На сустрэчы з кандыдаткаю на прэзідэнта Святланаю Ціханоўскай у Воршы цягам выбарчай кампаніі выходзілі тысячы гараджанаў. Апошні пікет аб’яднанага штабу меўся адбыцца ў аўторак у Салігорску, але яго забаранілі ўлады. Манцёр Аршанскай дыстанцыі пуці распавёў belsat.eu, як праз удзел у мітынгах і агітацыю за Святлану Ціханоўскую кіраўніцтва цісне на яго ды ягоных калегаў, пагражаючы звальненнем.
Раман хадзіў на ўсе мітынгі абʼяднанага штабу Святланы Ціханоўскай у Воршы. Мужчына працуе ў Аршанскай дыстанцыі пуці і там ён не адзіны прыхільнік альтэрнатыўнай кандыдаткі. Паводле нашага суразмоўцы, меркаванні ў калектыве розныя. Работнікі сталага веку нікуды не лезуць, бо хочуць дапрацаваць да пенсіі. Большасць маладых спецыялістаў, наадварот, выступаюць за перамены і змену ўлады.
Праблемы на працы пачаліся пасля пікету 25 ліпеня. Побач з мітынгам, які быў узгоднены з райвыканкамам, адбывалася ўрачыстае адкрыццё новага ДК Ільнокамбінату. На імпрэзе сабралі ўсё кіраўніцтва гораду.
«Шмат чыгуначнікаў ходзяць на мітынгі Ціханоўскай. Натоўп скандаваў «Жыве Беларусь», «Стоп таракан». Хтосьці заўважыў нас у натоўпе і паскардзіўся. На наступны дзень брыгадзір і майстар сказалі, што кіраўніцтва атрымала нагонку ад выканкаму.
Маўляў, мы ганьбім чыгунку. І цяпер мы першыя ў спісе на звальненне. Маўляў, калі Ціханоўская не пераможа, пасля 10 жніўня вы ўсе тут не працуеце».
Праз удзел падначаленых у пікетах альтэрнатыўнай кандыдаткі начальнік дыстанцыі Аляксандр Абыночны забараніў насіць белыя бранзалеты, наведваць пікеты і весці агітацыю за Святлану Ціханоўскую сярод працаўнікоў чыгункі. Падобна ціснуць і на машыністаў цягнікоў, кажа Раман.
«Ім таксама пагражалі звальненнем. Гаварылі, што ў іх ціснуць нават болей, але яны не разгубіліся. На наступны пікет яны прыйшлі ў сваёй фірмовай чыгуначнай форме з пагонамі і спецыяльна сталі ў першыя шэрагі. Аднак што з імі цяпер, невядома».
Раман адзначае, што адказнасць за пагрозы нясуць не майстар і брыгадзір, а кіраўніцтва ды аддзел кадраў. Пасля вымовы мужчына з калегамі пайшлі высвятляць сітуацыю ў КДБ. Аршанец кажа, што быў здзіўлены рэакцыяй працаўнікоў ведамства.
«Мы абмалявалі сітуацыю, на што нам сказалі, што мы маем права агітаваць за любога кандыдата, маем права насіць бел-чырвона-белую сімволіку, Пагоню, белыя стужкі. Звольніць за наведанне пікетаў нас ніхто не можа.
Яны таксама дадалі, што, калі начальства не ведае законаў і Канстытуцыі, хай прыязджаюць у камітэт, ім усё патлумачаць. Інфармацыю мы перадалі начальніку аддзелу кадраў. Ён адразу збялеў. Цяпер мёртвая цішыня».
Пагрозы ў рознай форме зыходзяць не толькі ад кіраўніцтва. Днямі адзін з калегаў Рамана, прыйшоўшы на працу, пабачыў размаляваную абразамі шафку. Наш суразмоўца кажа, што пакуль не вядома, хто гэта зрабіў, але нібыта праводзяць разбіранне.
Раман збіраецца ісці на выбары 9 жніўня. Ён расказвае, што пакуль на працы галасаваць датэрмінова не агітавалі і не змушалі.
На момант публікацыі артыкулу звязацца з начальнікам Аршанскай дыстанцыі пуці Аляксандрам Абыночным не ўдалося.
Дар’я Курачкіна belsat.eu