Актывіста забралі ў Бараўлянскі РАУС.
Паводле жонкі палітыка Вольгі Севярынец, яго затрымалі на пад’ездзе да Курапатаў.
«Ён ехаў у грамадскім транспарце. Відаць, на апошнім прыпынку і затрымалі. Спачатку сказалі, што проста паразмаўляць, але пасля высветлілася, што забіраюць у Бараўлянскі РАУС. Тады Паша патэлефанаваў і сказаў, што адчувае нешта больш сурʼёзнае, чым проста размову. Адчакаю тры гадзіны, і буду высвятляць».
Таксама Вольга паведаміла пра затрыманне актывіста Дзмітрыя Казакевіча.
«Яго пакуль трымаюць у міліцэйскім аўце, бо ён бачыў паперку з нумарам ягонага аўтамабіля і прыпіскай «затрымаць», але што з ім далей рабіць, не ведаюць».
Далейшы лёс абароны Курапатаў і пратэсту супраць «Поедем, поедим» маюць вызначыць 9 верасня. Менавітаў у гэты дзень Павел Севярынец заклікаў неабыякавых прыйсці на мірны сход ва ўрочышча.
Абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо тры месяцы актывісты стаяць ля брамы рэстарану «Поедем, поедим» і патрабуюць яго ліквідаваць, бо літаральна ў 50 метрах ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў.
Суды неаднаразова каралі абаронцаў Курапатаў штрафамі і арыштамі – усяго было заведзена больш 140 адміністратыўных справаў. На актывістаў некалькі разоў наязджалі аўты нібыта наведнікаў рэстарану, узнікалі бойкі з ахоўнікамі. Ніводнага з атакуючых актывістаў не пакаралі.
ДР belsat.eu