Алена Анісім хоча стаць прэзідэнткаю


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы заявіла ў эфіры «Еўрарадыё», што такім чынам хоча ўратаваць Беларусь ад небяспекі страты незалежнасці і папулярызаваць беларускую мову.

«Чаму не паўдзельнічаць у добрай справе? У [прэзідэнцкай кампаніі] ты заяўляеш пра свой намер узяць адказнасць за лёс краіны. Таму з майго пункту гледжання гэта вельмі добрая справа», – заявіла Алена Анісім.

Анісім распавяла, што калі раней у сферу грамадскай дзейнасці яе выштурхоўвалі сябры і паплечнікі – маўляў, так было і з прафсаюзнай дзейнасцю, і з Таварыствам беларускай мовы, – цяпер яе прымушаюць рабіць гэта зусім іншыя людзі.

«Цяпер мяне проста змушаюць удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі тыя, хто пазіцыянуе сябе як вораг незалежнай Беларусі, – працягнула Анісім. – Я бачу небяспеку для нашай краіны, я бачу сур’ёзнасць гэтых нападаў – і вымушаная рэагаваць, калі на гэта не рэагуюць дзяржаўныя органы ўлады».

На думку Анісім, грамадства практычна гатовае да таго, каб краіну ўзначаліла жанчына.

«Досвед паказвае, што жанчыны могуць прымаць адказныя рашэнні і быць ва ўладзе. З іншага боку, у нас ёсць прыклад Марыянны Шчоткінай, і Наталлі Качанавай ды іншых асобаў, якія займаюць пасады ў міністэрствах, гэта падводзіць грамадства да таго, што на самую высокую пасаду ў краіне можа прэтэндаваць жанчына – і прэтэндаваць вельмі паспяхова», – дадала дэпутат.

Паводле Анісім, яна займаецца палітыкай для таго, каб папулярызаваць беларускую мову.

Сустаршыня аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова ў размове з «Белсатам» не выключыла, што Алена Анісім мае шанцы стаць адзінай кандыдаткай ад апазіцыі на наступных выбарах.

Пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах Алена Анісім заяўляла яшчэ падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі, у 2015-м, аднак пазней яна адмовілася ад вылучэння.

У 2016-м яе абралі дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе.

У апошнія гады Алена Анісім актыўна прасоўвала ідэю вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай выкладання, яна стала чальцом арганізацыйнага камітэту Універсітэту імя Ніла Гілевіча.

ДД

Стужка навінаў