Прэзідэнцтва – справа жаночая


Пасля трыумфу прадстаўніцы ліберальных сілаў у Славаччыне Зузаны Чапутавай на прэзідэнцкіх выбарах жанчын-прэзідэнтаў у свеце стала адзінаццаць. Роўна столькі ж і прэм’ерак. Магло быць болей, калі б Юлія Цімашэнка прайшла ў другі тур выбараў у нашых паўднёвых суседзяў. У нас, як вядома, жаночыя твары ў вертыкалі ўлады зʼяўляюцца зрэдку, дый сярод апазіцыйных сілаў, збольшага вядуць змаганне мужчыны. Пра ролю жанчын у палітыцы – сюжэт Усевалада Шлыкава.

Трохі менш за 58,5 % галасоў – і Славаччына мае сваю першую жанчыну-прэзідэнта. Зузана Чапутава са сваёй цэнтрысцка-ліберальнаю праграмаю перамагла традыцыйна моцныя ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе правыя сілы. Ейныя апаненты пужалі электарат хвалямі мігрантаў і крытыкавалі Еўрапейскі Звяз. Трыумфатарка ўпэўненая: выбарнік стаміўся ад такой рыторыкі.

«Я цешуся не толькі з самога выніку, але перадусім праз тое, што мы здолелі не паддацца папулізму, сказалі праўду і ўзнялі ўласныя інтарэсы без агрэсіі ды нападак. Упэўненая, што выбары ў Еўрапарламент толькі пацвердзяць гэты трэнд», – перакананая Зузана Чапутава, прэзідэнтка Славаччыны.

Hавiны
Прэзідэнтам Славакіі ўпершыню абраная жанчына
2019.03.31 10:21

З пятнаццаці кандыдатаў славакі маглі выбраць толькі дзвюх жанчын. На мінулым тыдні рабілі свой выбар і нашыя паўднёвыя суседзі. Юлія Цімашэнка, якая ў свой час была лідаркаю сацыялагічных апытанняў, не прайшла ў другі тур, заняўшы трэцяе месца. Але гэтая жанчына так проста ад барацьбы за ўладу не адмовіцца.

Юлія Цімашэнка, экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта Украіны:

«Нашая праца, нашая барацьба не скончаная! Мы ўсе цяпер яднаем нашыя сілы, мы рыхтуемся на парламенцкіх выбарах давесці нашую справу да лагічнага завяршэння».

Ёсць верагоднасць, што Цімашэнка ў другім туры падтрымае Уладзіміра Зяленскага ўзамен за дапамогу ў восеньскіх парламенцкіх выбарах. Тады яна зможа трэці раз заняць пасаду прэмʼера Украіны. У Вярхоўнай Радзе жанчыны складаюць прыблізна 11 %, што ўдвая менш за сярэдні паказнік у свеце, але мужчыны ўжо мусяць пацясніцца на ўкраінскай палітычнай сцэне.

ВІДЭА
Парашэнка, Зяленскі ды Цімашэнка. Знайдзіце адрозненні
2019.03.31 08:50

«Так, у нас уздымаюцца гендарныя пытанні, яны актуальныя і балючыя, мужчыны не вельмі ахвотна прапускаюць жанчын у палітыку. Падчас зменаў у выбарчае заканадаўства ў мясцовых выбарах мы выставілі патрабаванне аб прынамсі 30 % кандыдатаў-жанчын, і, уласна, палітычныя партыі ўключылі жанчын у выбарчыя спісы. Такім чынам даволі шмат актыўных жанчын трапілі ў мясцовыя рады», – распавядае Наталля Веселава, народная дэпутатка Украіны.

Пра падобную квоту цяпер разважаюць і ў выпадку парламенцкіх выбараў. Мы ж перанясёмся на поўнач, дзе жанчын у сейме каля 21 %. Але прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце цягам двух тэрмінаў паказала, што жаноцкае лідарства ў нашай частцы свету маецца добра.

«Думаю, яна ўсталявала вельмі моцны вобраз жанчыны-лідара, лідара цэлай краіны, бо раней у нас, натуральна, былі жанчыны-палітыкі, нават на важных пасадах, але гэта зусім іншае: у свеце насамрэч няшмат краінаў, дзе кіруе жанчына», – дзеліцца Інгрыда Шыманіце, дэпутатка Сейму Літвы.

І Літва мае ўсе шанцы застацца адною з іх. Інгрыду Шыманіце лічаць адною з фаварытак на літоўскіх прэзідэнцкіх выбарах у наступным месяцы. Падобны прыклад і ў Эстоніі, дзе прэзідэнтка Керсці Кальюлайд кіруе краінаю трэці год: умацоўвае сувязі з расейскамоўнаю меншасцю і падтрымлівае войска, часам бегаючы з жаўнерамі марш-кідкі. У чымсьці жаночае лідарства выйграе ў параўнанні з мужчынскім, смяецца магчымая будучая прэзідэнтка.

Паводле Інгрыды Шыманіце, дэпутаткі Сейму Літвы, жанчыны-лідары маюць шэраг своеасаблівых рысаў такога добрага лідарства. Яны больш схільныя шукаць кансэнсусу, прыслухоўвацца да іншых гледзішчаў і не прымушаць да ўласнае рацыі.

Тая ж Юлія Цімашэнка магла б паспрачацца, або былы дзяржсакратар і амаль прэзідэнт ЗША Гілары Клінтан, не кажучы пра брытанскую прэм’ер-міністарку Маргарэт Тэтчэр ці канцлерку Нямеччыны Ангелу Мэркель. Вонкавыя пагрозы, палітычныя паразы – гэтых жанчын такімі метадамі было не зламіць. Але ў 2019-ым нашыя суседзі выбіраюць не гендар, а праграму.

Наталля Веселава, народная дэпутатка Украіны:

«Падчас прэзідэнцкіх выбараў менш за ўсё звяртаюць увагу на тое, мужчына кандыдат ці жанчына. Хутчэй глядзяць на ягоны палітычны бэкграўнд, на карупцыйныя скандалы, на ягоныя словы. Таму, думаю, з часам грамадства, можа, і абярэ жанчыну-прэзідэнта, калі толькі будзе годны кандыдат».

У Палаце прадстаўнікоў Беларусі роўна траціну месцаў займаюць жанчыны. А падаецца, мы часцяком наракаем на тое, наколькі патрыярхальнае ў нас грамадства.

«Не настолькі мы ўжо патрыярхальныя. Асабліва калі мы заўважым нейкія сусветныя тэндэнцыі, калі, да прыкладу, у Славаччыне жанчына стала прэзідэнтам, то дзесьці, пэўна, у палове галоваў беларускага грамадства закралася думка: а што, мы горшыя ці мы не можам? Напэўна, мы здольныя на такое», – кажа Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

У прэзідэнцкіх кампаніях да рэгістрацыі кандыдатам дайшла толькі Таццяна Караткевіч у 2015 годзе. Няма чаму здзіўляцца: сярод лідараў беларускай апазіцыі жанчын практычна не знойдзеш. Спадарыня Анісім збіраецца скласці канкурэнцыю Лукашэнку. Магчыма, ужо сёлета. Дэпутатка тлумачыць недахоп канкурэнцыі з жаночага боку.

Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Жанчыны – яны ў большай ступені амбітныя, і часам ім гэта замінае. Часам прасцей сесці за стол перамоваў з тымі ж самымі лідаркамі».

Наш нязменны афіцыйны лідар тое ўжо скаментаваў: маўляў, жанчын у Палаце прадстаўнікоў столькі, бо ён сам запатрабаваў такі адсотак, а прэзідэнцтва, маўляў, – справа не жаночая. Дый не мужчынская, як ведаем, калі толькі прозвішча ў яго не Лукашэнка.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» с Алінаю Коўшык 06.04.2019.

Фота: REUTERS/David W Cerny, Аляксандр Мірыдонаў/«Коммерсантъ»

belsat.eu

Стужка навінаў