Ганна Севярынец: «Праблема з дыстанцыйным навучаннем – палітычная»


Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Ганна Севярынец, якая на мінулым тыдні даслала адкрыты ліст Міністэрству адукацыі з просьбай атэставаць вучняў, што засталіся дома падчас пандэміі, у інтэрв’ю belsat.eu распавяла, як наладзіла навучальны працэс на адлегласці і патлумачыла, чаму Мінадукацыі робіць шмат супярэчлівых крокаў.

«Сотні калег вядуць заняткі дыстанцыйна»

– Паводле афіцыйнай інфармацыі, ад 1 траўня дзеці павінны ісці ў школы. Тых, каго бацькі не адпусцяць, не атэстуюць па выніках чвэрці. Дыстанцыйная форма нідзе не замацаваная, аднак вы напісалі ў сваім Facebook, што будзеце працягваць займацца онлайн з дзецьмі, якія застануцца дома. Як жа працаваць у такіх умовах?

– Літаральна а 12-й гадзіне сёння [30 красавіка. – Belsat.eu] дырэктар паведаміў нам, што прыйшло новае распараджэнне зверху – «энкі» пакуль не ставіць [не пазначаць адсутных. – Belsat.eu]. Мы ўжо не ведаем, што думаць, бо гэта ці не трэцяя серыя: калі мы выходзілі з канікул, казалі не ставіць «энкі», потым – ставіць, потым зноў не ставіць. Паступаюць абсалютна супярэчлівыя распараджэнні.

Я дык як не ставіла «энкі», так і не стаўлю, бо па-ранейшаму спадзяюся, што на нейкім узроўні – ці то мясцовым, ці то раённым – прымуць правільнае рашэнне. Некаторыя мае калегі паставілі, бо такім было папярэдняе распараджэнне. Мы злуемся, канешне, бо і так няпроста – а тут яшчэ гэтая мітусня.

Агульная карціна афіцыйна выглядае гэтак, што мы павінны весці ўрокі толькі ў школе, а тыя дзеці, што сядзяць дома, нас нібыта не цікавяць. Але вялікая колькасць настаўнікаў (прынамсі, у нашай гімназіі адсоткаў 70), вядуць і дыстанцыйную працу. Я ведаю больш за сотню такіх калег, асабліва сярод настаўнікаў малодшых класаў, дзе дзеці вучацца пісаць. Яны распрацавалі матэрыялы, каб дзеці маглі самі выпісаць літары. Бо бацькі яшчэ могуць дапамагчы пяцікласнікам, а як яны правільна «паставяць» почырк малодшым?

Ганна Севярынец. Фота са старонкі ў Facebook

– А як выглядае дыстанцыйная праца са старэйшымі? Яны слухаюць урок онлайн?

– Справа ў тым, што я не хачу саджаць дзяцей за камп’ютары. Я не хачу весці ўрокі ў такім рэжыме, каб яны сядзелі гадзінамі за экранам. Па-першае, нельга паводле санітарных нормаў і паводле простага здаровага сэнсу. Па-другое, персанальныя гаджэты ёсць далёка не ва ўсіх сем’ях.

Варта разумець, што дыстанцыйнае навучанне не тоесна онлайн-навучанню. Мы павінны прыдумляць іншыя варыянты, каб дзеці селі самастойна са сшыткам, з падручнікам, са слоўнікамі, з энцыклапедыямі – як гэта было ў нашым дзяцінстве. А гаджэты выкарыстоўвалі толькі для перадачы інфармацыі і для зваротнай сувязі. Для мяне гэта асноўныя прынцыпы цяперашняга форс-мажорнага дыстанцыйнага навучання.

Наш онлайн-цыкл выглядае наступным чынам: у панядзелак я дасылаю кожнай класе заданне, пабудаванае ў праектнай стылістыцы. То бок, яны павінны вывучыць матэрыял і па выніках зрабіць нейкую абагульняючую працу. У маім выпадку яны пішуць эсэ або лінгвістычную казку, або здымаюць відэаролік на тэлефон і дасылаюць мне. Увесь тыдзень я занятая ў школе па звычайным графіку, а на выходных правяраю тое, што мне дзеці даслалі. Пішу ім аналіз памылак, даю парады і спасылкі на відэаурокі.

– Атрымліваецца, вы бераце на сябе дадатковую нагрузку па-за планам, якая не аплочваецца?

– Я лічу, што мы цяпер не павінны думаць, што аплочваецца, а што не. Бо калі пачнем гэтак думаць, то мы наагул не павінны тады на працу хадзіць.

Мне нават у «мірныя часы» паводле тарыфікацыі аплочваецца праверка сшыткаў у памеры 2 гадзін. Але я ж правяраю іх значна даўжэй! Ведаеце, пры ўсім гэтым я не скажу, што празмерна занятая. Знаходжу час, каб жыць, дыхаць і яшчэ на лецішча ездзіць.

– У абранай вамі дыстанцыйнай форме заняткаў вялікая адказнасць кладзецца на саміх школьнікаў. Вам удаецца арганізаваць іх або яны губляюцца і нічога не робяць?

– Канешне, я на сённяшні дзень не маю стоадсоткавага ўдзелу дзяцей. Напрыклад, у шостым класе ў мяне двое не на сувязі. Напэўна, і бацькі не сочаць, і дзеці самі не хочуць займацца.

А вось у старэйшых класах у мяне сувязь ёсць з усімі дзецьмі. Мы з імі стварылі закрыты адукацыйны канал на YouTube, куды загружаем ролікі, разборы заданняў для ЦТ. Дзеці ўсё робяць самі, і з такім імпэтам, з такім творчым запалам! І ў выглядзе кіно, і ў выглядзе камп’ютарных гульняў, адна дзяўчынка нават малюе мульцікі. Я толькі каментую і выпраўляю памылкі. Так што са старэйшымі дзяцьмі ў нас дыстант – агонь!

Я ўжо сказала ім, што калі ў вас не будзе мінімум шэсць стобальнікаў [тых, хто набярэ максімальны бал на ЦТ па прадмеце. – Belsat.eu] – ну, такое проста немагчыма! Я спыталася ў адной вучаніцы, як табе канал, а яна кажа: «Гэта найлепшае, што са мной адбылося за 11 школьных гадоў». Лекуюся гэтымі словамі ў чорныя гадзіны.

Ганна Севярынец. Фота са старонкі Facebook

– А з бацькамі сваіх вучняў трымаеце сувязь або іхная дапамога не патрэбная?

– У працы старэйшых бацькі не ўдзельнічаюць абсалютна. Што да малечы – тут я бачу вялікую падтрымку з боку бацькоў. Бацькі ведаюць, што я забараняла ім раней правяраць хатнія заданні. Я метадычны праціўнік таго, каб бацькі рабілі за дзяцей хатнія заданні альбо выпраўлялі памылкі. Але цяпер я бачу, што недзе мама праверыла, недзе тата сфармуляваў нешта ў эсэ… І я падумала, што цяпер такі час, калі дзеці павінны адчуваць падтрымку бацькоў. Няхай яны атрымаюць адзнаку вышэйшую на бал, але яны ў сям’і выбудуюць вельмі канструктыўныя адносіны.

Hавiны
Мінадукацыі адрэагавала на адкрыты ліст настаўнікаў. Гэта, хутчэй, «не»
2020.04.25 18:32

«Сілы святла павінны перамагчы»

– Пад вашым адкрытым зваротам да Мінадукацыі падпісаліся некалькі дзясяткаў настаўнікаў. А ці сутыкаліся вы з праціўнікамі дыстанту сярод калегаў?

– Ведаеце, шмат настаўнікаў разгубленыя, некаторыя не ўмеюць карыстацца электроннымі сродкамі сувязі і інструментамі, дагэтуль блытаюцца ў мэсенджарах. Не ўсе маюць час прыдумляць заданні, іншыя не маюць імпэту, бо ўжо трыста разоў перагарэлі на гэтай працы… А ёсць і тыя, хто не хацеў бы звышнагрузкі, працы па выходных і мітусні з праверкай заданняў па фотаздымках – маўляў, хай прыйдуць у верасні і мы ўсё дагонім.

– Дарэчы, якія інструменты вы выкарыстоўваеце на дыстанце?

– У мяне ўсё вельмі проста: суполкі з дзецьмі Вконтакте, бо там мне было прасцей іх сабраць. Закрыты канал на YouTube і дакументы на Google-дыску – там я выкладаю заданні для адпрацоўкі навыкаў. З малечай у нас сувязь праз «Вайбер і праз электронную пошту, куды дасылаюць фота напісаных ад рукі матэрыялаў. Аніякіх мне набіранняў на «вордзе», толькі рукой! Гэта карысна для мазгоў ва ўсе часы, не толькі ў пандэмічныя.

– Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што хатняе навучанне кепска адбіваецца на засваенні матэрыялу і на паводзінах дзяцей. Вы як прафесіянал з гэтым можаце пагадзіцца? Бачыце розніцу ў паспяховасці?

– Я магу сказаць толькі, што хатняе навучанне – элітнае. Безумоўна, дыстант сёння не можа замяніць масавую школу. Паспяховасць будзе толькі тады, калі матываваныя і настаўнік, і вучні, і бацькі. А пытанне матывацыі – самае складанае ў адукацыйным працэсе. З тымі, хто не хоча навучацца, давялося б працаваць проста на мяжы сіл. Рабіць гэта 11 гадоў запар – нонсэнс. Дыстант – гэта, безумоўна, для масавай школы часовы форс-мажорны варыянт. І я мару, каб ён хутчэй скончыўся.

Hавiны
Канікулы не падоўжылі, але мы сабралі парады, чым заняць дзіця
2020.03.17 17:20

– На пачатку нашай размовы вы адзначылі, што цяпер ад Міністэрства адукацыі паступае шмат супярэчлівых сігналаў: то адмяняюць загады, то вяртаюць. Як вам падаецца, пра што сведчыць такая хісткая пазіцыя ведамства?

– Гэта нават не адміністрацыйны крызіс. У нашым міністэрстве вельмі добра пабудаваная вертыкаль улады і яна сапраўды працавала. Як там ужо працавала і дзеля якіх мэтаў – іншая справа. А праблема цяпер менавіта палітычная, бо міністэрства не можа быць цалкам самастойным у сваіх рашэннях. Там дастатковая колькасць прафесіяналаў і людзей, у якіх таксама вучацца дзеці, і я думаю, што цяпер там адбываецца нейкая ўнутраная барацьба паміж групамі. Паміж тымі, хто адэкватна ўспрымае сітуацыю і тымі, хто мае на мэце захоўваць палітычны курс.

Мы зусім не разумеем, што будзе на выхадзе. Калі ўчора выйшла распараджэнне «энкі» не ставіць, значыць, шукаюць нейкія кампрамісныя варыянты. Я кожную хвіліну спадзяюся, што сілы святла перамогуць. Яны павінны перамагчы.

Hавiны
«Гэта – не па-чалавечы». Настаўнікі звярнуліся з адкрытым лістом да Міністэрства адукацыі
2020.04.25 10:40

КА belsat.eu

Стужка навінаў