Парашэнка, Зяленскі ды Цімашэнка. Знайдзіце адрозненні


Трыццаць дзевяць кандыдатаў: нашым паўднёвым суседзям будзе з каго выбіраць у найбліжэйшую нядзелю. Але не падманвайма сябе, з гэтага бясконцага спісу – выбарчы бюлетэнь будзе даўжынёю больш за метр – лічацца толькі тры прозвішчы. Пазнаёміць з найбольш верагоднымі фіналістамі ў другім туры Усевалад Шлыкаў.

Шараговы візіт кандыдата на прэзідэнцтва і дзейнай першай асобы ў краіне. Сцэна, выступ зорак эстрады не першага, але і далёка не апошняга дывізіёну, дзеля ўпэўненасці ў добрай карцінцы падтрымання падвезеныя аўтобусамі прыхільнікі. Электаральная кампанія ва Украіне – відовішчнае шоу.

«Мы з вамі стварылі падмурак нашае ўласнае ўкраінскае хаты. Як называецца гэты падмурак? Армія, мова, вера!» – прамаўляе Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны.

Гэты ж напіс цяжка не заўважыць на выбарчых плакатах дзейнага прэзідэнта. Пералік дасягненняў: прыпыненне агрэсара з усходу, заканадаўчая абарона ўкраінскае мовы – квоты на ўкраінамоўную музыку і фільмы ўва ўсёй культурніцкай прасторы ды, натуральна, Томас.

Паездку Парашэнкі пасля атрымання дазволу з Канстанцінопалю на абвяшчэнне аўтакефаліі ўкраінскае царквы мясцовыя журналісты іранічна празвалі Томас-тур.

«Першымі нашымі стрэламі на фронце барацьбы з галечаю будзе індэксацыя пенсіяў, манетызацыя субсідыяў, каб дапамога не ішла ў кішэні газавых манапалістаў, і, нарэшце, кампенсацыя! Гэта датычыць тых, хто атрымлівае мінімальную пенсію», – абяцае Парашэнка.

Крытыкі традыцыйна не пакідаюць на прэзідэнце сухое ніткі, маўляў, уся праграма – чысты папулізм.

«Дзейны прэзідэнт абіраўся з абяцаннем вярнуць грыўню на курс восем, цяпер яна 27, скончыць вайну за тыдзень, кожнаму жаўнеру – па тысячы грыўняў, страхоўка жыцця, дзейны прэзідэнт прыйшоў на папулізме», – мяркуе Аляксей Рабчын, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны.

Іншыя звяртаюць увагу на вялізарны ўплыў афіцыйнага лідара, не толькі ў палітычнай сферы.

Паводле Мустафы Наема, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, самая вялікая слабасць Парашэнкі ў тым, што ён бачыць найвышэйшую каштоўнасць у грошах ды лічыць гэта сваім галоўным рэсурсам і як палітыка, і як бізнесоўца, а не ідэі, з якімі ён можа прыйсці.

З іншага боку, у Парашэнкі, з ягонымі, паводле апошніх апытанняў, 17 % даверу ёсць канкрэтная праграма ў адрозненне ад лідара сацыялагічных апытанняў, актора Уладзіміра Зяленскага. Уладар больш як чвэрці статыстычнага даверу прапаноўваў людзям самым напісаць ягоную праграму. На гэтым стварэнне палітычнае платформы фаварыта выбараў завершылася.

Hавiны
Зяленскі заявіў, што супраць яго «рыхтуюць правакацыі»
2019.03.07 13:22

Уладзімір Зяленскі, кандыдат на прэзідэнта Украіны:

«Гэта – новы твар, я ніколі не быў у палітыцы, прыйшоў з чыстага бізнесу – тэлебачання і кіно. Гэты бізнес у прынцыпе ніяк не звязаны з бюджэтамі ўвогуле. Я думаю, што людзі мяне вельмі добра ведаюць і адчуваюць. Яны ведаюць, што да гэтага ў мяне не было абяцанняў і пасля – прабачэнняў».

Шэраг заходніх дыпламатаў ананімна падзяліліся з агенцтвам «Reuters» сваёй асцярогаю наконт імавернай перамогі Зяленскага. Маўляў, невядома, чаго чакаць ад невядомай асобы, якую шмат хто называе падкантрольнай алігарху Каламойскаму. Ва Украіне раяць не хвалявацца.

«У нас сёлета не толькі прэзідэнцкія, але і парламенцкія выбары, і ў выпадку нестандартнага выніку на прэзідэнцкіх выбарах парламенцкія выбары выступяць у ролі карэктавальнага фактару. Пераможца прэзідэнцкіх выбараў не будзе пераможцам выбараў парламенцкіх», – супакойвае Уладзімір Фясенка, старшыня рады цэнтру палітычных даследаванняў «Пента».

І ўрэшце яшчэ нядаўняя ўпэўненая лідарка сацыялагічных апытанняў Юлія Цімашэнка. Гэта ейная трэцяя электаральная гонка і, паводле большасці назіральнікаў, апошняя. За адну з самых спрэчных фігураў ва ўкраінскай палітыцы – менавіта Цімашэнка без згоды ўраду дзесяць гадоў таму падпісала невыгодную Кіеву газавую дамову – гатовыя прагаласаваць амаль столькі ж выбарнікаў, колькі і за дзейнага прэзідэнта.

Hавiны
У выпадку абрання Цімашэнка збіраецца пасадзіць трох сяброў Парашэнкі
2019.02.23 16:42

«Мы робім стаўку на сярэдні клас, той сярэдні клас, які цяпер павінен сфармавацца, той сярэдні клас, які з-за нашай праблемы няроўнасці, калі бедныя бяднеюць, а заможныя багацеюць, мы хочам яго збудаваць», – адзначае Аляксей Рабчын, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны.

Але статыстыка даводзіць іншае: перадусім за Цімашэнку прагаласуюць вясковыя жыхаркі ўзростам 45–59 гадоў. Праціўнікі ж і яе вінавацяць у папулізме.

Юлія Цімашэнка, кандыдатка на прэзідэнцтва Украіны:

«Сёння, і 20 гадоў запар, краінаю, на жаль, кіруе карумпаваная мафія. Яны знаходзяць палітычныя тэхналогіі, каб змагацца са сваймі апанентамі. І для мяне яны абралі слова «папулізм».

З адставаннем прынамсі 9 % народнага даверу ад былой прэм’еркі ідуць яшчэ 35 кандыдатаў. Ёсць сярод іх адкрыта або прыхавана прарасейскія. Але іх баяцца не варта, мяркуюць у Кіеве.

Hавiны
Выбары ў ваенны час. Як Расея ўплывае на прэзідэнцкую гонку ва Украіне
2019.03.21 18:33

«Ужо цяпер можна ўпэўнена сказаць, што не будзе рэваншу прарасейскіх сілаў ні на прэзідэнцкіх, ні на парламенцкіх выбарах. Гэта бачна і па апытаннях, пабачым і па выніках», – упэўнены Уладзімір Фясенка, старшыня рады цэнтру палітычных даследаванняў «Пента».

На што ж разлічваюць усе гэтыя людзі? На наступныя выбары, канечне. Вынік ад 5 % народнага даверу ды выказванне падтрымання будучаму пераможцу запэўняць кандыдату-аўтсайдару месца ў Радзе сабе і прыбліжаным асобам.

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

 

Стужка навінаў