Праглынуць Беларусь ці папярхнуцца? Крэмль рэанімуе дамову з Лукашэнкам


У сваім навагоднім звароце кіраўнік Беларусі ўзгадаў 3 галоўныя падзеі новага года – 75-ую гадавіну вызвалення Беларусі, 25-цігоддзе Канстытуцыі ды Еўрапейскія гульні. Аднак эксперты прагназуюць іншае. Галоўнаю падзеяй будуць прэзідэнцкія выбары, якія могуць адбыцца ўвосень.

«Гэта, на думку аналітыкаў, быў бы найбольш аптымальны тэрмін для афіцыйнага Менску, для Аляксандра Лукашэнкі, бо праводзіць іх увесну, азначае пераносіць большую частку праблемаў, якія могуць разгарнуцца», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Перадусім эканоміка. Ужо ў першым квартале гэтага года ўрад прагназуе зніжэнне тэмпаў ВУП да 0,6 %. Адначасова нарастаюць і палітычныя праблемы. У новы год афіцыйны Менск увайшоў на фоне канфлікту з Крамлём.

«Расейцы рэанімавалі, так бы мовіць, дамову, якую ў свой час ініцыяваў Лукашэнка, аб Саюзнай дзяржаве, і калі глядзець уважліва на тое, што там напісана ў тэксце, то поўная рэалізацыя гэтай дамовы будзе азначаць знішчэнне суверэнітэту Беларусі. І з гэтага гледзішча можна сказаць, што год будзе праходзіць пад знакам дыскусіяў вакол гэтай дамовы», – лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

План Крамля для Беларусі

Эксперты мяркуюць, што Масква паспрабуе выкарыстаць прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі. Прынамсі ў інфармацыйнай прасторы.

«Магчыма, наступіць нейкі момант, як, напрыклад, у 2010 годзе – таксама выбарчы год, калі былі «Хросныя бацькі», калі былі супрацьстаянні, але за 2 тыдні да выбараў Лукашэнка з’едзіў у Маскву і ўсё вырашыў», – узгадвае Цыганкоў.

Тым не менш, на меркаванне нашага суразмоўцы, Масква мае ўсё большы апетыт праглынуць беларускую незалежнасць, а афіцыйны Менск усё менш жадання саступаць.

«Надта шмат ужо ў адрозненне ад ранейшых часоў Масква патрабуе здаць і надта шмат гэта непрымальна як для афіцыйнага Менску ў цэлым, гэтак і асабіста для Аляксандра Лукашэнкі», – гаворыць Віталь Цыганкоў.

Амбасадар Украіны Ігар Кізім пракаментаваў ультыматум Мядзведзева

Адначасова варта чакаць пацяплення ў заходнім кірунку. Асноўным пытаннем у гэтым годзе на лініі Менск – Брусель застаецца спрашчэнне візавага рэжыму, перамовы пра якое вядуцца цягам як мінімум пяці гадоў.

«Магчыма, Лукашэнка захоча ў кантэксце выбарчай кампаніі, якую ён даволі актыўна вядзе, паказаць пэўныя дасягненні ў адносінах з Захадам, і ўлады Беларусі здымуць свае перашкоды або свае пярэчанні адносна падпісання дамовы аб спрошчаным візавым рэжыме з Еўрапейскім Звязам», – мяркуе Алесь Лагвінец.

Адным з самых вострых пытанняў застаецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, якое турбуе перадусім афіцыйную Вільню. Планавалася, што АЭС пачне працаваць ужо сёлета, але пасля дату запуску перанеслі на наступны год.

«Тут калі Менск не будзе шчырым і не будзе паводзіць сябе па-суседску, вядома, ні пытанне месяцу, паўгода, года нічога не будзе мяняць», – сцвярджае Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных адносінаў і паліталогіі Віленскага ўніверсітэту.

Вось што Лукашэнка хоча ад Еўразвязу

Крыху шырэй адкрыць дзверы ў Беларусь могуць дапамагчы ІІ Еўрапейскія гульні, што пройдуць ужо летам. За ўзнагароды пазмагаюцца каля 4 тысячаў спартоўцаў з паўсотні краінаў.

«Беларусь будзе на слыху і ўлады захочуць цалкам скарыстаць з гэтай магчымасці, каб паказаць сваю міжнародную легітымнасць і падкрэсліць свае нібыта перамогі», – прагназуе Алесь Лагвінец.

Праўдападобна, словы «перамога» і «легітымнасць» будуць гучаць і падчас прэзідэнцкай кампаніі. Паколькі да гэтай пары дзейны кіраўнік краіны перамагаў ажно 5 разоў. Што праўда, ягоную перамогу дэмакратычны свет прызнаў толькі аднойчы.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Фото: Alexei Druzhinin / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары