Размаўляй са мной па-беларуску! Альбо я пашлю цябе лесам

Калі мне ў мільённы раз чарговы даўбень кажа: «Говори по-русски, потому что у нас два государственных языка!» альбо «Ты же за равенство и хочешь, чтобы беларуский язык уважали – ну так уважай русский, и пусть тут (надпісы на шыльдах, адзіная беларускамоўная тэлеперадача, рэдкая этыкетка і г.д.) будет по-русски или хотя бы на двух языках» – мне хочацца без усялякіх спрэчак і тлумачэнняў пасылаць гэтага доўбня па вядомым маршруце. Таму што толькі даўбень можа сказаць, што ў Беларусі ёсць рэальная роўнасць паміж беларускай і расейскай мовамі. І насамрэч усе гэтыя гульні ў «равноправие» адно дабіваюць беларускую мову.

Бо сапраўдная моўная роўнасць у нашай краіне можа быць дасягнутая выключна шляхам дэрасеізацыі, то бок праз саступкі пазіцыяў расейскай мовы на карысць беларускай, а не наадварот, як таго дамагаюцца доўбні.

Бо дзе ж вы бачылі, каб той, каго прыгнятаюць, рупіўся пра роўнасць для свайго прыгнятальніка? Пра якую роўнасць для расейскай мовы можна рупіцца ўва ўшчэнт зрасеізаванай Беларусі? З дваццаці наяўных беларускамоўных шыльдаў перакласці дзесяць у расейскую, маючы пры гэтым тысячы ўжо расейскамоўных шыльдаў – пра якую роўнасць тут гаворка?

Калі анкалогія жарэ арганізм, усе намаганні лекараў ідуць на здушэнне ракавых клетак, а не на забеспячэнне роўнасці для іх з клеткамі здаровымі. Уратаваць што альбо каго заўгодна можна толькі тады, калі надаеш аб’екту ратавання максімальны прыярытэт.

А таму толькі калі хаця б палова ўніверсітэтаў, школаў і садкоў у нашай краіне будуць беларускамоўныя, калі ў шпіталях будуць дасяжныя беларускамоўныя даведкі, а камунальнікі будуць дасылаць беларускамоўныя «жыроўкі», і, урэшце, калі прэзерватывы ці анальгін будуць прадавацца з беларускамоўнымі надпісамі на ўпакоўцы. То бок калі ў Беларусі сапраўды можна будзе камфортна пражыць, ведаючы ТОЛЬКІ беларускую мову – вось тады я гатовы размаўляць пра роўнасьць.

А датуль – усе доўбні ідуць лесам. Без тлумачэнняў.

Валера Руселік belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў