Палітвязень Віталь Шкляраў адпушчаны з СІЗА пад хатні арышт


Палітвязень Віталь Шкляраў адпушчаны з СІЗА пад асабістае паручальніцтва Юрыя Васкрасенскага. Пра гэта «Новой газете» паведаміў сам Васкрасенскі, інфармацыю пацвердзіў і адвакат Шклярава Антон Гашынскі. Віталю Шкляраву змянілі меру стрымання на хатні арышт.

Гэта ўжо шосты палітвязень, якому змянілі меру cтрымання пасля візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ.

Віталь Шкляраў. Фота – politring.com

Віталю Шкляраву змянілі меру стрымання на хатні арышт. «Я яшчэ не бачыў пастановы на змену меры стрымання. Але ў Следчы камітэце мне пацвердзілі, што на сённяшні дзень яму мера стрымання змененая на хатні арышт», – паведаміў belsat.eu адвакат палітвязня Антон Гашынскі.

Пакуль невядома, дзе мусіць знаходзіцца пад хатнім арыштам Віталь Шклярава – у Менску ці ў бацькоў у Гомлі.

Адвакат яшчэ не бачыў Віталя пасля таго, як было прынята рашэнне аб змене меры стрымання. Але сёння ў СК прызначаны следчыя дзеянні з удзелам Шклярава.

Аляксандр Лукашэнка ў СІЗА КДБ.
Фота: «Пул первого»

Паліттэхнолага Віталя Шклярава затрымалі ў Гомлі 29 ліпеня і вінавацілі паводле ч.1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Шкляраву прыпісвалі супрацу з Ціханоўскім, аднак і Ціханоўскі, і сам Шкляраў гэтую інфармацыю зняпраўджвалі.

Віталь Шкляраў нарадзіўся ў Гомлі. Вучыўся ў Нямеччыне, працаваў у выбарчых кампаніях Ангелы Мэркель, Барака Абамы, Бэрні Сандэрса. Жонка паліттэхнолага – грамадзянка ЗША, якая працуе ў амерыканскай амбасадзе ў Кіеве. Таму ў Шклярава ёсць дыппашпарт.

  • 10 кастрычніка ў СІЗА Камітэту дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з арыштаванымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады апазіцыі і аб’яднанага штаба апазіцыі. Сустрэча працягвалася амаль пяць гадзін.
  • 11 кастрычніка з СІЗА КДБ пад хатні арышт адпусцілі сябра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Юрыя Васкрасенскага і дырэктара PandaDoc Дзмітрыя Рабцэвіча. Меру стрымання ім змянілі пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
  • 13 кастрычніка пад падпіску аб нявыездзе вызвалілі яшчэ двух фігурантаў справы PandaDoc – галоўнага бухгалтара Юлію Шардыко і HR Уладзіслава Міхалапа.
  • 17 кастрычніка стала вядома пра змену меры стрымання адвакату Іллі Салею, сам ён пакуль не камунікаваў з журналістамі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў