Амбасадар Украіны Ігар Кізім пракаментаваў ультыматум Мядзведзева


Расея здольная выкарыстоўваць любыя формы ціску для дасягнення сваёй мэты. Пра гэта заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у кулуарах экспертнага форуму «Беларусь-Украіна: выклікі і магчымасці ў турбулентным рэгіёне», які прайшоў 17 снежня ў канферэнц-зале менскага гатэлю «Crowne Plaza».

У якасці арганізатараў падзеі выступілі экспертная ініцыятыва «Менскі дыялог» і Амбасада Украіны ў Беларусі. На форум былі запрошаныя аналітыкі, даследчыкі з дзвюх краінаў, прэса, дыпламаты. Карэспандэнтка belsat.eu пагутарыла з амбасадарам Украіны Ігарам Кізімам і распытала пра ягонае стаўленне да канфлікту паміж Менскам і Масквой, які адбываецца цягам апошніх дзён.

Фота “Менскі дыялог”

Нагадаем, на мінулым тыдні прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Масква патрабуе больш шчыльнай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы – аж да стварэння агульнай судовай сістэмы, валюты і мытні. У такім выпадку, паводле Мядзведзева, можа весціся гаворка пра кампенсацыю за падатковы манеўр. У адказ Лукашэнка сказаў расейскім журналістам: «Шантажаваць Беларусь, нахіліць, стаць каленам на грудзі – марна».

«Беларускі прэзідэнт заўжды падкрэслівае суверэнітэт, і мы з вялікім разуменнем ставімся да гэтых заяваў. Што датычыць ціску Расеі, то, скажыце, у каго з постсавецкіх рэспублік не было праблем з Расеяй? Яна дазваляе сабе весці нераўнапраўны дыялог, выступаючы з пазіцыі сілы, навязваючы ўласныя ідэі. Гэта спадчына імперскага грамадства», – сказаў Ігар Кізім.

На думку ўкраінскага амбасадара, праблемы ў дачыненнях дзвюх краінаў стварае Расея.

«Дзеля дасягнення сваёй мэты Крэмль выкарыстоўвае любыя формы ціску – фінансавы, энергетычны, інфармацыйны. У нас ужо выпрацаваўся імунітэт, мы навучыліся на гібрыдную вайну даваць гібрыдны адказ, але гэта каштавала нам Крыму, Данбасу, страты людзей. На нашых памылках вучацца іншыя, і мне, на жаль, даводзіцца казаць, што наш досвед можа быць вельмі карысным для Беларусі», – сказаў Кізім.

Адносіны ж паміж Менскам і Кіевам хоць і маюць патэнцыял для дыялогу, але часам «натыкаюцца на сцяну непаразуменняў», кажа ён.

«Пакуль мы разам не праб’ем гэтай сцяны – нічога не атрымаецца» – рэзюмаваў амбасадар.

Акрамя прадстаўнікоў украінскага дыпкорпусу, на імпрэзе прысутнічалі эксперты з Украіны. У прыватнасці, сярод спікераў форуму былі Генадзь Максак, старшыня Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» і Яўген Магда, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі.

Перші враження від Білорусько-Українського форуму в м. Мінськ. Відповіді на три питання.

Opublikowany przez Foreign Policy Council "Ukrainian Prism" Poniedziałek, 17 grudnia 2018

«На сённяшні дзень паміж Менскам і Кіевам існуюць наступныя праблемы:

  • Адсутнасць даверу паміж кіраўніцтвам краінаў і грамадствам. Нашыя апытанні паказваюць, што ўкраінцы залічваюць Беларусь да несяброўскіх дзяржаваў;
  • Няправільная інфармацыйная палітыка ў дачыненні адзін да аднаго. Інфармацыі, якая трапляе ў СМІ, недастаткова. Часам мы не можам паказаць, дзе надуманыя стэрэатыпы, дзе рэальная пагроза бяспецы;
  • Планам нашай эканамічнай супрацы перашкаджаюць трэція сілы. Гэтак, Беларусь чалец ЕўрАзЭС, дзе існуюць розныя абмежавальныя меры, якія не дазваляюць пашырыць супрацу з Украінай».

На думку эксперта, давер паміж двума партнёрамі значна падрывае «шпіёнская справа» Шаройкі-Палітыкі, а таксама дагэтуль нявысветленыя абставіны затрымання ўкраінца Паўла Грыба. Дарэчы, Кіеў усцяж не атрымаў адказу на адпаведную ноту, накіраваную яшчэ летась у МЗС Беларусі.

«Нам важна разумець: гэта была аперацыя расейскіх спецслужбаў без ведама беларускага кіраўніцтва або сумесная», – кажа Максак.

Паводле меркавання Яўгена Магды, галоўная праблема палягае ў тым, што Беларусь ва Украіне ўспрымаюць як абсалютнага хаўрусніка Расеі.

«Гэта праяўляецца, у тым ліку, у супярэчнасцях, якія ўзнікаюць падчас галасавання на міжнародных пляцоўках. Мы гаворым пра партнёрства, але там мы паразумення з Беларуссю не знаходзім».

Тым не менш, эксперт упэўнены: дыялог паміж краінамі варта працягваць, бо «лепш добры сусед, чым далёкі сваяк».

Наступная сустрэча ў фармаце экспертнага форму мае прайсці ў Кіеве. Паводле нашай інфармацыі, гэта адбудзецца ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, запланаваных на 31 сакавіка 2019 года.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў