Суд над Марынай Золатавай. Галоўная рэдактарка TUT.BY віны не прызнае. Кіраўніца БелТА: Настойваю на крымінальнай адказнасці. ОНЛАЙН


Суд Завадскога раёну Менск распачаў разгляд крымінальнай справы галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай. Яе вінавацяць у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 КК), Золатавай пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

У якасці грамадзянскіх пазоўнікаў выступаюць працаўнікі БелТА і выдавецкага дому «СБ Беларусь сегодня». Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, БелТА быў нанесены ўрон на суму ў 52 320 рублёў, а таксама «падарваны аўтарытэт і дзелавая рэпутацыя». Шкода «СБ. Беларусь сегодня» ацэньваецца ў 18 172 рублі.

Працяг суда заутра ў 10.00.

16.27 Кірыльчык адзначыла, што да 2019 года ў дамовах на платную падпіску не было прапісана, што кліентам БелТА забараняецца перадаваць логіны і паролі трэцім асобам. У новым праекце дамоваў (ад студзеня 2019) гэта пазначана.

Паводле яе, розніца паміж публікацыямі на закрытай стужцы і на сайце складала «ад 5-10 хвілінаў да паўгадзіны». А ўплываў на гэта «чалавечы фактар».

Пасля допыту сведкі суд перайшоў да зачытвання пісьмовых матэрыялаў справы.

16.00 Акуловіч прызнала, што розніца паміж публікацыяй навінаў у закрытай падпісцы і на сайце БелТА складае «2-3 хвіліны», але для навіны гэта, паводле Акуловіч, вельмі важна. Пасля гэтага Акуловiч пакінула суд i паказаннi пачала даваць яе намесніца Аксана Кірыльчык.

15.32 Гендырэктарка БелТА Акуловіч заявіла, што настойвае на крымінальнай адказнасці Марыны Золатавай.

15.29 на пытанне Золатавай, у чым была шкода БелТА, калі перадрукі навінаў зʼяўляліся на TUT.by не раней за іх публікацыю на сайце belta.by, гендырэктарка БелТА Акуловіч сказала, што «такія выпадкі былі».

«Два за паўтара года?» – перапытала Золатава.

Галоўная рэдактарка TUT.by спаслася на арт. 34 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права на своечасовае інфармаванне аб дзейнасці дзяржорганаў.

«Ці вядомы вам артыкул 34?» – запытала Золатава.

«Я не магу памятаць усе артыкулы», – адрэагавала Акуловіч. Суддзя зняў пытанне як не датычнае справы.

14.50 паказанні дае гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч. Яна сцвярджае: 19 красавіка 2018 года ў агенцтва прыйшоў ліст з газеты «Рэспубліка», у якім сцвярджалася, што ў іх узнікла праблема з доступам да платнай падпіскі. На наступны дзень Акуловіч звярнулася ў Цэнтр сувязі аўтаматызаваных сістэмаў з просьбай высветліць сітуацыю.

«Мы прааналізавалі доступ да сервераў і ўбачылі, што хтосьці выкарыстоўвае логін і пароль газеты «Рэспубліка» з тэлефона МТС, з ІР-адрасу, які не належыць нікому з працаўнікоў БелТА».

Паводле словаў Акуловіч, пасля гэтага яна звярнулася ў міліцыю. Яна таксама сцвярджае, што асноўныя наступствы несанкцыянаванага доступу – «недаатрыманыя плацяжы» за падпіску. Акрамя таго, нібыта пацярпела дзелавая рэпутацыя агенцтва.

Перапынак да 14.30

13.20 суд перайшоў да допыту другой сведкі – Ірыны Гарбачэўскай, начальніцы сектару ўліку БелТА. Сведка адзначае, што ў перыяд са студзеня 2017 па жнівень 2018 пароль і логін БелТА перадаваўся кліентам «асабіста на рукі» або па факсе. Яна адзначыла, што адказнасці за перадачу пароля не было прадугледжана, чаму – Гарбачэўская патлумачыць не змагла.

12.37 з матэрыялаў справы стала вядома, што пароль, які мела, напрыклад, «Рэспубліка», не змяняўся з 2000 года.

12.20 працягвае выступаць першы сведка – тэхнічны працаўнік Вiталь Галіноўскі, начальнік цэнтру сувязі БелТА. Галіноўскі сцвярджае: «зліваў пароляў» з БелТА быць не магло, але ён дапускае, што паролі мог перадаць «хтосьці з падпісантаў». Назваць, каго канкрэтна ён падазрае, сведка адмовіўся.

Ён таксама адзначыў, што пры працаўладкаванні ў БелТА падпісваецца дамова аб захаванні камерцыйнай таямніцы. Акрамя таго, даваліся ўнутраныя інструкцыі аб недапушчальнасці распаўсюджвання звестак аб працы агенцтва.

11.58 выступае першы сведка – тэхнічны працаўнік Вiталь Галіноўскі, начальнік цэнтру сувязі БелТА. Паводле яго БелТА мае некалькі дзясяткаў падпісчыкаў.

У абавязкі Галіноўскага, сярод іншага, уваходзіў кантроль за выкарыстаннем логінаў і пароляў да падпіскі. На пытанне суддзі, з якой колькасці прыладаў можна было выкарыстоўваць адзін логін і пароль, сведка адказаў, што пры ўмове наяўнасці дамовы іх колькасць «неабмежаваная».

«Мы лічылі сваіх кліентаў разумнымі і добрапрыстойнымі», – кажа прадстаўнік БелТА.

Пры гэтым ён адзначыў, што «узлому сістэмы выяўлена не было» – усе доступы ажыццяўляліся па паролях.

11.19 адвакат Варабёва папрасіла суд спачатку заслухаць паказанні сведкаў, а потым перайсці да допыту абвінавачанай. Суддзя з такім парадкам вядзення працэсу пагадзіўся.

11.11 галоўная рэдактарка TUT.by не прызнае віну.

«Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства», – заявіла яна.

10.55 па словах пракурора, з 4 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года Золатава «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі, чым «дапускала злачынства». Пры гэтым Золатава, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамерным выкарыстаннем логіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бабаед, Калтыгіна і інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належылі выданням «Рэспубліка», «Беларусь Сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс».

Працэс распачаўся а 10.00. у залі больш за сотню чалавек. Марыну Золатаву сустрэлі апладысментамі. Суддзя Аляксандр Петраш забараніў відэаздымку.

  • Суд над Марынай Золатавай – гэта вынік так званай «справы БелТА». Справа была распачатая 7 жніўня 2018 года паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту на тэрмін ад 1 да 2 дзён. Ператрусы адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи». Следчы камітэта сцвярджаў, што цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА, у выніку чаго выданню «быў нанесены істотны шкоду». Падставай для распачынання крымінальнай справы стала заява ў міліцыю дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч – яна звярнулася туды пасля таго, як некалькі платных падпісчыкаў агенцтва паскардзіліся на збоі пры аўтарызацыі.
  • Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня выйшаў на свабоду рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў, якога затрымалі 8 жніўня. Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі 10 жніўня. Пры гэтым Золатавай перакваліфікавалі абвінавчванне з ч. 2 арт. 349 КК Беларусі на ч.2 арт. 425 КК («бяздзейнасці службовай асобы»).
  • Усяго па «справе БелТА» было прад’яўлена абвінавачванне 15 чалавекам. Аднак цягам восені справы супраць 14 з іх былі закрытыя – сярод абвінавачаных засталася толькі Марына Золатава.
  • Праваабаронцы лічаць, што «справа БелТА» ад самага пачатку была палітычна матываваная. У абарону журналістаў выступілі прадстаўнікі ЕЗ, ЗША, Рады Еўропы і шэрагу іншых міжнародных арганізацыяў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары