«Час няпросты». У Беларусі новыя дзяржсакратар Савету бяспекі ды міністр абароны

Андрэй Раўкоў. Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

У Беларусі змянілася кіраўніцтва вайсковых ведамстваў. Адпаведныя рашэнні прыняў Аляксандр Лукашэнка, піша БелТА.

Рашэннем кіраўніка дзяржавы міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, які кіраваў Мінабароны з 2014 года, прызначаны на пасаду дзяржаўнага сакратару Савету бяспекі.

Перад галоўнай бітвай Лукашэнка гуляе фігурамі, лаяльнымі сваёй сям’і

Міністэрства абароны ўзначаліў Віктар Хрэнін, які да гэтага камандаваў войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, а кіраўніком Генеральнага штабу стаў Аляксандр Вальфовіч, былы першы намеснік начальніка Генштабу.

«Натуральна, вызваліліся пасады, і я не палічыў патрэбным з гэтым цягнуць. Мы людзі ваенныя, час няпросты. Гэта не значыць, што заўтра вайна і нам з кімсьці прыйдзецца ваяваць – ні ў якім разе. Але ваенная арганізацыя не трывае нявызначанасці», – падкрэсліў Лукашэнка.

Да нядаўняга часу дзяржаўны сакратаром Савету бяспекі Беларусі быў Станіслаў Зась. Але 1 студзеня 2020 года ён стаў генеральны сакратаром Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Станіслава Зася зацвердзілі генсакратаром АДКБ

  • Генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Бешанковіцкім раёне. Скончыў Менскую сувораўскую ваенную вучэльню, Маскоўскую найвышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі ды Ваенную акадэмію генеральнага штаба Узброеных Сіл Расеі. Камандаваў войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання з 2012 па 2014 год. У лістападзе 2014 года быў прызначаны міністрам абароны.
  • Генерал-маёр Віктар Хрэнін нарадзіўся ў 1971 гадзе ў Наваградку на Гарадзеншчыне. Скончыў Усурыйскую сувораўскую вучэльню ў 1988 годзе, у 1992 годзе скончыў Омскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню імя Фрунзе, у 2005 годзе – Вайсковую Акадэмію Рэспублікі Беларусь.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны