці паміж паказаннямі сведкі ў судзе і ягонымі паказаннямі ў ходзе следства. Тады Жук казаў, што БелТА выступала з такой ініцыятывай, паміж Жуком і Золатавай нібыта адбылася тэлефонная размова, падчас якой Жук звярнуў увагу, што без платнай падпіскі Tut.by можа згубіць «канкурэнтную перавагу», але Золатава адказала, што гэтая паслуга «занадта дарагая». Жук падкрэслівае: ініцыятыва была не ў пісьмовай форме, а менавіта ў форме асабістай гутаркі.

«Гэта была, хутчэй, прапанова», – тлумачыць Жук пракурору.

10.30. Другі дзень суду над Марынай Золатавай распачаўся з паказанняў чарговага сведкі – галоўнага рэдактара «СБ-Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука (да лютага 2018 года ён быў гендырэктарам БелТА). Паводле Жука, пасля прызначэння на пасаду галоўнага рэдактара «СБ-Беларусь сегодня» у ягоных падначаленых узніклі праблемы з доступам да платнай стужкі БелТА, што нібыта перашкодзіла працы выдання – публікацыі «гублялі канкурэнтнасць».

«Платная падпіска – гэта адзін з інструментаў, я б нават назваў гэта паслугай», – сказаў Жук.

Ён таксама адзначыў, што працаўнікі «СБ» падпісваюць пагадненне аб неразгалошванні службовай інфармацыі. Асобна ў дакуменце не прапісаная забарона перадаваць лагіны і паролі, але, на думку галоўрэда, гэта мелася на ўвазе.

Паводле словаў Жука, розніца паміж публікацыяй навіны па падпісцы і на сайце складала «5-10 хвілінаў», але гэты час нібыта адыгрываў для газеты важную ролю.

Сярод наступстваў, якія пацягнуў за сабой неаўтарызаваны доступ да падпіскі БелТА пад паролем і лагінам «СБ» Жук назваў «падарванне аўтарытэту, даверу да выдання і страта рэкламы». Аднак дакладна вядома, што «СБ-Беларусь сегодня» існуе на датацыі дзяржавы, не імкнецца да самаакупнасці і не залежыць ад рэкламадаўцаў.

***

  • Марыну Золатаву вінавацяць у тым, што з 3 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года яна «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі. Галоўная рэдактарка, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамернаму выкарыстанню логіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бабаед, Калтыгіна ды інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «СБ-Беларусь сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс». Золатава сваю віну не прызнала: «Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства».
  • Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч заявіла ў першы дзень суда, што настойвае на крымінальнай адказнасці Марыны Золатавай. Яна сцвярджае, што асноўныя наступствы несанкцыянаванага доступу – «недаатрыманыя плацяжы» за падпіску. Акрамя таго, нібыта пацярпела дзелавая рэпутацыя БелТА.
  • Суд над Марынай Золатавай – гэта вынік так званай «справы БелТА». Справа была распачатая 7 жніўня 2018 года. Марына Золатава абвінавачваецца паводле ч.2 арт. 425 КК («бяздзейнасці службовай асобы»).
  • Праваабаронцы лічаць, што «справа БелТА» ад самага пачатку была палітычна матываваная. У абарону журналістаў выступілі прадстаўнікі ЕЗ, ЗША, Рады Еўропы і шэрагу іншых міжнародных арганізацыяў.

Суд над Марынай Золатавай. Галоўная рэдактарка TUT.BY віны не прызнае. Кіраўніца БелТА: Настойваю на крымінальнай адказнасці. ОНЛАЙН

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары