Алена Анісім распавяла, з чым пойдзе да выбарцаў


Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, яна гатовая ўзяць адказнасць за лёс краіны. У эфіры «Гарачага каментару» дэпутатка распавяла, чым будзе адрознівацца ад іншых кандыдатаў.

«Мы разам з выбарнікамі будзем разам вырашаць, што найперш трэба змяніць у нашай краіне. Гэта першае, чым я буду адрознівацца ад таго, што прапануе ўлада, – заявіла Алена Анісім у эфіры «Белсату». – Нягледзячы на ўсе намаганні дыялогу, вельмі часта прапановы грамадзянаў, іхныя пажаданні застаюцца недачутымі. З кожным днём нашая краіна страчвае шанцы вярнуцца да нармальнага, станоўчага развіцця», – дадала Анісім у размове з Віталём Бабіным.

Пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Алена Анісім заявіла 30 студзеня. Паводле яе словаў, такім чынам яна хоча ўратаваць Беларусь ад небяспекі страты незалежнасці і папулярызаваць беларускую мову.