Па веды – у выходны дзень. Колькі дзяцей правялі Першамай у школах?


1 траўня ў Беларусі афіцыйны выходны – Дзень працы. Але толькі не для школьнікаў ды іхных настаўнікаў.

Згодна з Указам кіраўніка краіны № 142 ад 24 красавіка «з мэтаю рацыянальнага выкарыстання працоўнага часу, забеспячэння выканання рэжыму працы і адпачынку ды своечасовага навучальнага года» дзяржаўнае свята для школаў зрабілася працоўным і навучальным днём.

Карэспандэнты belsat.eu патэлефанавалі ў розныя школы Беларусі, каб даведацца, ці прыйшлі навучэнцы на сённяшнія заняткі.

У сярэдняй школе № 2 Стоўбцаў заявілі, што дзеці ў школы прыходзяць, наведвальнасць нічым не адрозніваецца ад той, якая ў іншыя дні.

«Нават, здаецца, у плюсе», – падкрэсліў суразмоўца.

У віцебскай школе № 29 паведамілі, што «дзеці працуюць у звычайным рэжыме», адзінае што скарочаныя ўрокі. Агулам жа колькасць дзяцей ва ўстанове «не вельмі вялікая».

Hавiны
Ганна Севярынец: «Праблема з дыстанцыйным навучаннем – палітычная»
2020.05.01 09:00

У сярэдняй школе № 4 гораду Менску «Белсату» не назвалі колькасць дзяцей, якія 1 траўня прыйшлі сюды на заняткі. Параілі звярнуцца ў аддзел адукацыі.

У сталічнай школе № 9, якая месціцца ў мікрараёне Брылевічы, нам паведамілі, што ў школу сёння прыйшла «дастатковая колькасць [дзяцей. – Рэд. Belsat.eu], якія ходзяць увесь гэты тыдзень».

«Не менш і не больш – аднолькава», – заявіла суразмоўца з папраўкаю, што «калі і ёсць якая розніца, то ў чалавек 10, што неістотна з улікам памераў школы».

У гарадзенскай школе № 16 паведамілі, што тут «дастаткова вялікая колькасць наведванняў дзяцей»:

«Больш за 50 % дзяцей ходзяць у школу. Сёння таксама дастаткова шмат прыйшло. Трошкі менш, чым у папярэднія дні. Але ў нас школа малая, таму для нашай школы дастатковы вялікі адсотак сёння», – паведамілі там.

Hавiны
Канікулы не падоўжылі, але мы сабралі парады, чым заняць дзіця
2020.03.17 17:20

Ва ўмовах пашырэння эпідэміі каронавіруса ў Беларусі вясновыя школьныя вакацыі сёлета былі працягвалі на два дадатковыя тыдні. Многія дзеці дагэтуль не вярнуліся за парты, застаючыся на хатняй ізаляцыі. Вучні шэрагу прыватных школ навучаюцца дыстанцыйна. Дзяржаўныя школы не пераходзілі на дыстанцыйнае навучанне, хоць у асобных школах ці класах такія спробы былі – праз самаарганізацыю з бацькамі, без удзелу Міністэрства адукацыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў