Перад галоўнай бітвай Лукашэнка гуляе фігурамі, лаяльнымі сваёй сям’і


Былы амбасадар Беларусі ў Турцыі і нават экс-кіраўнік Генеральнага штабу Узброеных Сілаў краіны трапілі сёлета ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пасля гэтак званых выбараў. Разам з імі мандаты лукашэнкаўскага парламенту атрымалі некалькі асабліва цікавых персонаў, якія не выглядаюць простымі статыстамі. Чым будуць займацца гэтыя асобы, і як іхная дзейнасць можа адбіцца на міжнародным становішчы Беларусі – высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Начальнік Генеральнага штабу Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь, генерал-лейтэнант Алег Белаконеў, атрымаў дэпутацкі мандат. Генерала лічаць ці не самым аўтарытэтным вайскоўцам у краіне. Праўда, ужо ў запасе. Алег Белаконеў у Палаце прадстаўнікоў будзе прыцягваць увагу.

Hавiны
Лукашэнка звольніў начальніка Генштаба
2019.12.09 17:15

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў:

«З улікам таго, што пытанні рэгіянальнай бяспекі стаяць сёння даволі сур’ёзна на парадку дня, асабліва ў дачыненнях з краінамі Захаду, нашымі суседзямі, Злучанымі Штатамі, то хутчэй за ўсё спадар Белаконеў будзе такім правадыром беларускай лініі на нармалізацыю стасункаў з Захадам».

Апрача Алега Белаконева, цяпер ужо кіраўніка Камісіі нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў, сярод дэпутатаў ёсць яшчэ як мінімум дзве асобы, дзейнасць якіх выкліча не адну інфармацыйную нагоду. Гэтак, кіраўніком парламенцкай Камісіі міжнародных справаў быў прызначаны Андрэй Савіных, які раней быў амбасадарам Беларусі ў Турцыі. А Камісію правоў чалавека, нацыянальных камунікацыяў і СМІ ўзначаліў адыёзны Генадзь Давыдзька, зацяты прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, мяркуе:

«Генадзь Давыдзька будзе прасоўваць гэты парадак дня. Канечне, ён, як і раней, будзе блізкі да медыяў – ён ніколі ад гэтай сферы не адыходзіў. І тут у яго ўвесь час будуць магчымасці казаць пра неабходнасць нейкіх бар’ераў – напрыклад, пры карыстанні інтэрнэтам, пра абарону, так бы мовіць, дзяцей ад шкоднага ўплыву, пра пэўнае кантраляванне інтэрнэту».

Цікава, што пра стаўленне Давыдзькі да медыяў можна дазнацца нават з ягонай размовы якраз з Андрэем Савіных на першай сесіі новага складу Палаты прадстаўнікоў.

Генадзь Давыдзька, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Журналісты падыходзяць, усялякія падступныя пытанні задаюць, карыстаюцца магчымасцю».

Hавiны
Геі, пенсіянеры і ворагі дзяржаўнасці: пра што Давыдзька гаварыў на сустрэчы з выбарнікамі
2019.11.05 14:17

Верагодна, магчымасцю карыстаюцца і ўлады Беларусі, калі чарговы раз спрабуюць заявіць пра супрацу з Захадам на фоне не самых цёплых беларуска-расейскіх дачыненняў і адсутнасці вынікаў на перамовах 7–8 снежня. Менавіта такім чынам ацанілі заяву ўжо былога кіраўніка Генштабу Узброеных Сілаў Алега Белаконева аб працы ў кірунку правядзення супольных вучэнняў з НАТО.

«Мы пакуль не маем магчымасці браць удзелу ў гэтых супольных вучэннях, бо мы не падпісалі гэтак званай дамовы аб забеспячэнні сакрэтнасці інфармацыі. І праз адсутнасць гэтай дамовы мы не можам атрымаць доступу да некаторых мерапрыемстваў НАТО», – кажа Арсен Сівіцкі.

Таксама вядома, што адна з краінаў НАТО – хутчэй за ўсё, Літва – блакуе падпісанне такой дамовы з Беларуссю.

І пакуль на Захадзе ідуць размовы, на ўсходнім кірунку ўлады Беларусі ўжо дзеюць. Гэтак, ад наступнага года цяперашні старшыня айчыннага Савету бяспекі Станіслаў Зась зойме пасаду генеральнага сакратара АДКБ. Для Лукашэнкі гэтая пазіцыя прынцыпова важная праз фактычную адсутнасць рычагоў уплыву на Крэмль. Свой чалавек у Маскве, лаяльны кіраўніку Беларусі, – гэта вушы і вочы Лукашэнкі ў Расеі. Своеасаблівая сістэма ранняга паведамлення пра пагрозы. Адпаведна, накіраванне Зася на пасаду генсакратара АДКБ – крок прынцыпова важны. Уплывовы амерыканскі эксперт, які наведваў Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам, гэтак у каментары для Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі ацаніў новую пасаду Зася.

Hавiны
Што Палата прадстаўнікоў дала беларусам за тры гады?
2019.11.27 17:32

Майкл Карпэнтэр, былы намеснік памочніка міністра абароны ЗША:

«Я думаю, што Масква хацела выцягнуць яго з Менску, бо бачыць яго як частку групоўкі наменклатуры, больш арыентаванай на незалежнасць, чым на Расею. Увогуле я бачу перастаноўку кадраў у Беларусі як захаду для ўзмацнення персанальнай улады Лукашэнкі – каб ён быў упэўнены, што мае лаяльных людзей на галоўных пазіцыях. Лаяльных канкрэтна да яго і ягонай сям’і».

Яшчэ адно з такіх прызначэнняў – пераход на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта генерал-маёра Ігара Сяргеенкі, які раней займаў пасаду намесніка старшыні КДБ і адказваў за контрвыведку. Усе гэтыя кадравыя ракіроўкі паказваюць, што Лукашэнка імкнецца ўсталяваць як мага мацнейшы кантроль над замежна- і ўнутрыпалітычнай сітуацыяй, асабліва на фоне набліжэння прэзідэнцкіх выбараў.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.12.2019

Іншыя тэмы:

Стужка навінаў