Суд Завадскога раёну Менск распачаў разгляд крымінальнай справы галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай. Яе вінавацяць у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 КК), Золатавай пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
У якасці грамадзянскіх пазоўнікаў выступаюць працаўнікі БелТА і выдавецкага дому «СБ Беларусь сегодня». Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, БелТА быў нанесены ўрон на суму ў 52 320 рублёў, а таксама «падарваны аўтарытэт і дзелавая рэпутацыя». Шкода «СБ. Беларусь сегодня» ацэньваецца ў 18 172 рублі.
Працяг суда заутра ў 10.00.
16.27 Кірыльчык адзначыла, што да 2019 года ў дамовах на платную падпіску не было прапісана, што кліентам БелТА забараняецца перадаваць логіны і паролі трэцім асобам. У новым праекце дамоваў (ад студзеня 2019) гэта пазначана.
Паводле яе, розніца паміж публікацыямі на закрытай стужцы і на сайце складала «ад 5-10 хвілінаў да паўгадзіны». А ўплываў на гэта «чалавечы фактар».
Пасля допыту сведкі суд перайшоў да зачытвання пісьмовых матэрыялаў справы.
16.00 Акуловіч прызнала, што розніца паміж публікацыяй навінаў у закрытай падпісцы і на сайце БелТА складае «2-3 хвіліны», але для навіны гэта, паводле Акуловіч, вельмі важна. Пасля гэтага Акуловiч пакінула суд i паказаннi пачала даваць яе намесніца Аксана Кірыльчык.
15.32 Гендырэктарка БелТА Акуловіч заявіла, што настойвае на крымінальнай адказнасці Марыны Золатавай.
15.29 на пытанне Золатавай, у чым была шкода БелТА, калі перадрукі навінаў зʼяўляліся на TUT.by не раней за іх публікацыю на сайце belta.by, гендырэктарка БелТА Акуловіч сказала, што «такія выпадкі былі».
«Два за паўтара года?» – перапытала Золатава.
Галоўная рэдактарка TUT.by спаслася на арт. 34 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права на своечасовае інфармаванне аб дзейнасці дзяржорганаў.
«Ці вядомы вам артыкул 34?» – запытала Золатава.
«Я не магу памятаць усе артыкулы», – адрэагавала Акуловіч. Суддзя зняў пытанне як не датычнае справы.
14.50 паказанні дае гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч. Яна сцвярджае: 19 красавіка 2018 года ў агенцтва прыйшоў ліст з газеты «Рэспубліка», у якім сцвярджалася, што ў іх узнікла праблема з доступам да платнай падпіскі. На наступны дзень Акуловіч звярнулася ў Цэнтр сувязі аўтаматызаваных сістэмаў з просьбай высветліць сітуацыю.
«Мы прааналізавалі доступ да сервераў і ўбачылі, што хтосьці выкарыстоўвае логін і пароль газеты «Рэспубліка» з тэлефона МТС, з ІР-адрасу, які не належыць нікому з працаўнікоў БелТА».
Паводле словаў Акуловіч, пасля гэтага яна звярнулася ў міліцыю. Яна таксама сцвярджае, што асноўныя наступствы несанкцыянаванага доступу – «недаатрыманыя плацяжы» за падпіску. Акрамя таго, нібыта пацярпела дзелавая рэпутацыя агенцтва.
Перапынак да 14.30
13.20 суд перайшоў да допыту другой сведкі – Ірыны Гарбачэўскай, начальніцы сектару ўліку БелТА. Сведка адзначае, што ў перыяд са студзеня 2017 па жнівень 2018 пароль і логін БелТА перадаваўся кліентам «асабіста на рукі» або па факсе. Яна адзначыла, што адказнасці за перадачу пароля не было прадугледжана, чаму – Гарбачэўская патлумачыць не змагла.
12.37 з матэрыялаў справы стала вядома, што пароль, які мела, напрыклад, «Рэспубліка», не змяняўся з 2000 года.
12.20 працягвае выступаць першы сведка – тэхнічны працаўнік Вiталь Галіноўскі, начальнік цэнтру сувязі БелТА. Галіноўскі сцвярджае: «зліваў пароляў» з БелТА быць не магло, але ён дапускае, што паролі мог перадаць «хтосьці з падпісантаў». Назваць, каго канкрэтна ён падазрае, сведка адмовіўся.
Ён таксама адзначыў, што пры працаўладкаванні ў БелТА падпісваецца дамова аб захаванні камерцыйнай таямніцы. Акрамя таго, даваліся ўнутраныя інструкцыі аб недапушчальнасці распаўсюджвання звестак аб працы агенцтва.
11.58 выступае першы сведка – тэхнічны працаўнік Вiталь Галіноўскі, начальнік цэнтру сувязі БелТА. Паводле яго БелТА мае некалькі дзясяткаў падпісчыкаў.
У абавязкі Галіноўскага, сярод іншага, уваходзіў кантроль за выкарыстаннем логінаў і пароляў да падпіскі. На пытанне суддзі, з якой колькасці прыладаў можна было выкарыстоўваць адзін логін і пароль, сведка адказаў, што пры ўмове наяўнасці дамовы іх колькасць «неабмежаваная».
«Мы лічылі сваіх кліентаў разумнымі і добрапрыстойнымі», – кажа прадстаўнік БелТА.
Пры гэтым ён адзначыў, што «узлому сістэмы выяўлена не было» – усе доступы ажыццяўляліся па паролях.
11.19 адвакат Вараб’ёва папрасіла суд спачатку заслухаць паказанні сведкаў, а потым перайсці да допыту абвінавачанай. Суддзя з такім парадкам вядзення працэсу пагадзіўся.
11.11 галоўная рэдактарка TUT.by не прызнае віну.
«Я лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу злачынства», – заявіла яна.
10.55 па словах пракурора, з 4 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года Золатава «наўмысна, з асабістай зацікаўленасці» не выконвала свае службовыя абавязкі, чым «дапускала злачынства». Пры гэтым Золатава, паводле дзяржабвінаваўцы, не перашкодзіла «неправамерным выкарыстаннем логіна і пароля» да платнай падпіскі БелТА, што рабілі супрацоўнікі рэдакцыі Уласік, Панцялеева, Ермачонак, Бабаед, Калтыгіна і інш. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належылі выданням «Рэспубліка», «Беларусь Сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс».
Працэс распачаўся а 10.00. у залі больш за сотню чалавек. Марыну Золатаву сустрэлі апладысментамі. Суддзя Аляксандр Петраш забараніў відэаздымку.
КА, belsat.eu