План Крамля для Беларусі




Якая падзея, паводле кіраўніка беларускага Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняўнайбольш паўплывала на Рэспубліку Беларусь 2018-ым. Якім будзе наступны год? Як Расея будзе прабаваць змяніць ролю Беларусі ў рэгіёне? Пра гэта – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Арсенам Сівіцкім.

Якая міжнародная падзея найбольш паўплывала на Беларусь у 2018 годзе?

Мне здаецца, што такая падзея адбылася некалькі тыдняў таму напрыканцы гэтага году. Я кажу пра гэтак званы Керчанскі інцыдэнт. Ён прадэманстраваў, што патэнцыял разрастання расейска-украінскага канфлікту даволі сур’ёзны. Нягледзячы на тое, што цяпер канфлікт з Масквой знаходзіцца ў гэтак званых кантраляваных межах, тым не менш мы бачым, што хутчэй за ўсё тэндэнцыя на абвастрэнне адносінаў паміж Украінай і Расеяй будзе захоўвацца, і безумоўна гэта сітуацыя будзе самым непасрэдным чынам будзе паўплываць на Беларусь. Калі казаць пра беларуска-расейскія адносіны, а менавіта патрабаванні Крамля да нашай краіны адносна выканання так званых хаўрусніцкіх абавязацельстваў. Сюды безумоўна трэба дадаць яшчэ некалькі дэталяў рэгіянальнай сітуацыі. Гэта і рашэнне Польшчы стварыць на сваёй тэрыторыі амерыканскую базу. Нягледзячы на тое, што гэта сярэднетэрміновы праект, усе эксперты і палітыкі разумеюць, што калі гэта база зʼявіцца, то не заўтра і не паслязаўтра, а толькі ў перспектыве двух-трох гадоў.

Тым не менш відавочны адказ Расеі на гэтыя актыўнасці.

Крэмль будзе нарошчваць ціск на Беларусь дзеля патрабавання размясціць на беларускай тэрыторыі ўжо расейскую вайсковую базу.

Гэты год мы канчаем з гэтак званым Крамлёўскім ультыматумам. Я б казаў, што наступны год таксама для беларуска-расейскіх адносінаў будзе даволі цяжкім. Расея будзе нарошчваць ціск, як эканамічны, гэтак і ваенна-палітычны на свайго хаўрусніка, спрабуючы ўцягнуць Беларусь у канфрантацыю, як з Украінай, гэтак і краінамі Захаду.

А што можа стаць перашкодай у планах расейцаў размясціць на тэрыторыі Беларусі свае войскі? Бо гаворка ідзе ўжо пра канкрэтыку. Напрыклад, пра сістэмы радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд». Мне вось падаецца, што гэта могуць быць настроі беларусаў. Што калі будзе бачна, што большасць беларусаў супраць расейскіх войскаў у Беларусі, то Пуцін не прыме гэтага рашэння. Што вы пра гэта думаеце?

Мне здаецца, што Уладзімір Пуцін хутчэй за ўсё арыентуецца на нейкія стратэгічныя разлікі і планы, чым на меркаванні большасці беларусаў. Тым больш ідэя Крамля вельмі простая. Крэмль спрабуе перафарматаваць статус Беларусі з донара рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці ў свой ваенна-стратэгічны фарпост ва ўсходняй Еўропе. Таму гэта таксама прадугледжвае, што Беларусь будзе гэткай крыніцай пагроз для розных краінаў. Як вонкавапалітычных гэтак і ўнутраных.

Таму Крамлю насамрэч не патрэбная Беларусь як стабільная і прадказальная дзяржава.

Мне здаецца, пакуль няма падставаў гаварыць пра тое, што Беларусь нейкім чынам збіраецца рабіць стратэгічныя саступкі Расеі. Гэта такія саступкі, якія падрывалі суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Перш за ўсё мне падаецца, што Беларусь не запросіць і не дазволіць Расеі размяшчаць свае войскі на тэрыторыі Беларусі. Па другое, калі казаць пра спробы Расеі перафарматаваць характар адносінаў у межах гэтак званых ваенна-палітычных альянсаў з Беларуссю, напрыклад, у межах ваеннага кампаненту Саюзнай дзяржавы ці АДКБ, спрабуючы пераглядзець механізм прыняцця рашэнняў, бо сёння ён заснаваны на прынцыпе кансэнсусу. У апошнія гады мы бачым разважанні расейскіх палітыкаў і экспертаў, якія спрабуюць перафарматаваць беларуска-расейскія адносіны ў ваеннай сферы згодна з гэтак званай армянскай мадэллю. Па сутнасці ўсе сумесныя ваенныя кампаненты моцна інтэграваныя ў сістэму ваенных акругаў РФ, дзе па сутнасці галоўную ролю выконвае камандуючы гэтай ваеннай акругай. Пакуль што ў Беларусі атрымалася захаваць гэты прынцып кансэнсусу, захаваць за сабой асноўную ролю ў стварэнні абʼяднанага камандавання. Напрыклад, рэгіянальныя групоўкі войскаў ці мець свайго афіцэра на пасадзе камандуючага абʼяднанай сістэмай супрацьпаветранай абароны.

Але як мне падаецца, безумоўна гэтыя тэндэнцыі захаваюцца ў наступным годзе, і Беларусь сутыкнецца з новым ціскам, і Расея паспрабуе пайсці па шляху паглыблення ваенна-палітычнай інтэграцыі з Беларуссю ў межах Саюзнай дзяржавы са стварэннем адзінага ваенна-палітычнага цэнтру прыняцця ўсіх рашэнняў.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары